Калінкіна: Справы і лёс "Народнай волі" ў падвешаным стане

Еўрарадыё пагутарыла з намесніцай галоўнага рэдактара газеты "Народная Воля" Святланай Калінкінай. 
Нагадаем, Беларускае тэлебачанне палічыла, што артыкул Святланы "Говорит и показывает Геббельс-ТВ", апублікаваны ў "Народнай волі", нанёс шкоду ягонай рэпутацыі.

 Калінкіна: "Гаспадарчы суд падтрымаў БТ. Я ж упэўнена, што не крытычныя артыкулы, а фільмы БТ наносяць шкоду рэпутацыі тэлебачання".

 
Еўрарадыё: Гэтае рашэнне Вышэйшага гаспадарчага суда, чым яно небяспечна для «Народнай волі» і для вас асабіста?

 
Калінкіна: "Яно небяспечнае і для "Народнай волі" і ўвогуле для ўсіх, бо, па сутнасці, у судзе аспрэчвалася мая асабістая думка, маё меркаванне. Артыкул выйшаў, як аўтарская калонка, як аўтарскае меркаванне. Па Канстытуцыі Беларусі нам усім гарантаваная свабода меркавання і нават асобна агаворана, што ніхто ніякім чынам не можа быць прымушаны да адмены сваіх перакананняў. У гэтым выпадку мы маем сітуацыю, калі чалавека, у гэтым выпадку мяне, спрабуюць прымусіць да іншай думкі, спрабуюць абвергнуць. Гэта вельмі небяспечна. У Беларусі простыя людзі, фірмы, газеты  не могуць звяртацца ў Канстытуцыйны суд, таму тут прававы тупік. А для газеты "Народная воля" гэта небяспечна тым, што будзе яшчэ адна фармальная падстава сказаць, што мы зашмат парушаем заканадаўства і таму газета павінна быць закрыта і спыніць свой выхад, такой пазіцый прытрымліваецца Міністэрства інфармацыі".

 
Еўрарадыё: Як газета пачувае сябе ў такім, фактычна, "падвешаным" стане і як, на вашую думку, будуць развівацца далей падзеі?

 
Калінкіна: "Справы і лес "Народнай волі" сапраўды ў падвешаным стане. Але яшчэ не прыступаў Гаспадарчы суд да разгляду пазову Мінінфармацыі аб спыненні выхаду газеты, бо там выйшла юрыдычная накладка. Міністэрства вельмі спяшалася, і ў нас не скончыліся справы, а яно ўжо стала патрабаваць закрыцця газеты. Мы яшчэ будзем біцца. У нас яшчэ будуць суды аб абскарджванні папярэджання нашай газеце. Зразумела, што ў нашай краіне ніхто не можа быць упэўнены ў сваім далейшым лёсе, асабліва калі займаецца такой вострай палітычнай тэматыкай, вострай сацыяльнай тэматыкай".

Фота: bymedia.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі