Энергазберагальныя дамы будуць даражэй і акупяцца жыльцам толькі за 40 год

З 1 лютага пачалі дзейнічаць новыя нормы пры праектаванні энергаэфектыўных дамоў. Ужо з пачатку наступнага года ўсе дамы будуць будаваць толькі згодна з гэтымі нормамі. Паводле словаў першага намесніка дэпартамента па энергаэфектыўнасці Дзяржстандарта Віктара Акушкі, кватэры з-за гэтага падаражаюць не значна — на 50-100 долараў за квадрат. Кажуць, што гэта акупіцца жыльцам за кошт меншых затрат на ацяпленне.
"Мы прыкідвалі, што істотна не павінна паўплываць на рост коштаў за квадратны метр. А нават калі паўплывае, мы кажам, што потым у жыроўцы жыхар гэтай кватэры "адыграе" хутка. Калі вы ў Мінску жывяце, паглядзіце, колькі вы заплацілі за ацяпленне ў студзені".
Мы зазірнулі ў жыроўку двухпакаёвай кватэры ў 50 квадратных метраў на вуліцы Чкалава. За ацяпленне ў халодны студзень — 80 тысяч рублёў.
А колькі ж плацяць жыхары энергазберагальнага дома?
Адзін з такіх дамоў Еўрарадыё адшукала ў Мінску недалёка ад канцавой станцыі метро "Каменная горка". Яго здалі тры гады таму. Аднак жыльцы ніякай эканоміі пакуль не адчулі. Яны плацяць паводле агульнага тарыфу.
"Вельмі няўдала пабудаваны гэты дом. Таму што нам абяцалі, што мы будзем па сваім тарыфе плаціць, а плацім па агульным. І ніякага энергазберажэння не адчуваем", — кажа жыхарка дома Ірына.
Жыльцам паабяцалі, што з наступнага месяца яны пачнуць плаціць за ацяпленне згодна з лічыльнікам. Трэба будзе тэлефанаваць і паведамляць, колькі набегла, як цяпер за гарачую ваду, кажа Іван Іванавіч, які абслугоўвае дом.
Чакаецца, што тарыф на ацяпленне будзе меншы. Мы зайшлі ў адну з кватэр з плошчай 50 метраў — паводле лічыльніку за студзень там набегла каля 10 тысяч рублёў.
Калі параўнаць са звычайнай кватэрай (80 тысяч), за студзень жыльцы энергазберагальнага дома маглі б зэканоміць 70 тысяч рублёў. За сярэдні ацяпляльны сезон у 5,5 месяцаў — 385 тысяч рублёў (133 долары). 
Цяпер вернемся да кошту кватэры. У энергаэфектыўным доме квадратны метр каштуе на 100 долараў даражэй. Адпаведна, “зберагальная” 50-метровая двухпакаёўка будзе каштаваць на 5 тысяч долараў больш. Дзелім на нашу гадавую эканомію ў 133 долары. Атрымліваецца, што жыльцам іх энергазберагальная кватэра акупіцца толькі за 37,5 гадоў!
Разлікі прыблізныя, але ж усё адно цяжка назваць гэта нязначным.
Адзначым, што сам дом вельмі цёплы. З-за таго, што трубы ідуць па перыметры, падлога атрымалася з падагрэвам. На батарэях у кожным пакоі стаіць рэгулятар. Уся сістэма кіруецца са спецыяльнага пульта, падобнага да тэлевізійнага. На ім можна запраграмаваць любую тэмпературу. Прычым можна зрабіць, каб уначы тэмпература паніжалася ці, калі вас няма дома, каб грэла трохі менш. На ўваходзе стаіць лічыльнік, які лічыць менавіта цяпло, а не ваду, пададзеную ў батарэі.
Таксама працуе сістэма вентыляцыі. Цёплае паветра з кухні і ваннай уцягваецца ў адмысловую шафу. Туды ж падаецца халоднае паветра з вуліцы, якое папярэдне праходзіць праз сістэму фільтраў. Цёплае паветра з кватэры грэе халоднае з вуліцы, якое потым падаецца ў залу і спальню.
Ёсць, праўда, адзін мінус у сістэме. Распрацоўшчыкі не ўлічылі тое, што пры падагрэве будзе збірацца кандэнсат, таму шафы гэтыя цякуць, а жыхары скардзяцца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі