Дэмакраты хто куды, або новы закон “Аб СМІ” як вечка будучаму парламенту

Расійская газета “Коммерсантъ” лічыць, што стварыць ілюзію дэмакратычнасці выбараў у Беларусі не атрымаецца з-за закона “Аб СМІ”, “Народная воля” знайшла “тры апазіцыі”, а “Звязда” падлічыла беларусаў, якіх прымушаюць ісці на выбары. Пра што яшчэ пісалі ў газетах на гэтым тыдні - у праграме “Пад беларускім прэсам”.
На гэтым тыдні ў Беларусі стартавала кампанія па выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Аляксандр Лукашэнка ў аўторак падпісаў указ, якім прызначыў дату народнага плебісцыту на 28 верасня. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы загадаў Лідзіі Ярмошынай правесці выбары самым дэмакратычным чынам і паабяцаў навучыць Расію і Захад, як правільна праводзіць выбары. Пра гэта прэзідэнт заявіў у інтэрв’ю газеце “Комсомольская правда”.

“Мы хочам прадэманстраваць і Захаду, і Расіі, як трэба праводзіць выбары. Мы зробім іх настолькі дэмакратычнымі — вы пераканаецеся ў рэальным выніку, каго народ сёння падтрымлівае… Мы жадаем правесці выбары адкрыта, дэмакратычна, каб нас не папракалі, і мы маглі сказаць: чаго вы, хлопцы, яшчэ хочаце, што яшчэ трэба ад Беларусі?”

Расійская газета “Коммерсантъ” адрэагавала на заявы Аляксандра Лукашэнкі артыкулам “Беларусь паварочваецца выбарамі да Еўропы”. На думку выдання, беларускія ўлады робяць такія крокі ў спадзяванні, што свет нарэшце прызнае легітымнасць хоць якіх-небудзь выбараў у нашай краіне.

“Дзеля гэтага яны нават адмовіліся ад ідэі супрацьпаставіць аб'яднанай апазіцыі магутную прапрэзідэнцкую сілу "Белая Русь"... Кіраўнік дзяржавы асабіста прытармазіў стварэнне ўплывовай партыі, а яе ўстаноўчы з'езд быў перанесены на нявызначаны тэрмін. Зрэшты, стварыць ілюзію палітычнай адлігі ў Беларусі пакуль не атрымоўваецца - старт выбарчай гонкі супаў з прыняццем парламентам скандальнага закона "Аб сродках масавай інфармацыі", згодна з якім нават дробны чыноўнік зможа прыпыніць выданне друкаванага СМІ, а ўлады будуць блакаваць інтэрнэт-сайты, не зарэгістраваныя ў Беларусі”.

Інтэрнэт-выданне “Беларускі партызан” назвала закон “Аб СМІ” “першым цвіком у вечка труны будучага парламента”. На думку “Партызана”, на непрызнанне будучых выбараў можа паўплываць акурат гэты закон.

“Рэпрэсіўны закон супраць СМІ і паспешнасць, з якой беларускія ўлады спрабуюць яго прыняць, могуць стаць першай падставай для непрызнання Захадам вынікаў будучых парламенцкіх выбараў”.

Газета “Народная воля” заўважыла, што дата выбараў супадае са святам гусятнiкаў, днём масавага адлёту дзiкiх гусей i качак на поўдзень. Выданне вырашыла зазірнуць у стан беларускай апазіцыі. Высветлілася, што там па-ранейшаму няма канчатковай згоды.

“Дэмакраты — хто куды: Аб'яднаныя дэмакратычныя сiлы выступаюць са спiсам 110-цi, “Еўрапейская каалiцыя" вылучае сваiх кандыдатаў, Саннiкаў i кампанiя — за байкот”, — з такімі падзагалоўкамі выйшаў пятнічны нумар газеты. Атрымліваецца, што АДС ідуць пад сваім адзіным спісе, а “Еўрапейская кааліцыя” пад сваім. Так, адзін з лідэраў “ЕК” Уладзімір Навасяд паведаміў газеце, што спiс кандыдатаў ад каалiцыi ўжо ўзгоднены.

"У iм каля 70 кандыдатаў з усiх абласцей Беларусi. У гэты спiс увайшлi сябры аргкамiтэта па стварэнні Партыi свабоды i прагрэсу, сацыял-дэмакраты Мiколы Статкевiча, асобныя кандыдаты ад незарэгістраванага "Маладога фронту", якi як арганiзацыя байкатуе выбары, i прадпрымальнiкi".

У той жа час, паведамляе газета, Андрэй Саннікаў і кампанія “Еўрапейская Беларусь” выбары байкатуюць.

А вось дзяржаўная прэса аналітыкай выбарчай кампаніі на гэтым тыдні не займалася, абмежаваўшыся афіцыёзам. “Звязда”, спаслаўшыся на БЕЛТА, прыводзіць вынікі сацыялагічнага апытання, згодна з якім больш за 80 адсоткаў беларусаў збіраюцца прыйсці на выбары. Цікава, што ўсяго “4,2 адсотка матывам свайго ўдзелу ў выбарах назвалi вымушаючыя iх прычыны, сярод якiх "прымушаюць на працы або вучобе. Такая ж колькасць рэспандэнтаў матывавалi свой няўдзел у маючых адбыцца выбарах тым, што "гэтыя выбары не паўплываюць на сiтуацыю ў краiне, таму няма сэнсу ў iх удзельнiчаць", "мой голас нiчога не вырашыць", "лiчу, што не будзе дастойных кандыдатаў", "лiчу, выбары будуць несумленныя".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі