Кіраўнік МУС — пра выбары, скарачэнне міліцыянераў і будучую амністыю

Падчас гутаркі з журналістамі ў Палаце прадстаўнікоў кіраўнік МУС Ігар Шуневіч даў адказы на праблемныя пытанні, якія выклікалі грамадскі рэзананс.

Пра фатаграфаванне адміністрацыйных будынкаў

Ігар Шуневіч патлумачыў, што забароны на фатаграфаванне адміністрацыйных будынкаў у Беларусі няма. Але супрацоўнікі сілавых структур могуць затрымаць тых, хто выклікае падазрэнне. Прадыктавана гэта, паводле словаў кіраўніка МУС, і тэрарыстычнай пагрозай. 

“Таксама мы зафіксавалі некалькі выпадкаў, калі сапраўды хуліганскія здымкі размяшчаліся ў інтэрнэце і выкарыстоўваліся для таго, каб дыскрэдытаваць уладу і выклікаць негатыўныя эмоцыі ў вялікай колькасці грамадзян”, — кажа Шуневіч. 

Міністр паведаміў, што сапраўды існуе дакумент для ўнутранага карыстання: "тэлеграма намесніка міністра сваім падначаленым для ўзмацнення іх пільнасці".

"Калі супрацоўнік, які будзе вас затрымліваць, будзе мець абгрунтаваныя доказы таго, што вашы паводзіны выклікаюць у яго падазрэнні і існуе нейкая пагроза, ён абавязаны праверыць вас і высветліць, што і для чаго вы фатаграфуеце".

Па словах Шуневіча, у дакуменце ўказваюцца пэўныя стратэгічныя аб'екты — будынкі органаў МУС, КДБ, судоў і іншых праваахоўных органаў, якія могуць быць цікавыя як магчымыя аб'екты правакацыйных дзеянняў.

Чаму ў Беларусі адкрываюцца папулярныя сайты па продажы наркотыкаў?

Многія такія інтэрнэт-рэсурсы ў нашай краіне блакавалі, але самы папулярны наркафорум па-ранейшаму свабодна адкрываецца.

Падчас сустрэчы з журналістамі міністр адзначыў:

“Такіх сайтаў, пагадзіцеся, стала менш. Як толькі мы іх выяўляем, адразу ж блакуем. Іншы момант — нашы тэхнічныя магчымасці. Інтэрнэт — складаная рэч”.

Пры гэтым Шуневіч падкрэсліў, што, на яго думку, у Беларусі збудавана добрая сістэма барацьбы з распаўсюджваннем наркотыкаў.

“Людзі перасталі паміраць і рэзаць адзін аднаго. Мы лічым, што гэта першая адваяваная пазіцыя”.

Наркарэсурс, пра які вядзецца гаворка, самы папулярны ў СНД. Па Беларусі там штодня выстаўляюцца дзясяткі аб’яваў па продажы наркотыкаў. Нашы спажыўцы такім чынам выходзяць на дылераў, знаходзяць кантакты дылераў, набываюць смяротны тавар пры дапамозе так званых тэхналогій закладак.

Пра магчымы недахоп міліцыянераў на ахову выбарчых участкаў

"Прагназую, што мы, безумоўна, выбары правядзём спакойна, ніякіх ускладненняў, па нашым меркаванні, не павінна адбыцца. Але ў той жа час мы гатовыя да любога развіцця падзей", — даў справаздачу Ігар Шуневіч.

Праўда, адзначыў міністр, МУС скараціў нядаўна свае шэрагі, таму падчас выбараў могуць быць цяжкасці ў арганізацыі кругласутачнай аховы выбарчых участкаў цягам некалькіх дзён.

Пра пакаранне некалькіх афіцэраў за трагедыю на вуліцы Гая

Нагадаем, што летась 8 лістапада ў Мінску Эдуард Ш. парэзаў нажом жонку і малых сына і дачку. А потым выйшаў у майцы і трусах на двор, сеў у “Аўдзі” бізнэс-класа і на шалёнай для горада хуткасці пратараніў старэнькую “Аўдзі-100”, у якой загінулі пара сярэдняга ўзросту і сабака.

За пару дзён да гэтай бяды Эдуард Ш. заявіўся з нажом у дзіцячы садок, дзе знаходзілася яго дзіця. Тады выхавацелі выклікалі міліцыю. Але людзі ў пагонах, прыехаўшы па месцы жыхарства Эдуарда Ш., не змаглі трапіць у дом і з’ехалі.

“Яны пакараны за непрафесіяналізм. Яны павінны былі знайсці гэтага чалавека”, — сказаў міністр.

Па словах, Шуневіча пакараны “тры ці чатыры афіцэры”. Следства па факце здарэння на вуліцы Гая пакуль не скончана. Не вядома дакладна і тое, ці ў здаровым псіхічным стане знаходзіўся Эдуард Ш.

Пра вызваленне з калоніі “гламурнага палкоўніка”

Міністр паведаміў і пра тое, што з месцаў пазбаўлення волі выйшаў былы намеснік міністра ўнутраных спраў Яўген Полудзень. У СМІ гэтага чалавека часам называлі “гламурным палкоўнікам” за знешнюю акуратнасць.

Нагадаем, што былога намесніка міністра затрымалі 8 снежня 2011 года па падазрэнні ў злоўжыванні ўладай. Судзіла яго Ваенная калегія Вярхоўнага суда ў закрытым рэжыме ў пачатку 2013 года. 25 сакавіка 2013-га быў агучаны прысуд. Полудня прызналі вінаватым у злоўжыванні ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі, а таксама перавышэнні ўлады ці службовых паўнамоцтваў асобай, якая займае адказнае становішча. Ён атрымаў 3,5 года зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.

Пра чарговую амністыю, пад якую могуць трапіць асуджаныя за наркаабарот

Падчас сустрэчы з журналістамі міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч паведаміў, што законапраект аб амністыі можа трапіць у Палату прадстаўнікоў напрыканцы красавіка.  Падставай для законапраекта, ініцыяванага МУС і Генпракуратурай, стала святкаванне 70-годдзя Перамогі.

Сярод іншых пад амністыю могуць трапіць нават асуджаныя за наркааабарот. Ігар Шуневіч патлумачыў, што на ўвазе маюцца не дылеры, а спажыўцы, якіх у свой час затрымалі з наркотыкамі.

Пра абмежаванне часу спатканняў асуджаных са сваякамі

МУС прапануе скараціць працягласць кароткачасовых спатканняў з трох да дзвюх гадзін. Па словах міністра, такая норма прапаноўваецца выключна ў выхаваўчых мэтах, каб мець магчымасць уплываць на паводзіны асуджаных у месцах пазбаўлення волі і папраўчых установах.

"Сённяшні стан рэжыму і нормы, якія яго рэгулююць, такія, што ў нейкай ступені выхаваўчыя функцыі нівелююцца. Я не думаю, што кароткачасовае спатканне цягам дзвюх гадзін неяк істотна паўплывае на абмежаванне правоў і свабод тых, хто знаходзіцца пад вартай", — адзначыў міністр.

Для этнічных беларусаў спросцяць парадак атрымання грамадзянства Беларусі

Міністэрства ўнутраных спраў прапануе пашырыць пералік асобаў, якія могуць атрымаць беларускае грамадзянства ў спрошчаным парадку. Туды ж трапяць і этнічныя беларусы, якія нарадзіліся за мяжой пасля развалу Савецкага саюза. Пра гэта на пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў заявіў кіраўнік МУС Ігар Шуневіч, прадстаўляючы змены ў Закон аб грамадзянстве.

 “На сёння вялікая колькасць грамадзян, этнічна і гістарычна звязаных з Беларуссю, не могуць скарыстацца правам на атрыманне грамадзянства ў спрошчаным парадку толькі з-за таго, што ў мінулым яны былі грамадзянамі СССР. Тым больш, што гаворка ідзе пра маладое, працаздольнае пакаленне, якое хоча памнажаць дабрабыт Беларусі. Законапраект прадугледжвае магчымасць атрымання беларускага грамадзянства ў рэгістрацыйным парадку асобам, народжаным пасля распаду СССР”.

Па словах Шуневіча, на сёння МУС часцей прымае дакументы на атрыманне беларускага грамадзянства, чым на адмову ад яго. Лічбы могуць вар'іравацца: у адзін квартал падаць дакументы на атрыманне можа больш за 100 чалавек, у другі — каля 100. Адмаўляюцца ад грамадзянства Беларусі ўдвая радзей.

Фота: БелТА

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі