Івана Шылу затрымалі за спробу трапіць на паседжанне выканкаму

Маладафронтаўца Івана Шылу затрымалі пры спробе трапіць на адкрытае паседжанне Салігорскага райвыканкаму. На паседжанні фармаваўся склад участковых выбарчых камісій. Сам Іван разам з трыма прыяцелямі вылучаўся ў склад камісій шляхам збору подпісаў. Ён уваходзіць у перадвыбарчы штаб Аляксея Валабуева, які мяркуе вылучацца кандыдатам у Салігорску.

Аднак чыноўнікі спярша не паведамлялі Івану Шылу пра час паседжання камісіі, а потым проста выдалілі яго з залы.

Шыла: Як толькі я туды паспрабаваў зайсці, асабіста старшыня райвыканкаму Аляксандр Рымашэўскі папрасіў мяне пакінуць памяшканне. І мяне затрымалі чацвёра супрацоўнікаў міліцыі па падазрэнні ў тым, што я вывесіў расцяжку сёння ў Салігорску каля выканкаму. Я не ведаю, ці яе сапраўды там хтосьці вывешваў... Хацелі ўзяць у мяне тлумачэнні. І адпусцілі акурат тады, калі паседжанне скончылася.

На думку Шылы, яго проста хацелі ізаляваць на час паседжання, дзе вырашаўся склад участковых выбарчых камісій.

Дарэчы, у Слоніме апазіцыянеры, вылучаныя ў выбарчыя камісіі, таксама не даведаліся пра тое, хто ўвайшоў у іх склад. Як паведаміў Еўрарадыё Іван Шэга, чыноўнікі заявілі, што ўсе падрабязнасці можна будзе даведацца праз тры дні ў дзяржаўнай раённай газеце "Слонімскі веснік".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі