Капскі: Не хацелася, каб нам выпала “Вісла” ці “Вікторыя”

110805 Zybluk 6turm.mp3

Сапернікам БАТЭ ў плэй-оф Лігі чэмпіёнаў будзе аўстрыйскі "Штурм". Лёсаванне прайшло сёння ў швейцарскім Ньёне. Сапернік барысаўчан быў абраны з ліку пяці клубаў — польскай "Віслы", чэшскай "Вікторыі", бельгійскага "Генка", аўстрыйскага "Штурма" і шведскага "Мальме". Першы матч БАТЭ згуляе на мінскім стадыёне "Дынама" 16 жніўня. Гульня ў адказ – праз тыдзень на грацкай UPC-Arena.

“Лёсаванне можна называць удалым або не пасля таго, як згуляеш з тым сапернікам, які табе выпаў, – пракаментаваў Еўрарадыё вынікі лёсавання старшыня праўлення барысаўскага клуба Анатоль Капскі. – Мы чакалі лёсавання дастаткова спакойна, нават спакойней, чым у другім адборачным раўндзе. Бо на той ранняй стадыі, там былі моцныя сапернікі з Чэхіі, з Бельгіі... Сёння, калі ты ўжо выйшаў у плэй-оф, то, скажам так, сапернікаў па азначэнні слабых не будзе. Тут кагосьці выбіраць сэнсу няма. Можа толькі не хацелася б, каб гэта былі сапернікі з былога сацыялістычнага лагера, бо ёсць свае адносіны, свае нейкія і добрыя, і дрэнныя ўспаміны, таму гэтага не хацелася б”.

Клубны рэйтынг БАТЭ (23.216) амаль у 3 разы вышэйшы, чым у “Штурма” (8.640). Але Капскі не лічыць, што з аўстрыйскай камандай БАТЭ проста пашанцавала.

Капскі: “У апошніх раўндах мы атрымлівалі тое лёсаванне, якое заслужылі самі за апошнія гады. Мы ўвогуле былі другой сеянай камандай у Еўропе па шляху чэмпіёнаў. Гэта тое, што мы зарабілі самі, нам ніхто гэты рэйтынг не даваў”.

Да першай гульні са “Штурмам” барысаўскі клуб абяцае даведацца пра саперніка ўсё. Капскі кажа, што ў гэтым плане вельмі добра працуе трэнерскі штаб, “у БАТЭ сур’ёзная аналітыка, ёсць пэўныя сувязі, каб атрымаць вычарпальную інфармацыю пра любога саперніка”. А вось узмацніць свой склад барысаўчане ўжо не змогуць, бо гэта не дазваляе рэгламент беларускага чэмпіянату.

Капскі: “Умацаванне было магчымым толькі да 28 ліпеня. Мы ведалі, што ўжо не будзе магчымасці ўзмацняцца ў гэтых раўндах, таму мы як заўжды загадзя падабралі такі склад, з якім будзем гуляць у еўракубках. У нас добрыя футбалісты, у нас ёсць, каму гуляць”.

 

Галоўны трэнер аўстрыйскага "Штурма" Франк Фода лічыць, што шанцы на перамогу ў абедзвюх каманд роўныя. Дарэчы, настаўнік аўстрыйцаў спадзяваўся, што ім у сапернікі патрапяць "Капенгаген" ці БАТЭ. Цяпер ён хоча як мага хутчэй атрымаць інфармацыю пра беларускую каманду. Пакуль галоўны трэнер "Штурма" ведае пра БАТЭ толькі тое, што ў 2008 годзе барысаўчане выступалі ў групавым раўндзе Лігі чэмпіёнаў.

"Адна з нашых пераваг – гэта тое, што другую гульню мы праводзім на сваёй арэне і там усё можа вырашыцца. Менш прыемна, вядома, што нам давядзецца перанесці працяглы пералёт у Беларусь", – прыводзіць словы Фода афіцыйны сайт Штурма.

Фота: Goals.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі