“Індэксы ўстойлівасці СМІ 2015” IREX: У Беларусі стала больш свабоды слова

“Індэксы ўстойлівасці СМІ 2015” IREX: У Беларусі стала больш свабоды слова

Амерыканская няўрадавая арганізацыя IREX, якая спрыяе развіццю дэмакратычнага грамадства па ўсім свеце, апублікавала справаздачу “Устойлівасць СМІ ў Еўропе і Еўразіі”. У ёй даецца ацэнка медыяландшафтаў і аналізуецца свабода медыя ў краінах рэгіёна.

Паводле справаздачы, Беларусь мае індэкс 1,22 і патрапіла ў групу “Няўстойлівай змешанай сістэмы”. На адным узроўні з намі знаходзяцца Азербайджан і Расія (індэкс 1,01 — 1,50), а таксама Балгарыя, Казахстан, Македонія, Сербія, Таджыкістан і Украіна (1,51-2,00).

У групу “Няўстойлівыя несвабодныя медыя”, дзе сітуацыя са свабодай СМІ горшая за нашу, трапілі толькі Туркменістан і Узбекістан. У групе з больш высокім узроўнем свабоды медыя — Арменія, Боснія і Герцагавіна, Харватыя, Косава, Кыргызстан, Малдова, Чарнагорыя, Румынія, Албанія, Грузія.

Аналітыкі прызналі паляпшэнне сітуацыі са СМІ ў нашай краіне літаральна па ўсіх катэгорыях — свабода слова, прафесіяналізм журналістаў, разнастайнасць крыніцаў навінаў, бізнес-менеджмент, установы падтрымкі.

“Індэксы ўстойлівасці СМІ 2015” IREX: У Беларусі стала больш свабоды слова

Старшыня “Беларускай асацыяцыі журналістаў” (БАЖ) Андрэй Бастунец кажа, што гэты рэйтынг, як і шмат якія іншыя, — даволі суб’ектыўны. Ён сам колькі гадоў таму ацэньваў сітуацыю са СМІ ў Беларусі для IREX.

Бастунец тлумачыць, што рэйтынг ствараецца на падставе апытання шэрагу экспертаў у кожнай краіне. Яны выстаўляюць ацэнкі па крытэрыях, па якіх і складаецца агульная карціна.

Гэты рэйтынг складаўся паводле дадзеных за 2014 год. І да яго маюцца пэўныя пытанні, адзначае старшыня БАЖ.

“Справаздача паказала невялікае, але паляпшэнне сітуацыі па розных крытэрыях. Але, з іншага боку, калі мы пабачым самі абсалютныя адзнакі, без суадносінаў з мінулымі, мы ўбачым, што сітуацыя ў краіне ўсё роўна ацэньваецца як вельмі благая”, — выказвае меркаванне Андрэй Бастунец.

Ён тлумачыць, што па кожнай з 4 катэгорый экспертам задаецца шэраг пытанняў. Некаторыя з іх тычацца заканадаўства, некаторыя — практыкі прымянення. Звычайна эксперты абмяркоўваюць адзнакі, абгрунтоўваючы свае рашэнні.

Напрыклад, па свабодзе слова Беларусь мае індэкс 0,84 (максімальны магчымы — 4), па журналісцкім прафесіяналізме — 1,40, па разнастайнасці крыніцаў навінаў — 1,42, па бізнес-мэнеджменце — 1,07, па ўстановах падтрымкі — 1,40.

“Якім будзе рэйтынг паводле дадзеных 2015 года — казаць цяжка”, — падкрэслівае старшыня БАЖ. Ён прыводзіць у прыклад 2011 год, калі сітуацыя са свабодай слова была крытычнай, а індэкс не апусціўся ніжэй за ўзровень 2010 года.

“Летась мы мелі беспрэцэдэнтны пераслед журналістаў-фрылансераў, — гаворыць Бастунец. — Толькі да жніўня было заведзена 28 справаў. Потым, падавалася б, усё сціхла, але апошнім часам завялі яшчэ 3 справы. Да таго ж, ніяк не можа вырашыцца справа з Алесіным, які ўжо год знаходзіцца пад крымінальным пераследам”.

Таксама пагоршылася заканадаўства ў дачыненні да медыя. З гэтага года ўступілі ў сілу закон аб СМІ, пагоршылася сітуацыя з распаўсюджаннем друкаванай прэсы. І гэта толькі тое, што тычыцца крытэрыя “свабода выказвання”.

Цікава, што аналітыкі, якія павысілі індэкс Беларусі, пагадзіліся ўдзельнічаць у даследаванні толькі на ўмовах ананімнасці. Бо яны баяцца прыцягнення да адказнасці “за дыскрэдытацыю Беларусі”.

Галоўнае фота: Reuters

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі