Каб атрымаць 100 балаў на тэсце, трэба чытаць Быкава і слухаць NRM

Еўрарадыё паразмаўляла з выпускнікамі, якія здалі тэсты на 100 балаў і зрабілі гэта без дапамогі рэпетытараў.
Як паведамілі Еўрарадыё ў Рэспубліканскім інстытуце кантролю ведаў, на сённяшні дзень пяць абітурыентаў здалі тэст на 100 балаў.

“У гэтым годзе ў нас ёсць ужо стобальнікі. 2 абітурыенты па рускай мове – гэта мінчукі, і 3 па беларускай – гэта абітурыенты — выпускнікі Мінскай вобласці”

Нагадаем, што летась ні адзін з абітурыентаў не змог атрымаць 100 балаў. А вось у 2005 годзе такія выпадкі ўжо здараліся: тады найлепшы вынік прадэманстравалі 2 выпускнікі. У гэтым годзе іх ужо 5. Яшчэ 55 чалавек атрымалі 99 балаў. У чым сакрэт такіх добрых вынікаў? У Рэспубліканскім інстытуце кантролю ведаў лічаць, што тэсты лягчэй не сталі:

“Ну, напэўна, у гэтым годзе абітурыенты аказаліся больш моцнымі, лепш падрыхтаваліся. Вось і ўсё”.

Еўрарадыё датэлефанавалася да дзвюх абітурыентак, якія на тэстах па беларускай мове атрымалі абсалютны вынік. Сярод “зорак” апынуліся Алена Цухловіч з Крупак і Таня Варажбіцкая з Негарэлага.

Аказалася, што дзяўчынкі займаліся са школьнымі настаўнікамі і ні адна з іх не карысталася паслугамі рэпетытараў.

Дзяўчаты прызналіся, што тэсты былі не складаныя. Для Алены было пару даволі цяжкіх момантаў:

“Літаральна перад тэставаннем я са сваёй настаўніцай разбірала такія спрэчныя пытанні, якія ў розных падручніках паказваюцца па-рознаму. Мы вельмі доўга размаўлялялі на гэтую тэму. І нарэшце прыйшлі да вывадаў, як правільна гэта пісаць. Хаця я была не ўпэўнена. І мне было вельмі страшна выконваць гэтыя заданні. Таму што вельмі крыўдна, калі ведаеш, што можна пісаць і так, і так, але дакладна не ўпэўнена, як правільней”.

Дарэчы, і Таня, і Алена прымалі ўдзел у раённых алімпіядах, дзе ні ў адной, ні ў другой не атрымалася заняць першае месца. Але ж у школе атрымалі па залатым медалі.

Не абыходзілася і без грашкоў. Напрыклад, Таня Варажбіцкая, лічыць, што ведаць усё немагчыма. І калі пачула пытанне: “Ці спісвалі вы ў школе?” вельмі ажывілася:

“Так, канешне, спісвала! Я думаю, што любы чалавек не можа ведаць усё. Было і такое. Для мяне гэта, напрыклад, фізіка”.

Еўрарадыё стала вельмі цікава, чаму дзяўчынкі выбралі менавіта беларускую мову. Ці свядомы гэта выбар? Аказалася, што – так. Распавядае Алена Цухловіч:

“Я проста вельмі люблю беларускую мову. Менваіта таму я яе і выбрала. І ў асноўным чытаю класічную літаратуру. Мне вельмі падабаюцца творы Шамякіна і Мележа”.

А вось Таццяну пытанне пра ўлюбёнага беларускага пісьменніка крыху збянтэжыла:

“Ну, не ведаю... Можа быць, Васіль Быкаў. Мне падабаюцца ягоныя творы пра вайну. Напрыклад “Аблава”.

Таніна сястра таксама два гады таму здавала тэсты. І даволі няблага. Напрыклад, тую ж беларускую мову яна напісала на 94 балы. Дый астатнія тэсты ў яе прайшлі на “ўра”, дзякуючы чаму дзяўчына паспяхова навучаецца ў Эканамічным універсітэце.

Таццяна цікавілася беларускамоўнай музыкай і нават працытавала нам кавалак тэксту НРМ, праўда назву самаго гурта ўспомніць у яе так і не атрымалася:

“Я чула шмат беларускіх песень. Шматлікія з іх мне нават вельмі падабаліся. Напрыклад, мне вельмі падабалася песня, толькі я не памятаю назву гурта і як называлася. Там былі такія словы: “Падымі мяне па над зямлёю, падымі мяне ў светлы абшар”.

Як выявілася, ні адна з дзяўчат у будучым не збіраецца звязваць свой лёс з філалогіяй. Таня будзе паступаць у БДУ на факультэт міжнародных адносінаў, а Алена марыць стаць медыкам. Вось і атрымліваецца, што стопрацэнтныя моўныя веды паказваюць хто заўгодна акрамя саміх будучых філолагаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі