Грунвальд па-беларуску

На полі Грунвальдскай бітвы, угодкі якой прайшлі на мінулых выходных, Еўрарадыё лёгка знайшло шмат беларусаў. Дастаткова было ісці на бел-чырвона-белыя сцягі. Усяго беларусаў было да 500 чалавек. Адразу ўдалося знайсці з тузін чалавек пад трыма сцягамі на пагорку для назіральнікаў. Былі людзі розных узростаў, да іх падыходзілі ўсё новыя беларусы, хто са сваім сцягам, хто проста так - павітацца.








У намёце, які паставілі ў якасці тэнта ад спёкі, вяліся гутаркі пра гісторыю. Дзяўчына з таго лагеру радуецца:

-    Мяне завуць Люба, прыехала на Грунвальд з сяброўкай, але тут вельмі шмат сяброў і проста людзей пад бел-чырвона-белымі сцягамі, тут вельмі цікава!








Сустрэлі мы на полі бітвы і музыкаў, беларускі гурт Cornu Copia. Яны гралі ўвесь час па ўсім Грунвальдскім полі. Адзін з музыкаў, Стась, распавёў:

-   Я прыехаў на Грунвальд, бо гэта вельмі важная гістарычная падзея для нас, і, пэўна, на нашым вяку, такую круглую дату знайсці будзе няпроста. Прыехалі з музыкамі, граем, падбадзёрваем ваяроў нашых і ня нашых. Пакутуем ад спёкі, але радуемся, ганарымся і весялімся.



З Гродна прыехаў цэлы аўтобус ад Таварыства Беларускай  мовы, а з Брэста – дэлегацыя ад Фундацыі Касцюшкі. Мікола з Гродна кажа, што ў іх дэлегацыі ёсць і рыцары, і простыя аматары гісторыі.

-    Нас з Гродна прыехала 44 асобы. Частка маладых, а частка тых, хто былі 20 гадоў таму. Арганізоўвала паездку ТБМ.




Ад дэлегацыі фундацыі Касцюшкі прыехалі рэстаўратары, працаўнікі музеяў, дырэктары музеяў, спецыялісты па гісторыка-культурнай спадчыне з Брэцкай вобласці, архітэктары.
Ала Кондак, спецыяліст па гісторыка-культурнай спадчыне Брэсцкага гарвыканкама, кажа, што яны не змаглі не паехаць. Хаця падарожжа было доўгае і цяжкае (доўга стаялі на мяжы), усё адно прыемна быць у такім важным месцы ў такую гадавіну.

-    Прыехала нас 40 чалавек, цэлы аўтобус, бо вырашылі, што 700-годдзе мы ўжо разам не сустрэнем. Вырашылі, што наша месца сёння тут.



Леанід Несцярчук
, кіраўнік брэсцкай групы, кажа, што летась у Брэсце паставілі помнік да 990-годдзя ўзгадвання гістарычнага Берасця. Менавіта там адбылася сустрэча Вітаўта і Ягайлы, а ў Грунвальдскай бітве ўзяла ўдзел Берасцейская харугва. Таму берасцейцы і прыехалі, каб пакланіцца продкам, якія тут ваявалі і загінулі “за нашу і вашу свабоду”.
 
-    Усё-ткі ў Берасці, у Белавежскай пушчы была сустрэча вялікага князя Вітаўта і караля Ягайлы, рыхтаваліся да бітвы, планавалі яе, таму для нас гэта бітва мае велізарнае значэнне ў выхаваўчым плане.



Гэта была агульная перамога беларускага, літоўскага, польскага, украінскага народа, якая накіравала Еўропу ў новае русла палітыкі, эканомікі, дзяржаўнага ладу. Нашым суразмоўцам было вельмі важна быць на гэтым месцы ў гэты дзень у такім мультыкультур’і і адчуваць сябе часткай гэтага 200-тысячнага натоўпу. Нягледзячы на коркі і спёку.

P.S. Новыя кароткія атмасферныя відэа можна знайсці на нашым канале Youtube

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі