Дыяна Арбеніна: "З Сурганавай мы чуемся двойчы за год"

Сваё 36-годдзе лідар вядомага гурта Дыяна Арбеніна адзначыла канцэртам у Мінску. Напярэдадні выступу ў сталічным клубе "Рэактар" спявачка сустрэлася з журналістамі.
"Пасля нараджэння двайнятак (сына Арцёма і дочкі Марты,- заўв.аўт.) усё больш хочацца быць дома. Толькі спяваць і быць дома", —  прызнаецца Дыяна Арбеніна.

Зусім нядаўна спявачка сустрэлася з гуртом "Бі-2", каб пагаварыць пра творчыя планы, а ў выніку прыйшла да ідэі... стварыць дзіцячы садок.

Дыяна Арбеніна: "Мы з хлопцамі паказалі адзін аднаму дзяцей! У Лёвы хутка народзіцца трэцяе дзіця, у Шуры — пакуль адно, вось у мяне двое. Нас ужо шасцёра! Лёва, вядома, вельмі дзейны, увесь час прапануе нейкія новыя ідэі і спрабуе зацягнуць мяне ў студыю. Але цяпер няма часу ні на што".

канцэрт "Начных снайпераў" у "Рэактары"

Дыяна, якая некалі даволі старанна хавала сваё асабістае жыццё, цяпер ахвотна  расказвае пра дзяцей і сям'ю.

Дыяна Арбеніна: "Па мне ж відаць, што ў нашай сям'і галоўная — я! (смяецца) Толькі я зусім не дыктатар! У душы я вельмі мяккі чалавек. Вядома ж, я думала пра дзяцей і раней. Але менавіта цяпер, думаю, прыйшла тая пара, калі я магу сказаць сабе, што я ў стане гэтых малютак узгадаваць. Бо зацяжараць — гэта не галоўнае . Самае галоўнае — нарадзіўшы, зразумець, што гэта назаўжды, што ты гэтаму рада, і ты гатова аддаць гэтаму жыццё".
 
Дыяна Арбеніна прызналася, што журналісты часта пытаюць яе, чаму ў райдэры гурта дагэтуль прысутнічае алкаголь, калі Дыяна корміць дзетак.

"Адказ просты, — кажа спявачка. — Я ж не адна ў гурце, ёсць яшчэ музыкі. Так што ўсё на сваіх месцах".


Патрабаванні да арганізатараў у спявачкі самыя звычайныя: гасцініца, абед, саўндчэк.

Дыяна Арбеніна: "Нічога празмернага ў нашым райдэры няма. Больш таго, мне здаецца, што не гэта галоўнае. Як ні сціпла гэта прагучыць, але я прыязджаю сюды не абедаць, а спяваць. Ад абеду, вядома, таксама многае залежыць — нам усім трэба быць у сіле на сцэне. Але так, каб выпендрывацца з гэтай нагоды, мы ўжо не ў тым узросце і стане".

З былой савакалісткай "Начных снайпераў" Святланай Сурганавай Дыяна практычна не кантактуе і чуецца ўсяго двойчы за год.

Дыяна Арбеніна: "Мы не падтрымліваем адносіны. Не ведаю, ці павіншуе яна мяне з Днём нараджэння сёлета. Звычайна мы абменьваемся СМСкамі двойчы за год: на Дзень нараджэння і 19 жніўня — у Дзень нараджэння гурта".

Нягледзячы на ўсе цяжкасці і розныя жыццёвыя этапы, такога перыяду, калі б Дыяна пашкадавала пра абраны шлях, не было ніколі, сцвярджае спявачка.

Дыяна Арбеніна: "Больш таго — у маім жыцці ніколі не было перыяду, калі б мне не падабалася тое, як я жыву. Я не магу пісаць песні, калі яны пішуцца, і не магу не спяваць, калі я спяваю. Людзям гэта падабаецца. Так і мінаюць гады, але яны вельмі шчаслівыя, у кожны з іх".

А каб не памыліцца з прафесіяй — галоўнае, не прымушаць дзяцей да таго ці іншага выбару, лічыць спявачка.

Дыяна Арбеніна: "Калі ў нас усе юрысты ў родзе — значыць, трэба быць юрыстам. Гэта ўсё глупства. Я вышэйшую адукацыю атрымала толькі для бацькоў, напрыклад. Мне проста навязалі педагагічны інстытут у Магадане. Маіх, абсалютна легкадумных на момант заканчэння школы, мазгоў абсалютна не хапала, каб зразумець, што гэта вельмі выдатна. Так што абавязкова трэба атрымаць вышэйшую адукацыю, і ўсё адно, у якой сферы. Таму што самае галоўнае, што яно дае — структуру ў галаве".

Нягледзячы на тое, што двайняткам Дыяны ўсяго па 5 месяцаў, спявачка вярнулася на сцэну і ў дадзены момант займаецца прасоўваннем апошняй пласцінкі "Начных Снайпераў" "Армия2009", які Дыяна Арбеніна прысвяціла сваім прыхільнікам. А ў бліжэйшых творчых планах спявачкі — напісаць музыку да фільма.

Дыяна Арбеніна: "Гурту ўжо 17 гадоў! Нашы прыхільнікі здзіўляюць нас сваёй вернасцю і адданасцю камандзе. Гэта ж не войска людзей у плане мілітарызму, войска — гэта наша публіка. У перспектыве я б з задавальненнем пасупрацоўнічала з кіно. На сённяшні момант у мяне было толькі супрацоўніцтва ў межах песень, я б жадала напісаць поўнамаштабную гісторыю".

У дадзены момант спявачка сур'ёзна задумалася над тым, каб з'ехаць з Масквы і, можа быць, нават вярнуцца на радзіму.

Дыяна Арбеніна: "Я ўжо год жыву ў Падмаскоўі, але, тым не менш, мне не падабаецца тое месца, дзе цяпер знаходзяцца дзеці. Было б выдатна, калі б можна было жыць у тым жа Мінску і лятаць адтуль на гастролі. На жаль, Масква — гэта вузлавая станцыя, якая пакуль нас трымае".

Фота: Алена Вальковіч, Tarantino

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі