Эканаміст: Усе чакаюць 20-х жніўня, анансаванага рашэння па валюце

110819 Chaly_rez.mp3

Еўрарадыё: На сайце «Пракаповіч» працягваецца штодзённы рост курса долара. Ён перакрочыў адзнаку 8 тысяч рублёў, 8 095 рублёў, а гэта значна вышэй за афіцыйны курс Нацбанку (5 030 руб.), на 60%. Колькі будзе доўжыцца гэта тэндэнцыя? 


Чалы: Такі рост доўга працягвацца не будзе, бо занадта ён хуткі і завысока залез. Іншая справа, што тут важна не тое, як далёка гэта ўсё можа пайсці, больш істотна, чаму ў сітуацыі, калі курс ужо стаяў і фактычна больш за месяц не рос на "чорным" рынку, пачаўся такі вертыкальны ўзлёт?


Еўрарадыё: Як далёка можа пайсці такая разбежка курсаў?

 
Чалы: Я не думаю, што гэта сітуацыя працягнецца доўга. Думаю, што гэта ўсе галоўным чынам звязана з псіхалагічным момантам, а менавіта з чаканнем даўно анансаванага рашэння па валюце, па валютным рынку, якое павінна быць прынята ў 20-ых днях жніўня, на гэтым тыдні.


Еўрарадыё: Так, Мясніковіч абяцаў ў 20-ых днях вырашыць гэтую праблему, а якое можа быць рашэнне, на вашую думку?

 
Чалы: Варыянты толькі два. Гэта або яшчэ адна дэвальвацыя і захаванне рэжыму кіравання курсам. Атрымліваецца, той самы фіксаваны курс, толькі будзе адолена яшчэ адна прыступка. Да якога ўзроўню, таксама пытанне.  Гэта, канешне, не самае лепшае рашэнне, бо вы памятаеце, што дэвальвацыя 23 мая нічога добрага эканоміцы не прынесла – валюта не з'явілася ў абменніках, ды яшчэ і міжбанкаўскі рынак быў фактычна паралізаваны. Можа адбыцца тое ж самае, і толькі рост коштаў будзе адзіным карысным або некарысным вынікам.

 
Еўрарадыё: А што трэба было б зрабіць?

 
Чалы: Трэба было б адпусціць курс у вольнае плаванне. Натуральна, гэта дастаткова радыкальнае рашэнне для ўлады. Ідэя ў тым, каб зняць адміністрацыйнае абмежаванне, калі ёсць адсеў заявак на набыццё валюты на біржы, калі не пускаюць туды банкі, у якіх няма магчымасці набываць валюту для абменных пунктаў і гэтак далей. Усе гэтыя абмежаванні трэба зняць, усіх дапусціць на асноўную сесію беларускай валютна-фондавай біржы і, адпаведна, па выніках таргоў, па вынікам фіксінга, які адбудзецца, гэты курс і стане адзіным, раўнаважным і афіцыйным. Гэта было б вырашэнне. Тады б атрымалі нарэшце валюту ў абменнікі, і міжбанк бы запрацаваў, і бізнэс меў бы доступ да валютных рэсурсаў. Іншая справа, сказаць, дзе менавіта ўсталюецца гэты раўнаважны курс, немагчыма.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі