Эксперт: Амбасадары могуць з’ехаць і вярнуцца з Эрыксанам

Пасля высылкі шведскіх дыпламатаў з Мінска, у Еўропе зноў усплыла пытанне, што рабіць з Беларуссю. Паводле выдання EUobserver, 10 жніўня Савет ЕС па палітыцы і бяспецы можа адклікаць еўрапейскіх амбасадараў з Беларусі.

“Калі ісці на абвастрэнне канфлікту перад парламенцкімі выбарамі, то, натуральна, што нельга чакаць ніякіх паляпшэнняў з беларускага боку. Натуральна, нельга будзе чакаць вызвалення палітзняволеных у Беларусі. Таму ЕС вельмі асцярожна падыходзіць да пытання дзеянняў у адказ, памятаючы, як развіваўся канфлікт вясной”, — дзеліцца сваімі чаканнямі палітолаг Дзяніс Мельянцоў. І дадае, што 10 жніўня можа быць разгледжанае пытанне пашырэння “спіса неўязных”.

Эксперт дадае, што краіны ЕС не маюць нейкай агульнай стратэгіі у пытанні стасункаў з Беларуссю. Мельянцоў пералічае спіс мер, якія мог бы выкарыстаць Еўрасаюз, не прыбягаючы да эканамічных санкцый, і якія, на яго думку, былі б эфектыўнымі.

Дзяніс Мельянцоў: “Ёсць магчымасць узмацнення беларускай грамадзянскай супольнасці і камунікацыі з беларускімі грамадзянамі праз адмену шэнгенскіх віз і абяцанне Беларусі сяброўства ў ЕС, калі яна выканае пэўныя патрабаванні. Гэта паказала б грамадзянам Беларусі, што ў ЕС нас чакаюць нягледзячы на тое, што кажуць па БТ”.

Кіраўнік мінскага Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў, у адрозненне ад Дзяніса Мельянцова, чакае ад ЕС жорсткай рэакцыі. І нагадвае, што цяперашні дыпламатычны канфлікт з’яўляецца працягам дыпламатычнага канфлікту ў лютым. Тады Беларусь паспрабавала кантраляваць, хто будзе прадстаўляць Еўропу ў Мінску і выслала прадстаўніка ЕС Майру Мору і амбасадара Польшчы Лешака Шарэпку. Цяпер жа непажаданым аказаўся Стэфан Эрыксан.

Андрэй Ягораў: “Амбасадары вярнуцца альбо з Эрыксанам, альбо не вярнуцца. Беларусь скончыць гэтую бязглуздую вайну са Швецыяй ― тады нармалізуецца сітуацыя. У самым жорсткім варыянце, краіны ЕС пакідаюць толькі прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза, Майру Мору. Альбо яны пакідаюць некалькі дзяжурных амбасадаў: італьянскую, нямецкую і прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза”.

Што тычыцца магчымага ўвядзення эканамічных санкцый, то да яго эксперты ставяцца скептычна. А ад’езд еўрапейскіх амбасадараў, калі і здарыцца, то, хутчэй, стане толькі сімвалічным крокам салідарнасці, лічыць галоўны спецыяліст варшаўскага “Цэнтра ўсходніх даследаванняў” Рафал Бузоўскі:

“Я б не чакаў нейкіх пераломаў у адносінах Еўропы і Беларусі бліжэйшым часам. Стасункі і так замарожаныя, у дрэнным стане. Тут вырашальным будзе: што будуць рабіць беларускія ўлады. Выганяючы шведскага амбасадара і дыпламатаў, Мінск паказвае, што не вельмі зацікаўлены ў паляпшэнні адносін з ЕС.”

Нагадаем, пытанне ад’езду з Беларусі амбасадараў краінаў ЕС узнікла пасля таго, як разгарэўся дыпламатычны канфлікт паміж Беларуссю і Швецыяй. Спачатку беларускія ўлады не працягнулі акрэдытацыю шведскаму амбасадару Стэфану Эрыксану. А крыху пазней беларускі МЗС закрыў сваю амбасаду ў Швецыі і запатрабаваў аналагічнага кроку ад шведаў.

Фота: daylife.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі