Хакейны клуб "Гомель" аштрафавалі на 2,5 млн рублёў за агрэсіўнасць фанатаў

Хакейны клуб "Гомель" аштрафаваны на 70 базавых велічынь (2,45 млн рублёў) за агрэсіўныя паводзіны гледачоў. Як паведамляе БелаПАН, 17 сакавіка адбылося паседжанне дысцыплінарнага камітэта беларускай Федэрацыі хакею. На ім разглядаліся інцыдэнты, якія адбыліся ў Гомелі 16 сакавіка ў паўфінальным матчы адкрытага чэмпіянату Беларусі ў экстралізе паміж "Гомелем" і "Шахцёрам". Падчас гэтай сустрэчы, па словах інспектара матчу Мікалая Разумовіча, гледачы кідалі на пляцоўку пабочныя прадметы (запальніцы і каробкі з-пад запалак), а кінутая пасля завяршэння гульні пластыкавая бутэлька з вадкасцю трапіла ў аднаго з арбітраў.

Акрамя накладання штрафу "Гомель" папярэджаны, што ў выпадку паўтору падобных парушэнняў хатнія гульні ён будзе праводзіць без гледачоў.

Матч "Гомель" — "Шахцёр" завяршыўся з лікам 3:2 на карысць гаспадароў. У серыі да трох перамог вядуць салігорцы — 2:1. Чацвёрты паядынак таксама пройдзе ў Гомелі 17 сакавіка.

У фінал выйшла мінскае "Юнацтва", якая выйграла ў кіеўскага "Сокала" ў трох матчах (6:1, 4:1, 1:0, у авертайме).

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі