Ці заслужылі беларускія чыноўнікі адпачынак?..

... Засумняваўся на пачатку тыдня прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі. На яго думку, урад вельмі дрэнна прыцягваў замежныя інвестыці, за што і павінен расплаціцца. Няма інвестыцый – няма і адпачынку. За лёсам чыноўнікаў і замежных інвестыцый на гэтым тыдні сачылі беларускія СМІ. Нагадаем, што старшыня Нацбанка яшчэ ў канцы мінулага года паставіў амбіцыйную задачу ўвайсці ў лік 25 краінаў свету з найбольш спрыяльнымі ўмовамі вядзення бізнэсу. Гэты план стаў амаль легендарным і атрымаў назву “План Пракаповіча”.

“Комсомольская правда в Беларуси” называе такую задачу сенсацыйнай:

“Цяпер Беларусь у рэйтынгу па вядзенні бізнэсу знаходзіцца на 110 месцы з 178. Каб патрапіць на 25 месца, трэба пераскочыць адразу 85 пазіцый”.

Нягледзячы на тое, што ў Беларусі дзеля прыцягнення замежных інвестараў за апошнія месяцы прынялі некалькі законаў і адмянілі “залатую акцыю”, наплыву інвестараў у нашу краіну па-ранейшаму няма. Кіраўнік ураду Сяргей Сідорскі сітуацыяй не задаволены. Калі і надалей становішча не зменіцца, а міністры не возьмуцца за розум, то іх могуць пазбавіць і летняга адпачынку.

“Лета ўсіх расслабляе? Дык мы адпачынкі адменім” – цытуе словы прэм’ер-міністра Інтэрфакс.

Пра абурэнне Сідорскага пішуць і Беларускія Навіны:

“Міністэрства прамысловасці “здабыла” ў першым квартале ўсяго 150 тысяч долараў інвестыцый. Мінтранс – 16 тысяч, Мінэнэрга – 78... “Што, у нас усё добра? За такія грошы можна вырашыць усе праблемы?” — гневаўся кіраўнік ураду. Таксама ён раскрытыкаваў кіраўніцтва Мінсельгасхарчу і Міністэрства прамысловасці...”

Сідорскі застаўся незадаволены і тым, што Беларусь завозіць занадта шмат імпартнага шакаладу, печыва, гародніны, садавіны і бытавой тэхнікі.

Чыноўнікі ж усур’ёз словы Сідорскага не ўспрымаюць. Спадзяюцца на працоўнае заканадаўства. “У адпачынак мяне адпускае не прэм’ер-міністр, а міністр эканомікі. Пакуль ніякіх зменаў не было”, - кажа намеснік міністра эканомікі Пётр Жабко ў інтэрв’ю “Камсамолцы”:

“Я не буду каментаваць словы прэм’ер-міністра. Хутчэй за ўсё, гэта ён сказаў у запале”.

А з тым, што замежныя інвестыцыі для Беларусі вельмі важныя, Пётр Жабко згодны:

“Гэта не проста паказчык дзеля паказчыка, гэта для таго, каб мы ўсе з вамі жылі лепш, каб можна было больш зарабляць, больш спажываць... І па колькасці, і па якасці”.

Большасць экспертаў не вераць у тое, што Беларусь бліжэйшым часам здолее патрапіць у лік 25 краінаў з найлепшымі ўмовамі вядзення бізнэсу. Так, юрыст Сяргей Стрэльчык, адзін з экспертаў рэйтынгу «Вядзенне бізнэсу», лічыць, што гэта справа не аднаго і не двух гадоў:

“Вельмі шмат трэба зламаць стэрэатыпаў, каб пераадолець наяўныя бар’еры. Трэба змяніць не толькі заканадаўства, але і менталітэт. Калі зніжаюць падаткі, то прадпрымальнікі павінны разумець, што іх трэба плаціць. Калі спрошчваюць атрыманне ліцэнзіі, адпаведна павінна расці адказнасць за тое, што ён робіць”.

Газета “Обозреватель” падзялілася з чыноўнікамі рэцэптам, якім чынам яны змогуць паскорыць працэс прыцягнення інвестыцый і пайсці нарэшце ў заслужаны адпачынак:

“У Беларусі да гэтага часу няма стабільнага падатковага заканадаўства. У дадатак, падаткі на бізнэс вельмі вялікія — непрывабныя з пункту гледжання знешніх інвестараў. Кантралюючыя органы для бізнэсу – таксама свайго кшталту фіскальная нагрузка, якую практычна немагчыма падлічыць”.

На думку “Обозревателя” гэтыя дзве праблемы перашкаджаюць інвестару прыйсці ў нашу краіну. І як толькі ўрад іх вырашыць, то зможа спакойна адпраўляцца ў адпачынак – інвестыцыйны працэс пойдзе і без яго непасрэднага ўдзелу.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі