Ці ўратуюць сонца, вецер і вада ад “Газпрому” і АЭС?

Шэф расійскага “Газпрому” Аляксей Мілер заявіў, што пасля 2012 г. свет паўстане перад крызісам з-за недахопу энергіі. Ён лічыць, што, занядбаўшы інвестыцыі ў выведку новых радовішчаў, свет страціў шанцы на танную энергію. Гэтак, Мілер нядаўна прарочыў, што кошт нафты дасягне да 250 долараў за барэль. Прытым Мілер зазначыў, што краіны-экспарцёры нафты мусяць прыняць больш важную ролю, якую ў свеце будуць адыгрываць краіны-вытворцы нафты. Гэты намёк на расійскую гегемонію ў Еўропе зноў завастрыў пытанне пра альтэрнатыўныя крыніцы энергіі.

З аднаго боку, Аляксей Мілер прарочыць, што кошты нафты вырастуць аж да 250 долараў за барэль. З іншага боку — атамная энергетыка ўсё часцей дае збоі. У сераду стала вядома пра ўцечку радыяцыі пры рамонце французскай АЭС "Трыкастэн", у выніку чаго апрамяніліся некалькі дзесяткаў чалавек. Гэта ўжо чацвёртае здарэнне такога кшталту за апошнія паўтара месяца.

Не выключана, што менавіта невысокая надзейнасць еўрапейскіх АЭС прымушае Брусэль усё больш пільна разглядаць альтэрнатыўныя варыянты — у першую чаргу, магчымасць выкарыстання энергіі сонца і ветру. Беларусь жа працягвае шукаць сабе месца пад АЭС. А між тым, адна ветраэнергетыка можа заняць да 25 адсоткаў у паліўна-энергетычным балансе краіны, сцвярджае кандыдат тэхнічных навук, старшыня савета Беларускага аддзялення Міжнароднай акадэміі экалогіі Яўген Шырокаў.

Яўген Шырокаў: Усё залежыць ад навуковага прадбачання і палітычнай волі тых, хто кіруе. Важна, каб гэта было накіравана на рэалізацыю экалагічнага бачання. Патэнцыял дастаткова вялікі. Біямаса, энергія ветру, энергія сонца... Саломы ў нас дзесьці 6-7 млн тон, гэта прыкладна 3 млн тон умоўнага паліва. Дровы – прыкладна 2 млн тон умоўнага паліва. Паказальны прыклад Нямеччыны. Яны толькі за кошт падатковых прэферэнцыяў стварылі добрыя ўмовы для развіцця ветраэнергетыкі. У іх цяпер ветраэнергетыка вырабляе ў два разы больш энергіі, чым мы спажываем за год.

Еўрарадыё: А як Вы ставіцеся да атамнай энергіі?

Яўген Шырокаў: З ёй звязаныя шматлікія праблемы, якія нідзе не вырашаныя. Што рабіць з ядзернымі адкідамі, напрыклад? На самой справе гэта нятанная энергія. Дэклараваная незалежнасць не будзе дасягнутая. У нас няма свайго ядзернага цыклу. Давядзецца кланяцца або Захаду, або Расіі. Затое добры патэнцыял у гідраэлектрастанцый. Яны выпрацоўваюць 1 млн 300 тыс. кВт/г электраэнергіі. У Еўропе вельмі актыўна пачынаюць будаваць энергапасіўныя дамы, то бок дамы нулявога спажывання электраэнергіі. І мы праект зрабілі яшчэ ў 1997 г., ён прайшоў дзяржэкспертызу, але збудаваны не быў.

Аднак усё гэта сустракае даволі моцны супраціў. Калі Вы прадаеце бензін, вы ж зацікаўленыя, каб прадаваць яго як найбольш і як найдаражэй. А тое, што ён скончыцца праз 10 год, Вас не асабліва турбуе. Тое ж самае з газам.

І яшчэ пра энергетыку Еўропы. Для забеспячэння большасці энергетычных патрэб ЕС, хапіла б усяго 0,3% ад агульнага аб'ёму сонечных промняў, якія падаюць на тэрыторыю Сахары за год. Стварэнне энергакалектараў у Сахары - толькі частка амбітнага плана па фармаванні еўраэнергетычнай суперсеткі, у якую ўвойдуць ветраэлектрастанцыі Брытаніі і Нарвегіі, геатэрмальныя крыніцы ў Ісландыі і Італіі, сонечныя батарэі ў Скандынавіі. Вартасць гэтага праекта, падтрыманага лідэрам Францыі Нікаля Сарказі і прэм'ерам Брытаніі Горданам Браўнам, складае каля 45 млрд еўра.

Фота — cellulose.mylivepage.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі