Еўра таннее, долар расце — чарга ў абменнікі застаецца стабільнай

Месяц таму за амерыканскі долар у мінскіх абменніках упершыню за доўгі час давалі менш за 2100 рублёў. Але ў першыя дні верасня "ружова-зялёны" нечакана перапыніў свабоднае падзенне. Мы і міргнуць не паспелі, а долар ізноў расце! А вось валюта аб'яднанай Еўропы,
стабільнасць якой улетку не выклікала сумневаў, наадварот таннее з кожным днём. У галовах беларусаў ізноў блытаніна: у якой валюце захоўваць свае грошы, каб не страціць іх увогуле? І нават калі класці ў банк – дык у доларах ці ў еўра? Эканамічны аглядальнік Аляксандр Грыцанаў лічыць, што тэндэнцыя апошніх дзён да падзення еўрапейскай валюты ў адносінах да амерыканскай захаваецца:

Аляксандр Грыцанаў: "Гэта поспех прапагандысцкай вайны, якую амерыканцы распачалі з гэтай нагоды. Гэта чыста прапагандысцкая рэч. Долар доўга таннеў, а цяпер будзе даражэць. Еўра ў адносінах да долара можа і ўпасці. Але ў адносінах да беларускага рубля ўсё будзе расці".

Эканаміст Яраслаў Раманчук упэўнены: беларусам не варта гадаць, у доларах ці ў еўра захоўваць уласныя грошы. Калі гаворка ідзе пра невялікія сумы, ваганні курсаў гэтых дзвюх валютаў нязначныя.

Яраслаў Раманчук: "З усіх альтэрнатыў гэтыя дзве валюты вылучаюцца. Ім можна давяраць, хаця і іпатэчны крызіс, і фінансавы крызіс... Але, на жаль, у свеце няма ніводнай валюты, заснаванай на залатым стандарце, таму з усіх папяровых грошай амерыканскі долар і еўра (ну, яшчэ японскую ену можна сюды прыпісаць) з'яўляюцца найбольш стабільнымі.

Для беларусаў з узроўнем ашчаджэнняў да 20–30 тысячаў долараў размяркоўваць ашчаджэнні ў доларах і ў еўра 50 на 50 – гэта аптымальны варыянт".

Якія б фокусы ні паказваў сусветны фінансавы рынак, чарга да абменніка на кірмашы "Maximus", што месціцца ў мінскім спальным раёне "Малінаўка", захоўвае стабільную даўжыню не менш за 3 чалавекі. З кішэняў людзі дастаюць у асноўным долары, мяняюць на беларускія рублі.

Да вакенца падыходзіць жанчына сталага веку з ружова-зялёнай 10-кай у руках. Гэта — на бульбу і памідорчыкі, ды вось нешта захацелася кавуна... За ёй стаіць гаварлівы мужчына гадоў пад 40, які прыйшоў на кірмаш па новыя красоўкі. У руках ён трымае 100 еўра і распісваецца ў даверы менавіта гэтай валюце. Нягледзячы на тое, што яна таннее:

Мужчына з чаргі да абменніка: "Крыху ўпаў еўра... Гэта сезоннае. Звычайна ў лістападзе, у снежні пачынаюцца скачкі".

Заўважанае эканамістамі ўмацаванне беларускага рубля ў чарзе таксама лічаць сезоннай з'явай. Маўляў, намалацілі 7 мільёнаў тон – вось і рубель умацаваўся. Але людзі ўпэўненыя, што нашая нацыянальная валюта страціць пазіцыі пры пачатку зімы, калі Расія зноў завядзе размову пра кошты на газ.

Праўда, эксперты звязваюць стабільнасць (а дакладней, нестабільнасць) беларускага рубля зусім не з адчувальнай блізкасцю ацяпляльнага сезона. Працягвае Яраслаў Раманчук:

Яраслаў Раманчук: "Беларускі рубель нестабільны таму, што гадавая інфляцыя большая за 16% і можа быць большая за 20% за год.  Гэта катастрофа з пункту гледжання заходніх стандартаў стабільных валютаў".

Ашчаджаць грошы эксперты па-ранейшаму раяць у акцыях прадпрыемстваў, якія працуюць стабільна і прыносяць прыбытак непазбежна. Гэта тэлекамунікацыі, энергетыка, стабільныя вытворчыя прадпрыемствы.

Яраслаў Раманчук: "У цывілізаваным свеце, калі браць 100 % грошай – 5-10 % можна захоўваць у валюце. Усё астатняе трэба укладаць у каштоўныя паперы, якія гарантуюць той прыбытак, з якім прыемна сустрэць старасць".


Фота — blog.kir.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі