Кітайскія студэнты займаюць месцы беларусаў у інтэрнатах?

Сёлета ў інтэрнаты некаторых ВНУ патрапіць менш за палову іншагародніх студэнтаў. Астатнім давядзецца здымаць пакой альбо кватэру. І калі за месца ў інтэрнаце трэба аддаць усяго 20 тысяч рублёў, то “койка-месца” на здымнай кватэры каштуе да 150 долараў. Еўрарадыё вырашыла даведацца, як праходзіць засяленне студэнтаў, і што рабіць тым, каму месца не хапіла
Прарэктар па выхаваўчай рабоце Беларускага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта імя М.Танка Святлана Копцава паведаміла, што яны здольныя забяспечыць месцамі ў інтэрнаце толькі 38 адсоткаў іншагародніх студэнтаў. Гэта на 2% больш, чым летась.

Па словах прарэктара, ва ўніверсітэце вельмі шмат іншагародніх, таму месца ўсім не хапае:

“Уявіце сабе 22% - менчукі, а астатнія іншагароднія! А інтэрнатаў у нас усяго шэсць... І засяляецца ў нас толькі адсоткаў 38% ад колькасці тых, каму інтэрнат патрэбны”.

“Нашыя студэнты на вакзале не начуюць”, — кажа Святлана Копцава. Універсітэт ім дапамагае як можа – створана база звестках з адрасамі і тэлефонамі гаспадароў, згодных прытуліць студэнтаў:

“У нас працуе валанцёрскі штаб інтэрната. Мы ва ўсе газеты горада Мінска і на радыё далі аб’явы, дзе просім, каб мінчукі прапаноўвалі нам кватэры. У нас ёсць база даных, у якой каля 150 кватэр. Там жыллё рознае. Койка-месца сёння каштуе ад 75 і да 150 долараў”

Для параўнання, месца ў інтэрнаце студэнту педагагічнага універсітэта абыйдзецца ў 20 тысяч беларускіх рублёў за месяц. Жыць на здымнай кватэры атрымліваецца ў 15 разоў даражэй!

Якім жа чынам размяркоўваюцца месцы ў інтэрнатах сталічных вышэйшых навучальных устаноў?

У Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце Еўрарадыё патлумачылі, што ў першую чаргу засяляюць студэнтаў-ільготнікаў. Па словах прарэктара універсітэта Святланы Копцавай, добрыя шанцы на засяленне маюць “выдатнікі”, спартсмены і маці-адзіночкі:

“У першую чаргу засяляюцца студэнты-сіроты, інваліды, студэнты з шматдзетных сем’яў. Яны засяляюцца ўвогуле без чаргі. Далей ідуць тыя студэнты, якія добра навучаюцца, якія маюць вялікія дасягненні ў спорце і навуцы... Дзяўчаты, якія маюць статус маці-адзіночкі, сямейных студэнтаў засяляем – калі муж і жонка гэта нашыя студэнты і ў іх ёсць дзеці.

І далей пайшла наступная катэгорыя — гэта студэнты, бацькі якіх маюць нізкі матэрыяльны прыбытак. Усе, каго я назвала ў першую чаргу, яны ўжо ўсе заселеныя...”

Тым, хто не атрымаў інтэрнат, дзяржава выплачвае кампенсацыю на аплату здымнага жылля, кажа прарэктар па выхаваўчай рабоце педагагічнага універсітэта:

“Невялікі працэнт, але мы плацім ўсім студэнтам, якія жывуць на кватэрах. Гэта прыкладна каля 20 тысяч у месяц...”

Еўрарадыё падлічыла, што гэтых грошай хопіць, каб на “койка-месцы” ў Мінску пражыць два дні.

Прарэктар па выхаваўчай рабоце Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага універсітэта Андрэй Гараноўскі кажа, што толькі 48 адсоткаў іншагародніх студэнтаў будуць заселеныя ў інтэрнаты. У першую чаргу гэта ільготнікі, студэнты з малазабяспечаных сем’яў і “выдатнікі”:

“Перш за ўсё, пасля засялення ўсіх ільготнікаў ўлічваецца прыбытак. І мы намагаемся людзей з мінімальным даходам засяліць перш за ўсё. Зразумела ўлічваецца і паспяховасць. Калі чалавек двоешнік, калі ён прагульшчык, то, вядома, інтэрната яму не будзе. І наадварот, калі чалавек актыўна ўдзельнічае ў грамадскай дзейнасці, калі ён стараста групы... гэта таксама ўлічваецца”.

Трошкі лепшая сітуацыя ў галоўным універсітэце краіны. Сёлета ў БДУ месцы ў інтэрнатах атрымаюць каля 55% тых, хто не мае жылля ў сталіцы. Амаль кожнаму другому навучэнцу ўніверсітэта давядзецца шукаць жыллё самастойна.

У рэгіёнах з інтэрнатамі сітуацыя менш напружаная. Так, у Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя Машэрава жыллём забяспечаць ажно 85% студэнтаў. І гэта яшчэ не лепшая сітуацыя — раней засялялі ўсіх, кажа прарэктар па выхаваўчай рабоце Ірына Бондал:

“Летась мы на працягу года засялілі ўсіх, і нават платнікаў 1-курснікаў. Сёлета сітуацыя горш. У нас забяспечанасць інтэрнатамі 85%. Раней, да 2006 года, яна была 100%. А сёлета нават не ўсіх бюджэтнікаў-першакурснікаў змаглі засяліць...

Прычына ў тым, што з жылога фонда выйшаў адзін інтэрнат, на 200 чалавек. А другі момант — гэта тое, што ў нас ёсць студэнты-замежнікі, з Кітая. І яны ўвесь час прыбываюць...”


Еўрарадыё падлічыла, што калі месца ў інтэрнаце усё ж не знойдзецца, студэнту давядзецца плаціць за жыллё столькі ж, як і за навучанне. Каб зняць “койка-месца”, студэнту трэба будзе заплаціць каля 100 долараў. За год – 1200.


Фота — photosight.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі