Гітарыст хавае гітару ад размеркавання

Інструмент у музыкі могуць канфіскаваць, каб аплаціць штраф за неадпрацаваны па размеркаванні тэрмін. А 30 выпускнікоў-бухгалтараў Бабруйскага дзяржаўнага аўтатранспартнага каледжа размеркавалі ў Магілёўскі аўтапарк №1… кандуктарамі. 8 мільёнаў рублёў заплаціць дзяржаве гітарыст гурта “Парасон” Андрэй Карповіч за тое, што не адпрацаваў неабходныя 2 гады па размеркаванні. Сышоў музыкант з Мінскага моладзевага цэнтра “Золак” не па сваёй волі – яго звольнілі па артыкуле, нібыта, за сістэматычныя прагулы.

Размеркаванне для студэнтаў – пытанне балючае. І фінансава адказнае. Таму Еўрапейскае радыё вырашыла адсачыць гэтую гісторыю.

Пасля заканчэння педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка ў 2005 годзе, музыканта размеркавалі на працу ў “Золак”. Менавіта туды, дзе Андрэй на працягу года працаваў гукааператарам. Згодна з атрыманай спецыяльнасцю хлопцу далі палову стаўкі кіраўніка фальклёрнага гуртка. І пакінулі за ім абавязкі гукааператара. Год Андрэй адпрацаваў на двух пасадах, але пасля зразумеў, што гэта цяжка.

Андрэй Карповіч: “З пачатку лета я пачаў прасіць ў дырэктара, каб ад верасня мне пакінулі толькі маю адпрацоўку, а гукааператарства знялі”.

Музыкант кажа, што яму не толькі адмовілі ў гэтым, але і пачалі папракаць ды ставіць у віну няўдзячнасць за тое, што яго тут прытулілі і трымаюць. І Андрэй перастаў з’яўляцца на працы. У выніку хлопца звольнілі за прагулы, а з суда прыйшла папера, дзе паведамлялася, што з яго мусяць спагнаць 8 мільёнаў рублёў на карысць дзяржавы за навучанне. За непоўную адпрацоўку па месцы размеркавання. Андрэй паспрабаваў аднавіцца на працы ў “Золаку”, але дырэктар, Ірына Пятровіч, адмовілася браць яго наноў.

Сваю адмову дырэктар моладзевага цэнтра патлумачыла Еўрарадыё вельмі проста.

Ірына Пятровіч: “Калі чалавек звольнены па артыкуле за сістэматычныя прагулы, якое можа быць жаданне зноў браць яго? Працягнуць гэта?”

Увогуле ж, Ірына Пятровіч ўпэўнена, што хлопец сам вінаваты ва ўсіх сваіх праблемах.

Ірына Пятровіч
: “Абсалютна сам вінаваты. Вы ведаеце колькі мы яго пераўпэўнівалі? Я казала: “Андрэй, ты ламаеш сабе жыццё. Я разумею, што ты не хочаш аддаваць дзяржаве пазыку ў выглядзе адпрацоўкі, але ж людзі ў арміі служаць, працуюць. Ты ж ведаў, на што ішоў”.

Спаганяць з Андрэя Карповіча 8 мільёнаў дзяржава можа двума сродкамі: альбо вылічваць 20 адсоткаў з заробку, альбо канфіскоўваць маёмасць. Афіцыйнай працы ў музыкі пакуль няма, таму больш за ўсё ён баіцца, што ў яго канфіскуюць любімую гітару.

Праблемы з размеркаваннем на працу па спецыяльнасці былі сёлета і ў 30 выпускнікоў аддзялення бухгалтарскага ўліку Бабруйскага аўтатранспартнага каледжа. Заявак на бухгалтароў у дастатковай колькасці не паступіла і іх па дамоўленасці ўладкавалі працаваць кандуктарамі ў Магілёўскі аўтапарк. Дырэктар аўтапарка Ігар Пархімовіч кажа, што яны проста пайшлі насустрач і вырашылі дапамагчы маладым спецыялістам.

Ігар Пархімовіч: “Заяўкі не было з нашага боку. Проста была дамоўленасць, каб дзяўчат хоць некуды працаўладкаваць. Хаця б кандуктарамі”.

Дырэктар сцвярджае, што дзяўчаты ведалі на што ішлі: у накіраванні кожнай напісана – “кандуктар”. Такому папаўненню ў аўтапарку парадваліся – кандуктароў на маршрутах не хапае. Нават інтэрнат з гэтай нагоды адрамантавалі і мэблю паставілі. Іншая справа, ці змогуць дзяўчаты пакінуць аўтапарк, калі знойдуць працу па спецыяльнасці? Ці ўсё адно вымушаныя будуць адпрацаваць неабходныя 2 гады? Ігар Пархімовіч кажа, што змогуць.

Ігар Пархімовіч: “Чыста па-чалавечы, я лічу, іх трэба адпусціць. Зрабіць ім пераразмеркаванне”.

Толькі можа стацца, што нават згоды дырэктара аўтапарка будзе мала і дзяржава прымусіць дзяўчат аплаціць сваё навучанне. За тое, што не адпрацавалі патрэбны тэрмін па месцы размеркавання.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі