Інструктарам аўташкол давядзецца адзін год адвучыцца ў каледжы

Чарговы крок у барацьбе за павышэнне якасці навучання маладых кіроўцаў зрабілі чыноўнікі арганізацыі “Белтэхагляд”: яны распрацавалі праект праграмы павышэння кваліфікацыі для інструктараў аўташкол. Як паведаміў Еўрарадыё намеснік дырэктара “Белтэхагляда” Міхаіл Свістун, яны нарэшце зразумелі, што менавіта гэтыя людзі — самае слабое звяно ў падрыхтоўцы кіроўцаў.

Міхаіл Свістун: “Мы мянялі праграму навучання, павялічвалі-памяншалі гадзіны. Але сёння прыйшлі да высновы, што мы ў гэтым пытанні знайшлі самы аптымальны варыянт. А самае галоўнае: зразумелі, што самае слабое звяно — гэта майстар вытворчага навучання кіравання аўтамабілем”.

Яшчэ год таму Мінтранс прыняў рашэнне, што вучыць курсантаў могуць толькі інструктары, якія маюць сярэднюю спецыяльную альбо вышэйшую адукацыю. Але правілы не закранулі аўташколы, якія ўжо мелі ліцэнзіі. Гэтыя нормы пачнуць дзейнічаць, калі школы будуць нанава атрымліваць дазвол на працу.

У той жа час чыноўнікі прызнаюць, што сёння ў аўташколах на 70 адсоткаў выкладаюць людзі, якія маюць звычайную сярэднюю, а не спецыяльную адукацыю. І таму, кажа Міхаіл Свістун, пазбаўляцца ад такіх будуць паступова. Інструктарам са сярэднеспецыяльнай ці вышэйшай адукацыяй давядзецца прайсці праграму павышэння кваліфікацыі.

Міхаіл Свістун:
“Такая праграма для асоб, якія маюць сярэднюю спецыяльную адукацыю, распрацавана. Яна ўключае каля 600 гадзін. Мяркуецца, што такая падрыхтоўка будзе арганізаваная на базе Мінскага дзяржаўнага аўтамеханічнага каледжа. У завочнай форме навучання з двума сесіямі”.

Галоўная ідэя праграмы — навучыць майстроў і інструктараў аўташкол знаходзіць да кожнага курсанта індывідуальны падыход.

Міхаіл Свістун: “Ведаеце, як вучаць: даюць білеты — і на, рашай. Рашыш, значыцца ты ўмееш. Але гэта не так. Бо павінен быць індывідуальны падыход да кожнага навучэнца. Майстар навучае канкрэтнага чалавека, і да кожнага павінен быць індывідуальны падыход”.



Інструктары аўташкол навіну пра каледж успрымаюць адмоўна. Аляксей, які ўжо 7 гадоў вучыць мінчан кіраваць машынай, называе ініцыятыву чыноўнікаў глупствам.

Аляксей:
“Гэта фількіна грамата! Якое павышэнне?! Калі інструктар адпрацаваў усё жыццё на ўсіх машынах, на аўтобусах — што яны мне павысяць там? Яны там нічога не павысяць, гэта толькі збіранне грошай. Па 400-500 тысяч курсы гэтыя. Проста збіранне грошай!”

Мінская аўташкола “Жакей”, паводле звестак ДАІ, уваходзіць у спіс школ з кепскім рэйтынгам. Летась з 584 навучэнцаў іспыты ў ДАІ з першай спробы не здалі амаль дзве траціны курсантаў. У той жа час дырэктар школы Ўладзімір Барбук кажа, што інструктарам з вышэйшай адукацыяй у аўташколах няма чаго рабіць.

Уладзімір Барбук: “Была ў мяне праблема з інструктарамі. Але гэты быў перыяд, калі цяжка было ўладкавацца на працу і я набраў людзей з вышэйшай адукацыяй. Вельмі потым пашкадаваў — усе яны былі звольненыя. Я прыйшоў да такой высновы: чалавек, які вучыўся, сябе падрыхтаваў і маральна прыстойны, не дурань — ён патрэбны на пасадзе, якую вывучыў. А калі чалавек з вышэйшай адукацыяй застаўся без працы — ён не патрэбны і ў аўташколе”.

Ці выратуе сітуацыю прапанаваная “Белтэхаглядам” праграма павышэння кваліфікацыі, дырэктар аўташколы меркаваць не бярэцца. Кажа, і так чарга інструктараў, якія хочуць уладкавацца да іх на працу, пад дзвярыма не стаіць. А яшчэ даводзіцца звальняць тых, хто замест 2 гадзін ездзіць з курсантам па горадзе паўтары, альбо тых, хто прыпісвае колькасць праведзеных заняткаў ці любіць папіць падчас заняткаў піва.



Раней у адсутнасці добрых інструктараў дырэктары аўташкол вінавацілі ўлады. Маўляў, ім не дазваляюць узняць кошты навучання. Адпаведна — у школ нізкая рэнтабельнасць і заробкі малыя. Цяпер кошты на паслугі аўташкол “вызвалілі”, і Ўладзімір Барбук адзначае, што ў яго інструктары атрымліваюць больш за 2 мільёны заробку.

Уладзімір Барбук: “Ёсць 2 мільёны 800, сярэдні заробак — 2 мільёны 200 тысяч, ніжэй не апусціцца”.

Але, заўважае, і на такія грошы чалавек з адукацыяй і без дрэнных звычак ісці не хоча. Вось толькі інструктар Аляксей патлумачыў Еўрарадыё, якім чынам зарабляюцца гэтыя 2 мільёны.

Аляксей:
“Пяць тысяч за гадзіну атрымлівае інструктар практычна ва ўсіх школах. Колькі гадзін інструктар адпрацуе? 170 за месяц. Гэта спакойны васьмігадзінны працоўны дзень. Памножце — і атрымаецца 850 тысяч “бруднымі” і 750 “чыстымі”.



Таму даводзіцца працаваць па 12 гадзін у дзень. Адпаведна — апошнім курсантам надаецца зусім не тая ўвага, якая патрэбная.

Аляксей:
“Калі 12 гадзін адпрацаваў — тады падвойны заробак ідзе, але за 12 гадзін інструктар стамляецца і не тая ўвага на пятага ці шостага курсанта”.

Да таго ж інструктары скардзяцца на выкладчыкаў тэорыі. Паводле іх словаў, курсанты, сядаючы за руль, часцяком не ведаюць правілаў дарожнага руху.

Зэканоміць на аўташколах змаглі тыя, хто не паляцеў у Турцыю

Аўташколы расчараваныя “свабодным” цэнаўтварэннем

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі