Эксперты: Пасля прэзідэнцкіх выбараў Юшчанка можа сысці з палітыкі

А новы прэзідэнт Украіны, на думку палітолагаў, можа сутыкнуцца з вострым палітычным крызісам У першым туры прэзідэнцкіх выбараў ва Ўкраіне з вынікам 35% галасоў перамог Віктар Януковіч. Яго галоўная канкурэнтка – прэм’ер-міністр Юлія Цімашэнка саступіла лідэру Партыі Рэгіёнаў крыху больш за 10%. Трэцяе месца ў выбарчай гонцы заняў незалежны кандыдат Сяргей Цігіпка з 13% галасоў.

Па словах украінскіх экспертаў, яшчэ ніколі яўка выбаршчыкаў не была такой нізкай – удзел выбарах прынялі толькі 68%. У 2004 годзе гэтая лічба была вышэй на 7-8%. Кандыдаты ў прэзідэнты проста не мелі што прапанаваць стомленым палітычнымі гульнямі людзям, лічыць Ірына Бікешкіна, навуковы кіраўнік украінскага Фонда “Дэмакратычныя ініцыятывы”, якая праводзіла экзіт-полы.

Ірына Бікешкіна: “Выбарчая кампанія была ў асноўным віртуальная. Спаборнічалі паміж сабой іміджы, паліттэхнолагі. А вось сур’ёзных палітычных праграм, якія б тлумачылі выбаршчыкам, што збіраюцца рабіць у будучыні кандыдаты, людзі не пачулі, таму значаная іх частка проста праігнаравала выбары”.

Прэзідэнцкае крэсла зойме менавіта той, хто здолее мабілізаваць больш выбаршчыкаў у другім туры гонкі 7 лютага. Вялікую ролю таксама адыграюць галасы тых кандыдатаў, якія ў другі тур не пройдуць. Шанцы Юліі Цімашэнкі такім чынам могуць істотна павялічыцца, між іншым за кошт прыхільнікаў Арсенія Яцэнюка ці Віктара Юшчанкі. Таму пра перамогу Віктара Януковіча казаць пакуль рана.

Адзінае, што застаецца пэўным – рашучая параза цяперашняга прэзідэнта Віктара Юшчанкі, які здолеў набраць толькі 5,5% галасоў. Хутчэй за ўсё, цяпер ён будзе змагацца за месца ў парламенце, мяркуе кіраўнік украінскага аналітычнага цэнтра “Адкрытая палітыка” Ігар Жданаў.

Ігар Жданаў: “Яго галоўнай задачай на гэтых выбарах была падрыхтоўка да парламенцкіх выбараў, то бок мабілізацыя ўсяго нацыянал-дэмакратычнага электарату. Калі будуць па-затэрміновыя парламенцкія выбары, а яны хутчэй за ўсё будуць, то мы пабачым “Нашу Ўкраіну” на чале з Юшчанкам, якая будзе праходзіць у парламент”.

Праўда, магчымасць, што Віктар Юшчанка ўвогуле пакіне палітычную сцэну, таксама існуе. Як вельмі эмацыянальная асоба, ён можа не вытрымаць такой вялікай паразы, мяркуюць некаторыя эксперты.
У цэлым жа сёлетнія прэзідэнцкія выбары наўрад ці стабілізуюць сітуацыю ва Ўкраіне, адзначае кіраўнік украінскага цэнтра сацыяльных даследаванняў “Сафія” Андрэй Ермалаеў.

Андрэй Ермалаеў: “У кожным з варыянтаў прэзідэнцкія выбары не паставяць кропку ва ўкраінскай палітычнай сітуацыі. Хутчэй за ўсё гэта будзе шматкроп’е. Не выключана, што пасля выбараў палітычная сітуацыя абвастрыцца. Той, хто прайграе, не будзе мірыцца з вынікам”.

Што тычыцца адносін з Беларуссю, то вынік прэзідэнцкіх выбараў на іх моцна не паўплывае. Галоўныя фаварыты выбарчай гонкі дэкларуюць палітыку суседства і партнёрства з нашай краінай. Напрыклад, Віктар Януковіч не раз казаў аб магчымым далучэнні Ўкраіны да Мытнага саюза Беларусі, Расіі і Казахстана. У сваю чаргу ўрад Юліі Цімашэнкі ўжо пачаў эфектыўнае супрацоўніцтва з нашай краінай.

Фота: podrobnosti.ua

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі