Дэсантнікі “агітуюць” прызыўнікоў і “закрываюць вочы” на іх стан здароўя

Каб набраць самых лепшых, прадстаўнікі часці завабліваюць скачкамі з парашутам, працай за камп’ютарам і нават паказваюць фільмы пра службу ў сваім падраздзяленні.
Сяргей неўзабаве атрымае дыплом гродзенскага ўніверсітэта, а 14 ліпеня накіруецца ў 38-ю брыгаду спецаперацый у Брэст. Частка сапраўды элітная, і бяруць туды толькі найлепшых, стараюцца набіраць спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй.

"Мне сказалі, што ўжо адабралі для службы ў гэтай частцы. Кажуць, будзеш як сапраўдны мужык служыць, з парашутам скакаць. Але там мяркуюцца фізічныя нагрузкі, а ў мяне 3-я група [па здароўі. — Еўрарадыё]. Я не магу бегаць на вялікія адлегласці. Але мне сказалі, што лекар глядзеў маю справу і я падыходжу", — кажа Сяргей.

Як высветліла Еўрарадыё, для службы ў "дысантуры" патрэбнае жаданне самога прызыўніка, але хлопцу з Гродна паведамілі пра гэта як пра факт, не атрымаўшы яго згоды. Цяпер змяніць ужо нічога нельга, таму давядзецца бегаць кросы з плоскаступнёвасцю. Праўда, у частцы паабяцалі пасадзіць за камп’ютар… як спецыяліста ў гэтай сферы.

"У мяне есць знаёмыя, якія ўжо адслужылі. Кажуць, перад войскам таксама шмат чаго абяцалі — але калі прыязджаеш у частку, там ужо ўсе роўныя і ніхто не глядзіць на твае недахопы".

Жаданне прызыўнікоў ісці ў тыя ці іншыя войскі ўлічваецца, але не з'яўляецца галоўным і абавязковым крытэрам. Найперш ваенныя глядзяць на стан здароўя прызыўніка ды праводзяць асабістыя сустрэчы, кажа прэс-сакратар Мінабароны Вячаслаў Раменчык.

"Выбіраюць у першую чаргу праз асабістую сустрэчу з прызыўніком. Вывучэнне яго маральна-дзелавых якасцяў, стану здароўя па выніках медыцынскага агляду. Прадстаўнікі вайсковых частак абавязкова сустракаюцца з прызыўніком. Таксама вывучаюцца яго характарыстыкі з месца вучобы і працы".

38-я брыгада Брэста адрозніваецца ад ўсіх іншых. Напрыклад, тым, што там трэба скакаць з парашутам. А прадстаўнікі часткі самі выбіраюць сабе салдатаў па ўсёй краіне. Рэкламуюць сярод прызыўнікоў сваю частку, нават паказваюць відэа пра службу ў брыгадзе.

"У нас больш насычаная баявая падрыхтоўка. І больш сур'ёзныя патрабаванні па фізпадрыхтоўцы і здароўі прызыўніка. Мы асабіста выбіраем прызыўнікоў. У нас ёсць крытэры. Чалавек павінен быць маральна ўстойлівы і мець станоўчыя характарыстыкі, не мець прыводаў у міліцыю", — распавялі Еўрарадыё ў самой брыгадзе.

Таму адно з патрабаванняў — гэта жаданне самога прызыўніка, распавялі Еўрарадыё ў абласным ваенкамаце Брэста, дзе базуецца 38-я брыгада.

"Адно з патрабаванняў па камплектацыі брыгады сілаў спецыяльных аперацый — гэта асабістае жаданне прызыўніка выконваць скачкі з парашутам. Калі ён з нейкіх прычынаў выконваць скачкі не можа, то ён не падлягае адбору ў гэтую частку. Як і ва ўсе іншыя часткі сілаў спецыяльных аперацый".

Атрымліваецца, што прызвалі Сяргея з парушэннямі. Не было ні асабістай размовы, ні ягонай згоды — а каб прызвацца ў спецчастку, хапіла і трэцяй ступені годнасці.

Веснавы прызыў ў Беларусі пачаўся 25 траўня і завяршаецца 13 ліпеня. Падчас яго на службу ва Ўзброеных сілах плануюць прызваць каля 10 тысяч чалавек, яшчэ каля 2 тысяч прызавуць на службу ў рэзерве.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі