Купалаўцы выйдуць на сцэну свайго тэатра ў апошні раз

Падчас прэзентацыі праекта рэканструкцыі Купалаўскага тэатра аўтары праекта расказалі, якім тэатр стане і колькі гэта будзе каштаваць, рэжысёр Мікалай Пінігін падзяліўся планамі трупы на час рэканструкцыі, а акторы тэатра і намеснік міністра культуры паскардзіліся адзін адному на свае малыя заробкі. У наступны панядзелак “жыхары” Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы вызваляюць жылплошчу — тэатр закрываецца на рэканструкцыю. 29 ліпеня купалаўцы апошні раз выйдуць на сцэну, а 28-мі журналістам расказалі пра тое, як будзе праходзіць рэканструкцыя, на колькі зацягнецца, колькі будзе каштаваць і які будзе мець выгляд. Як сцвярджае каардынатар праекта рэканструкцыі Георгій Вернякоўскі, падчас рэканструкцыі будуць прымяняцца самыя сучасныя тэхналогіі і ноў-хаў.

Георгій Вернякоўскі:
“У тэатры будзе прымененая не проста сістэма кандыцыянавання паветра, а сістэма размеркаванага клімат-кантролю. Упершыню ў тэатральных будынках Беларусі будзе ўжытая паўнавартасная сістэма “разумнага дома” — гэта сістэма, якая будзе камандаваць усімі кандыцыянерамі, усімі асвятляльнымі і ацяплялнымі прыборамі. Па механіцы, па зале, па магчымасці бачання сцэны збоку — паўсюль прымянялася камп’ютарнае мадэляванне”.

Апроч таго, зала будзе мець пад'ёмную падлогу. Тэатр апусцяць на 18 метраў пад зямлю і там зробяць новыя рэпетыцыйныя пляцоўкі, склады, цэхі ды іншыя памяшканні. Сцэна, асвятленне, гук — усё будзе новае і сучаснае. Што ж тычыцца знешняга аздаблення тэатра, то будзе адноўлены яго старадаўні выгляд.

Паводле словаў начальніка Ўпраўлення капітальнага будаўніцтва і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння Мінкульта Віктара Рымашэўскага, кошт рэканструкцыі складзе 200 мільярдаў рублёў. А закончыць рэстаўрацыю павінны да канца 2012 года. Да гэтага ж часу, кажа мастацкі кіраўнік тэатра Мікалай Пінігін, трупа будзе рэпетаваць у Доме афіцэраў, а выступаць — у Палацы прафсаюзаў. Планы ж на бліжэйшы час вялікія.

Мікалай Пінігін: “Я буду ставіць спектакль “Выкраданне Еўропы, альбо Тэатр Францішкі Радзівіл”. Паспрабуем беларускага гледача выцягнуць з ручнікоў, лапцей і ануч да еўрапейскіх каранёў нацыі пад назвай “старажытная Літва”. У чэрвені я паспрабую выпусціць “Ноч перад Калядамі" Гогаля”.



Яшчэ ў планах спектакль паводле п'есы Дударава, а таксама паводле аповесці Караткевіча “Ладдзя роспачы”.

Выслухаўшы планы мэтра і рэстаўратараў, карэспандэнт Еўрарадыё пацікавіўся, ці не атрымаецца так, што з-за нейкіх прычын рэканструкцыя зацягнецца, і купалаўцы вымушаныя будуць гадамі туліцца па іншых памяшканнях. І прыгадаў першаму намесніку міністра культуры Ўладзіміру Карачэўскаму пра даўні “План рэканструкцыі тэатраў Беларусі”, у адпаведнасці з якім рэканструкцыю Купалаўскага павінны былі завершыць у 2008 годзе.

Уладзімір Карачэўскі: “Зараз мы не проста гаворым пра рэканструкцыю тэатра — пад гэта ўжо ўсё гатова. Ёсць праектна-каштарысная дакументацыя, ёсць фінансаванне, генпадрадчык вызначаны. Тут нам ніхто нават не дазволіць спыняцца. Калі сказана, што з верасня пачынаецца будоўля, то зараз усіх адсюль вывозяць і сюды прыходзяць будаўнікі. Гэты тэатр у нас пад асаблівым наглядам. Не перажывайце”.



І паабяцаў, што калі было сказана пра заканчэнне рэканструкцыі ў 2012 годзе, то тады яна і завяршыцца. А дырэктар тэатра Павел Палякоў папярэдзіў, што кошты квіткаў на спектаклі ў адноўленым памяшканні будуць вышэйшыя.



Нечакана размова, якая пачыналася як прэзентацыя праекта рэканструкцыі, перакінулася на сённяшнія праблемы актораў тэатра. Святлана Зелянкоўская і Раман Падаляка заўважылі, што заробкі ў іх мізэрныя — 800 тысяч рублёў. Вялікія праблемы з жытлом. А тыя, хто надумаў будавацца, вымушаныя шукаць па 5-6 паручыцеляў для атрымання крэдыта — людзям з такімі даходамі банк не хоча даваць грошай.

Раман Падаляка: “Я не ведаю, ці будзе вырашацца пытанне па падвышэнні тарыфаў і ставак разрадаў, але я думаю, што Міністэрству культуры трэба падумаць і знайсці такое вырашэнне пытання, каб заробак узняўся мінімальна да 2 мільёнаў”.



Намеснік міністра культуры Ўладзімір Карачэўскі “супакоіў” актораў тым, што гэта праблема не толькі іх — малыя заробкі маюць і астатнія дзеячы культуры, адукацыі, медыцыны. Нават на свой прыбытак паскардзіўся!

Уладзімір Карачэўскі: “Калі вы думаеце, што ў нас, чыноўнікаў, вялікія заробкі, то вы глыбока памыляецеся. Калі я паказаў свой разліковы лісток і прапанаваў аднаму з кіраўнікоў працоўнага калектыва, нават Паўлу Іванавічу (дырэктару Купалаўскага тэатра — Еўрарадыё): “Павал Іваныч, давай на маё месца!”. Ён адказаў: “Давайце лепш будзем кожны на сваім”.

Праўда, колькі ж ён атрымлівае, чыноўнік так і не ўдакладніў. І пра жыллё для людзей культуры нічога пэўнага не сказаў — толькі прызнаў, што такая праблема існуе.

Пасля гэтага журналістаў папрасілі ісці рыхтаваць матэрыялы з сустрэчы, а тэатралы яшчэ засталіся абмяркоўваць свае пытанні і рыхтавацца да заўтрашняга, апошняга на гэты сезон і на бліжэйшыя два гады спектакля ў гэтым будынку .

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі