Калеснікаву бачыла на адлегласці, стасункі з ёй забароненыя — Дар’я Чульцова

Дар’я Чульцова пасля вызвалення / novychas.online

У зняволенні Дар’я Чульцова бачыла палітзняволеную Марыю Калеснікаву, але не кантактавала з ёй. Пра гэта, а таксама пра тое, як прайшлі гэтыя два гады калоніі, яна рассказала ў інтэрв'ю “Нашай Ніве”.

“Марыю Калеснікаву бачыла толькі на адлегласці, бо стасункі з ёй забароненыя ў прынцыпе. Да яе ніхто не падыходзіць, і яна сама не падыходзіць. Усе разумеюць, што за гэта пакараюць дысцыплінарнымі спагнаннямі”, — адзначыла Дар’я. Пры гэтым у Гомельскую калонію ўвесь час завозілі новых палітычных, асуджаных за каментары, лайкі. “Яны казалі, што следчыя ізалятары перапоўненыя. Сядзіць адна “палітыка”, — згадвае журналістка.  

Шокам для яе стаў новы прысуд Кацярыне Андрэевай. Іх затрымалі разам і судзілі за стрым з акцыі, прысвечанай памяці пратэстоўца Рамана Бандарэнкі. Журналістак абвінавацілі ў "арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак" і прысудзілі па 2 гады калоніі. Пазней Андрэевай выставілі новае абвінавачванне — у “здрадзе дзяржаве”. Яе асудзілі на 8 гадоў і 3 месяцы калоніі агульнага рэжыму.

Чульцову вызвалілі 3 верасня, а 21 верасня яна з’ехала з Беларусі ў Варшаву, бо хоча і надалей займацца журналістыкай.  Гэтае рашэнне далося не проста. Але ў Беларусі, кажа, яе ўвесь час пераследваў страх.

“Баялася, калі ехала праз мяжу, што забяруць на ёй. Баялася кожны дзень, што пайду адзначацца ў міліцыю і мяне пакінуць там. Страх гэты прысутнічаў пастаянна”, — заўважае журналістка і былая палітзняволеная. Але, кажа, што абавязкова вернецца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.