Конкурс у інтэрнат вышэй за конкурс у ВНУ

Еўрарадыё даведалася, што ў інтэрнаты некаторых ВНУ патрапіць толькі кожны другі. І да апошняга моманту будзе невядома, ці заселяць яго. У выпадку, калі месца ў інтэрнаце не знойдзецца, студэнту давядзецца плаціць за жыллё як мінімум на 200 долараў больш, чым за навучанне. Еўрарадыё вырашыла пацікавіцца, якім чынам размяркоўваюцца месцы ў інтэрнатах сталічных вышэйшых навучальных устаноў.

У Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце Еўрарадыё патлумачылі, што ў першую чаргу ў інтэрнаты засяляюць студэнтаў-ільготнікаў. Па словах прарэктара універсітэта Андрэя Гараноўскага, толькі кожны другі студэнт з іншага гораду здолее пасяліцца ў інтэрнаце:

“У нас забяспечаннасць 52%. Існуе пастанова Савета міністраў, згодна з якой у першую чаргу размяркоўваюцца сацыяльна неабароненыя студэнты-льготнікі. Атрымліваецца, што там і не так шмат застаецца месцаў. Так мы пытаемся пра даведкі, а менавіта пра склад сям’і і даходы. Заўсёды ёсць людзі, якія не здольныя будуць вучыцца, калі ім не дадуць месца ў інтэрнаце”.

У Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі, у прыёмнай рэктара Еўрарадыё паведамілі, што прарэктар, які займаецца размеркаваннем студэнтаў у інтэрнаты, зараз у адпачынку.

А “прапісваць” студэнтаў будуць не раней за апошні тыдзень жніўня. Даволі дзіўнае рашэнне рэктарата. Так, студэнт, які прыедзе ў апошнія дні жніўня, даведаецца, што не заселены ў інтэрнат, і будзе вымушаны тэрмінова шукаць сабе здыманую кватэру. А кошты на жыллё тым часам усё падымаюцца.

Адзіная ўстанова, якая “прапісвае” ўсіх сваіх студэнтаў, – гэта Беларускі універсітэт культуры. Як расказаў Еўрарадыё прарэктар па адміністрацыйна-гаспадарчых справах Юры Бандарук, такая праблема не стаіць перад універсітэтам:

“Колькі студэнтаў выпусцілі ў гэтым годзе з пятага курса, столькі месцаў і даецца для першакурснікаў. У мінулым годзе, напрыклад, мы забяспечылі ўсіх іншагародніх студэнтаў”.

Дзіяна, студэнтка платнага аддзялення Беларускага дзяржаўнага эканамічнага універсітэта, расказала Еўрарадыё цікавую гісторыю. Пасля паступлення з-за недахопу месцаў у інтэрнаце яе, як платніцу, не засялілі. Але ж праз паўгода за заслугі перад універсітэтам прапісалі. Зараз жа, на пачатку другога курса, Дзіяне ізноў адмовілі ў месцы ў інтэрнаце:

“Я вучуся ў Наргасе, першакурсніца, платніца. Пры паступленні мне не далі месца ў інтэрнаце, напэўна, таму што платніца, дый месца не хапіла. На пачатку другога семестра мяне засялілі за заслугі перад універсітэтам. У гэтым годзе мяне выселілі з-за таго, што зачынілі інтэрнат, дзе я жыла, на рамонт. У іншых месца не хапіла, і ў мяне зараз ізноў праблемы з жыллём, і я шукаю сабе кватэру”.

Прарэктар Дзіянінага універсітэта расказаў Еўрарадыё, што студэнтаў-ільготнікаў усё роўна атрымліваецца менш, чым месцаў у інтэрнатах. А вольныя месцы ў інтэрнатах прытрымалі для студэнтаў-першакурснікаў:

“Яшчэ няма залічэння на першы курс. Таму не ведаем, колькі будзе студэнтаў з ільготамі. Але ж, як і ў мінулым годзе, мы не будзем здольныя засяліць усіх жадаючых. Частку студэнтаў-ільготнікаў з другога па пяты курс мы ўжо засялілі. Частку месцаў пакінулі для меркаваных першакурснікаў. Адбіраць будзем па такіх крытэрыях, як сіроцтва, інваліды, чарнобыльцы і гэтак далей. На кожным факультэце створаныя камісіі, якім выдзелены месцы. Усяго па універсітэце 3800 месцаў. Але ж усё роўна льготнікаў менш, чым месцаў”.

Атрымліваецца, што зараз Дзіяна, як і ўсе тыя студэнты, каго так ці інакш не засялілі ў інтэрнаты, вымушана шукаць жыллё за ўласныя грошы.

Як патлумачылі Еўрарадыё ў агенцтве нерухомасці “Мая сталіца”, зараз кошты на здыманыя кватэры растуць. Да таго ж, здаваць кватэры студэнтам ніхто не жадае:

“Кошты ўжо падскочылі і надалей будуць расці. Аднапакаёвая кватэра будзе каштаваць каля 200 долараў – 180 плюс камунальныя плацяжы. Двухпакаёвыя – ад 230 плюс камунальныя. Студэнтаў браць, як правіла, ніхто не жадае, таму што яны жывуць ад аднаго да чатырох чалавек разам. Бо потым не знойдзеш адказнага за аплату і за стан кватэры. Па-другое, самі студэнты ж не аплочваюць кватэру, за іх гэта робяць бацькі”.

Атрымліваецца, што калі здымаць кватэру двум студэнтам, кожны будзе павінен заплаціць мінімум 100 долараў. За год – 1200. Для параўнання: год платнай адукацыі будзе каштаваць прыкладна 1000 долараў. Рабіце высновы, спадары студэнты!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі