Дамены by патаннеюць у некалькі разоў

Па выніках тэндэра, які праводзіў Аператыўна-аналітычны цэнтр, новым тэхнічным адміністратарам зоны by будзе УП "Надежные программы" (hoster.by і tut.by). Паводле словаў дырэктара кампаніі Юрыя Зісера, яны прапанавалі самы нізкі сабекошт дамена.
Юрый Зісер: "Мы палічылі сабекошт для нас, а паколькі мы зараз рэгіструем больш за ўсіх даменаў, то і кошт у нас атрымаўся меншы. Магу сказаць, што кошт упадзе вельмі істотна. Мы збярэмся з усімі рэгістратарамі і вырашым, які павінен быць рыначны кошт. Таму што рэгістратары таксама не могуць застацца без заробку: ім трэба нешта прадаваць. Колькі будзе каштаваць дамен, казаць пакуль рана, але я не выключаю, што гэта можа быць 10 долараў. Дакладна магу сказаць, што гэта будзе не даражэй за расійскія дамены".
Сёння расійскі дамен каштуе 15 долараў, беларускі — каля 33, таму можна сказаць, што кошт упадзе ў два-тры разы. З колькасцю рэгістратараў нічога не зменіцца. Адміністратар застанецца адзін — "Надежные программы", а рэгістратараў, як і раней, будзе 5.
Юрый Зісер: "Тэхнічны адміністратар адзін. У вялікіх краінах іх болей, у Расіі іх 4, але на нашую краіну дастаткова мець аднаго. А рэгістратараў у нас як было 5, так і застанецца. Адным з матываў, чаму ААЦ правёў тэндэр, было тэхнічнае развіццё зоны by. Таму што ў зоне няма whois сервіса, якія ёсць ва ўсіх краінах амаль, акрамя нас. Мы будзем стымуляваць развіццё Байнэта, каб людзі рэгістравалі нашыя дамены ў зоне by. Мы, напэўна, правядзем рэкламную кампанію, каб не толькі прадпрыемствы, але і фізічныя асобы рэгістравалі сабе дамены".
Цяпер для рэгістрацыі дамена не трэба будзе чакаць: купіць дамен і пачаць ім карыстацца можна будзе цягам  некалькіх хвілін.
Юрый Зісер: "Згодна з новымі інструкцыямі, ААЦ прадугледзіў, што дамен не будзе ўручную пацверджвацца. Таму ўладальнік дамена атрымае яго адразу пасля аплаты. Можна будзе, як на Захадзе, атрымаць дамен за некалькі хвілін, калі аплаціць яго па картачцы ці ўэбмані". 
З'яўленне ж сервіса whois будзе стымуляваць пераразмеркаванне даменаў, а многія дамены могуць вызваліцца.
Юрый Зісер: "Гэта будзе стымуляваць пераразмеркаванне даменаў паміж удзельнікамі рынка. Напрыклад, я прадстаўнік лакафарбавай фірмы і хачу купіць дамен kraski.by. Дамен заняты, але не адкрываецца, і я не магу даведацца, каму ён належыць і набыць яго нават за вялікія грошы. Таксама не сакрэт, што цяперашні тэхнічны адміністратар шмат год трымае дамены і нікому за гэта нічога не плаціць — ну не будзе ж ён плаціць самому сабе. Цяпер гэта зрабіць будзе нельга. Таму што свае дамены трэба будзе рэгістраваць у іншых, і гэта можа прывесці да таго, што вызваліцца шмат даменаў".
Таксама зараз выключаны кіберсквотынг — калі нехта браніруе дамен, сугучны з імем вядомых кампаній, каб потым яго перапрадаць. Раней забраніраваць дамен by можна было на месяц і трымаць яго, чым некаторыя і карысталіся. Цяпер жа ўладальнікам стане той, хто першы ўнясе аплату.
Застаецца дачакацца, пакуль зменіцца тэхнічны адміністратар. На гэта можа спатрэбіцца некалькі месяцаў.
Юрый Зісер: "У кастрычніку мы ўжо будзем гатовыя, але я не думаю, што гэта будзе ў кастрычніку. Для гэтага трэба падаць заяўку ў ICANN, міжнародную арганізацыю па прысваенні даменных імёнаў. Там гэта працэдура будзе працягвацца некалькі месяцаў. Таму што такія рэчы зацвярджаюцца на праўленні кампаніі, а да гэтага яны павінны даследаваць, ацаніць нашую рэпутацыю. І, хутчэй за ўсё, нехта з Амерыкі прыедзе спецыяльна на нас паглядзець".


Фота: it.tut.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі