Фінляндыя закрывае чатыры пункты пропуску на мяжы з Расіяй

У пункце пропуску "Нуямаа" на фінска-расійскай мяжы

У пункце пропуску "Нуямаа" на фінска-расійскай мяжы / hs.fi

У ноч на суботу Фінляндыя закрывае чатыры памежныя пераходы на сваёй мяжы з Расіяй. "На гэтых чатырох пунктах пропуску будзе немагчымае перасячэнне мяжы", — заявіла на прэс-канферэнцыі міністарка ўнутраных спраў Мары Рантанен. Будуць закрытыя памежныя пераходы "Ваалімаа", "Нуямаа", "Ніірала" і "Іматра".

Падставай для такога рашэння стаў рост патоку мігрантаў. За апошні час з боку Расіі на фінскія пункты пропуску прыбыло каля 280 просьбітаў прытулку, адзначыў намеснік кіраўніка памежнай службы Фінляндыі Марку Хасінен. Просьбіты прытулку едуць з Ірака, Сірыі, Турцыі і Самалі, і расіяне прапускаюць гэтых людзей без неабходных уязных дакументаў, расказвае рэсурс hs.fi. Толькі ўчора да 22:00 на памежныя пункты на паўднёвым усходзе Фінляндыі прыбыло 75 просьбітаў прытулку.

Паводле кіраўніцы фінскага МУС, "ёсць прыкметы і інфармацыя пра тое, што людзей зганяюць у Фінляндыю". І ў такім выпадку сама колькасць просьбітаў прытулку наогул не з'яўляецца прынцыповым пытаннем. Фінскія чыноўнікі таксама ўдакладнілі, што цяпер заявы на міжнародную абарону і прытулак будуць прымаць на памежных пераходах "Сала" і "Вартыус". А абмежаванні на закрытых пунктах будуць дзейнічаць да 18 лютага 2024 года.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі