Дызель-цягнік Віцебск-Полацк затрымалі цераз міну. Сапраўдную.

Дызель-цягнік Віцебск-Полацк затрымаўся 22 жніўня на 36 хвілінаў цераз міну. Гэтым разам сапраўдную, паведамляе сайт Народныя навіны Віцебска. Раніцай у нядзелю міну часоў Другой сусветнай вайны знайшлі каля чыгуначнага пераезду, калі пракладвалі кабель. Небяспечную знаходку дасталі і ўтылізавалі сапёры. Між тым, паводле звестак транспартнай міліцыі, нармальную працу беларускай чыгункі па-ранейшаму парушаюць ілжэ-мінёры. Так, 20 жніўня з цягніка Мінск-Гомель на станцыі Буда-Кашалёўская міліцыянты вывелі п’янага пасажыра. Ён сказаў правадніку, што адзін з вагонаў замінаваны.

Давялося на 10 хвілінаў затрымаць цягнік. Міну, вядома ж, не знайшлі. А вось “мінёру” цяпер пагражае да пяці год пазбаўлення волі. Такое пакаранне прадугледжанае за заведама ілжывае паведамленне пра небяспеку.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі