Крэмль заяўляе пра прамое і ўскоснае знешняе ўмяшанне ў беларускую сітуацыю
Крэмль заўважыў прамое і ўскоснае знешняе ўмяшанне ў справы Беларусі. Пра гэта заявіў прэс-сакратар расійскага прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў.
"Я не буду канкрэтызаваць гэтыя сілы, гэтыя краіны. Мы канстатуем, што ўскоснае і нават прамое ўмяшанне мае месца. Мы занепакоеныя ў сувязі з гэтым", — прыводзіць ТАСС ягоныя словы.
Пяскоў дадаў, што Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін часта стэлефаноўваюцца, каб абмеркаваць беларускую сітуацыю.
Магчымасць дыялогу з беларускай апазіцыяй з боку Расіі або іншых краін Пяскоў ацаніў як умяшанне ў справы Беларусі. "Мы лічым, што ў першую чаргу павінен ажыццяўляцца унутрыбеларускі дыялог, таму што калі замежныя краіны, у тым ліку і Расія, пачнуць весці дыялог з апазіцыяй, гэта і будзе ўмяшальніцтвам ва ўнутраныя справы", — заявіў ён.
Па словах прэс-сакратара Пуціна, Расія не плануе ўмешвацца ў магчымасць паўторных прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Ён нагадаў, што расійскі кіраўнік павіншаваў ужо Лукашэнку з перамогай на выбарах.
Пяскоў пацвердзіў, што Крэмль вядзе з ЕС дыялог наконт Беларусі, але бачыць у пазіцыі Бруселя "прававы гандыкап" (г.зн., фору, перавагу).
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.