Дзе ў Мінску можна нядорага папіць піва і паслухаць жывую музыку?

З прыходам пахаладання ўсё больш жыхароў Мінска пачынае шукаць вечаровага адпачынку ў розных кавярнях, пабах ды клубах. Еўрарадыё вырашыла дапамагчы ў гэтай справе і склала свой рэйтынг пітных устаноў, дзе грае жывая музыка. Кошт на піва паўсюль вагаецца, прыкладна, ад 4 тысяч за самае таннае, і 20 за самае дарагое. Найбольш танным барам, па нашых падліках апынуўся Jolly Roger Cafe. Там можна наесціся і напіцца нават за 10 долараў. Праўда, з ежы прапануюцца выключна закускі да піва. Што ж датычыцца жывых выступаў, то ладзяцца яны штодзень, уваход каштуе ў сярэднім 15 тысяч і адзінае абмежаванне фармату - гэта жывая гітарная музыка.

Jolly Roger Cafe: "Усё, ад металу да блюза і джаза. Працуем мы з 14 гадзінаў і да першай уначы, а канцэрты з 19-й да 23-й".

Дарэчы рокавы фармат абірае большасць бараў, дзе грае жывая музыка. Праўда, не ва ўсіх канцэрты праходзяць кожны дзень. Да прыкладу, ў піўным рэстаране "7 Тонн" музыкаў можна паслухаць толькі ў пятніцу і суботу. Уваход на выступ бясплатны, а паесці, калі без алкаголю, можна долараў за 20.

Кавярня-клуб "Лисья нора" таксама прапануе выступы музыкаў толькі 2-3 дні на тыдзень, але акрамя рока ды джаза ў іх можна паслухаць і аўтарскую песню.

У бары Doo Dah King жывой музыкі не дапросішся ў панядзелак ды аўторак, праўда ў пятніцу і суботу гэты недахоп цалкам кампенсуецца:

Doo Dah King: "У пятніцу, суботу ў нас працуюць рок'н'рольныя гурты ў дзве змены, уваход каштуе 20 тысяч. Канцэрты пачынаюцца а 23-й гадзіне і заканчваюцца бліжэй да 3-й. Серада ў нас інструментальны дзень ― працуе гурт Silicon, у чацвер у нас праект "Спецыяльны госць", у пятніцу суботу - камерцыйныя дні з каверамі, у нядзелю праект "Рускі рок".

Дарэчы, музычную стылістыку па днях разбівае і адзін са старэйшых канцэртных бараў Мінску "Граффити".

Граффити: "Панядзелак - маладыя выканаўцы, аўторак і чацвер - сольныя канцэрты, серада - джаз, пятніца - фанк і зноў сольныя канцэрты, субота - блюз, і нядзеля - акустычныя канцэрты"

Сярод найбольш частых выступоўцаў "Графоў" гурты "Аддис Абеба", "Серебряная свадьба", "Кассиопея", Apple Tea, Botanic Project і Chief's Band. Уваходны квіток каштуе ў сярэднім 20 тысяч, а канцэрты пачынаюцца ў 20:00.

У той жа час можна паслухаць музыкаў і ў маладым кабаку "Піўная Гісторыя", тым больш, што сістэма ўваходу не можа не зацікавіць.

Піўная Гісторыя: "Квітка за ўваход няма, ёсць чэк бар. То бок чалавек плаціць на ўваходзе 15 тысяч (кошт аднолькавы на ўсе канцэрты) і атрымлівае куфаль піва, ці што-небудзь безалкагольнага з разлікам на 9 тысяч. Адпаведна 6 тысяч ідзе музыкам".

Прадстаўнікі "Піўной Гісторыі" дадалі, што дакладнага фармату ў іх установы яшчэ няма, а фармавацца ён будзе выключна паводле пажаданняў наведвальнікаў.

А вось рэстаран "Госці" з фарматам вызначыўся, больш за тое, яны пастаянна супрацоўнічаюць з двума гуртамі "Лео" і "Минское море", якія штодзень выконваюць кавер-праграму. Дарэчы, менавіта талент гуртоў прадстаўнікі "Гасцей" і лічаць адным са сваіх асноўных адрозненняў ад іншых.

Госці:
"Ну, а чым асноўным можна адрознівацца? Скажам, смачнай кухняй, гучнай жывой вясёлай музыкай і артыстызмам нашых выступоўцаў. Яны такія рэчы часам вырабляюць, што..."

Праўда ў "Гасцей" ёсць невялікі мінус у летні перыяд: трапіць у памяшканне немагчыма, калі ты хлопец і апрануты ў шорты. Такі ж дрэс-код і ў рэстаране "У Ратуши", больш вядомай як "0,5". Праслухоўванне музыкаў там уваходзіць у рахунак і складае каля 10 тысяч. А прапануюць яны той жа рок ды сусветныя хіты.

Штодзень каверы на сусветныя хіты можна паслухаць у новым Jack Club. Каштуе гэта 20 тысяч, але і тут ёсць праблема з уваходам: калі вы не спадабаецеся ахове, то вас папросту не пусцяць.

Напэўна, найбольш стылізаваны рэстаран з пляцоўкай для канцэртаў Saloon. Тут спрабуюць прытрымлівацца стылістыкі дзікага захаду ва ўсім, а за ўваход грошай не бяруць:

Saloon: "Фармат у нас адзін - амерыканскі стыль, але нават джаз розныя калектывы выконваюць па-рознаму".

Супрацоўнікі "Салуна" дадалі, што ў іх у адзіных на барнай стойцы праходзіць шоў-праграма у выглядзе стрыптызу ды вар'етэ, і гэта таксама дадае наведвальнікам адчування знаходжання на дзікім захадзе.

Такім чынам можна сказаць, што выбар у мінчукоў ёсць. Прычым кошты на піва ды ежу не вельмі адрозніваюцца. Але найбольш бюджэтна адпачыць пад жывую музыку можна ў Jolly Roger Cafe. Калі вам заўсёды горача і вы носіце шорты, то не варта нават спрабаваць патрапіць у рэстараны "0.5" і "Госці", тое ж датычыцца і Jack Club, а паглядзець на стылістыку Doo Dah King можна толькі пасля святкавання 21-га дня нараджэння.

У астатнім усе канцэртныя бары сталіцы вельмі падобныя, таму асноўным крытэрам усё ж застаецца музычная праграма.

Канцэрты

Стылістыка

Уваход

Час

Піва

Паесці без алкаголю

Dress code

Таннае

Дарагое

Jolly Roger

штодзень

ад металу да джазу

15 тыс.

19:00-23:00

4 тыс.

15 тыс.

толькі закускі да піва

няма

Jack Club

акрамя панядзелка і аўторка

каверы, рок, сусветныя хіты

бясплатна

22:00-00:30

4 тыс.

15 тыс.

60 тыс.

face control

Doo Dah King

штодзень

каверы рок, сусветныя хіты

20 тыс.

23:00-03:00

6 тыс.

17 тыс.

50 тыс.

21 год

Saloon

штодзень

каверы, рок, джаз

бясплатна

21:30-00:00

6 тыс.

12 тыс.

40 тыс.

няма

У Ратуши (0.5)

штодзень

каверы рок, сусветныя хіты

каля 10 тыс. (уваходзіць у рахунак)

21:00-23:00

6 тыс.

17 тыс.

40 тыс.

шорты ў мужчын

Піўная Гісторыя

штодзень

ад металу да джазу, каверы

15 тыс. (чэк бар)

20:00-23:00

6 тыс.

18 тыс.

30 тыс.

няма

Госці

штодзень

каверы (рок, сусветныя хіты)

7500

20:30-01:00

10 тыс.

22 тыс.

50 тыс.

шорты ў мужчын

Лисья Нора

2-3 дні на тыдзень

рок, джаз, аўтарская песня

20 тыс.

19:00-22:30

10 тыс.

30 тыс.

25 тыс.

няма

7 Тонн

пятніца і субота

рок, джаз

бясплатна

21:00-23:00

7 тыс.

12 тыс.

60 тыс.

няма

Граффити

штодзень

ад металу да джазу

20 тыс.

20:00-22:30

5 тыс.

10 тыс.

25 тыс.

няма


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі