Двое малалетніх дзяцей маці-забойцы вырастуць сіротамі

10 гадоў за забойства свайго нованароджанага дзіцяці давядзецца правесці маці-забойцы ў папраўчай працоўнай калоніі. Днямі Вярхоўны суд Беларусі ў адказ на касацыйную скаргу пакінуў без зменаў прысуд, вынесены Мінскім абласным судом 30-гадовай жыхарцы вёскі Траянаўка.

Дваіх яе непаўналетніх дзяцей — двухгадовага Вову і адзінаццацігадовую Аліну – ад накіравання ў інтэрнат выратавала бабуля, пагадзіўшыся апекавацца імі.

Па словах спецыяліста аддзела апекі ўпраўлення адукацыі Барысаўскага райвыканкаму Дзіны Сямёнавай, калі б гэтага не адбылося, брата з сястрой накіравалі б на выхаванне ў сіроцкі інтэрнат. І варыянт гэты ўжо разглядаўся.

Дзіна Сямёнава: “Сама бабуля да нас не звярталася, і мы ўжо хацелі накіроўваць дзяцей у інтэрнат. Але калі прыехалі да яе, то яна адразу пагадзілася аформіць апякунства. Там бабуля нармалёвая, цалкам станоўчая жанчына, працуе загадчыцай крамы.

Дзецям жа са сваякамі лепш, чым дзесьці ў школе-інтэрнаце альбо з чужымі. У нас прыярытэтная форма ўладкавання дзяцей — у апякунскія сем’і.

Апекунамі становяцца сваякі, і гэта справа бескарыслівая. Толькі афармляецца невялікая дапамога на ўтрыманне дзяцей”.


За краты 30-гадовая непрацуючая маці дваіх непаўналетніх дзяцей трапіла ў кастрычніку мінулага году. Жанчына, якая хавала сваю цяжарнасць ад сваякоў і медыкаў, без дапамогі дактароў нарадзіла сына проста на двары ўласнага прыватнага дома.

Як пазней выявілі медыкі судовай экспертызы, хлопчык нарадзіўся жыццяздольным. Але адразу пасля родаў жанчына забіла немаўля ударам нажа ў шыю. Цела паклала ў поліэтыленавы пакунак і схавала ў кучы смецця.

Раніцай наступнага дня здароўе парадзіхі рэзка пагоршала, і ёй давялося звярнуцца ў лякарню. Там яна і распавяла пра крымінальныя роды.

Патлумачыла забойства тым, што выхоўваць адна траіх дзяцей была не ў стане, а сужыцель ніякай фінансавай дапамогі не аказваў.

У выніку следства маці-забойца апынулася на лаве падсудных, а двое яе старэйшых дзяцей, па просьбе супрацоўнікаў аддзела апекі, узяла на выхаванне бабуля.

Па словах бабулі дзяцей Вольгі Енікавай, з прапановай аформіць апякунства да яе звярнуліся праз некалькі дзён пасля арышту іх маці. Сцвярджае, што ні хвіліны не раздумвала, як зрабіць. Тым больш, што жывуць яны ўдваіх з малодшым сынам.

“А што было рабіць – дзяцей па прытулках раздаваць? Хтосьці можа так бы і зрабіў, але не я. Мы самі гадаваліся ў вялікай сям’і, і я не магла так рабіць.

Хлопчык, яму зараз год і 9 месяцаў, мамай пачаў мяне называць. А дзяўчынка ўвогуле гадавалася ў нас і ў школу тут хадзіла”.


Па звестках, асуджаныя на адбыццё пакарання жанчыны, якія маюць непаўналетніх дзяцей, рэдка адбываюць тэрмін у месцах зняволення цалкам. Доктар юрыдычных навук, прафесар Міхаіл Пастухоў кажа, што часцей за ўсё іх вызваляюць раней паводле амністыі.

Міхаіл Пастухоў: “У выпадку прыняцця закону аб амністыі, распаўсюджаваецца яна ў першую чаргу на жанчын, якія маюць дзяцей. Але малаверагодна, што амністыя будзе тычыцца гэтай канкрэтнай зняволенай.

Хаця магчымы варыянт, што пры прыкладных паводзінах яе выпусцяць умоўна-датэрмінова пасля адбыцця адной траціны тэрміну”.


Іншая справа, ці будзе ёй куды і да каго вяртацца пасля вызвалення. Па словах Міхаіла Пастухова, калі асуджаная не здолее кампенсаваць затраты дзяржавы на выплату дапамогі на выхаванне дзецей, усю яе ўласнасць канфіскуюць і прададуць.

А супрацоўніца аддзела апекі Дзіна Сямёнава распавяла, што хутчэй за ўсё яны будуць хадайнічаць перад судом пра пазбаўленне асуджанай мацярынскіх правоў.

Фота novayagazeta.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі