Ці пакараюць за зарадку мабільніка на працы?

На форумах у Інтэрнэце актыўна абмяркоўваецца, як адгукнулася на людзях выкананне прадпрыемствамі і ўстановамі энергазберагальнай Дырэктывы №3. З’явіліся расказы пра тое, як кагосьці ледзь не звольнілі за карыстанне электрачайнікам на працы альбо за спробу зарадзіць уласны мабільны тэлефон ад дзяржаўнай разеткі.
Еўрарадыё вырашыла даведацца, як на заводах сталіцы змагаюцца за зберажэнне энергіі.

Выканаўца абавязкаў генеральнага дырэктара па ідэалагічнай рабоце аб’яднання “Атлант” Аляксандр Бісераў запэўніў, што карыстацца электрычнымі чайнікамі ў іх не забараняюць. Галоўнае, кажа, каб яны былі не самаробныя.

Аляксандр Бісераў: “Захацеў папіць кавы, гарбаты – не пытанне”.

На пытанне Еўрарадыё, ці караюць за такія парушэнні ў энергазберажэнні, як зарадка ўласнага мабільніка з дзяржаўнай разеткі, кіраўнік адказаў, што адсачыць іх вельмі складана. Але зазначыў, што час ад часу па цэхах і кабінетах прадпрыемства праходзіць “энергазберагальная” праверка. Калі такое заўважаць, то тлумачальнай размовы, а то і вымовы не пазбегнуць.

Усімі магчымымі сродкамі зводзяць да мінімуму нямэтавае выкарыстанне электра- і цеплаэнергіі на працоўных месцах ВА “Гарызонт”. Не менш чым раз на тыдзень па цэхах і кабінетах праходяць нечаканыя праверкі. Пра гэта Еўрарадыё распавёў намеснік дырэктара Уладзімір Казакевіч.

Уладзімір Казакевіч
: “Напрыклад, у абедзенны час, нечакана, ходзяць і глядзяць: як выкарыстоўваюцца розныя віды энергіі? І калі чалавека двойчы альбо тройчы за ўключэнне чайніка зловяць, то маюць поўнае права прымяніць больш суровае пакаранне, чым, як на першы раз -- прафілактычная размова. Вымову аб’явяць”

Тое ж, кажа, тычыцца і падзарадкі ўласных мабільнікаў. Па словах намесніка дырэктара, пакуль што за чайнікі і тэлефоны нікому вымовы не давалі, а вось за нявыключанае ў цэху святло падчас абедзеннага перапынку начальнікаў участкаў выклікалі для строгай размовы да кіраўніцтва. Праўда, запэўніў, што з надыходам халадоў праверкі стануць хадзіць часцей і будуць больш пільна сачыць за энергазберажэннем.

Не забараняюць гатаваць каву і гарбату працаўнікам на гадзіннікавым заводзе “Прамень”. Хоць і эканомяць электрычнасць нават на прапускных калонках прахадной: усе працуюць толькі на пачатку і напрыканцы змены. У астатні час уключана толькі адна. Пра гэта Еўрарадыё расказаў намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Дзмітры Карань.

Дзмітры Карань: “Кіпяцільнікамі ў нас карыстацца забаронена. Але чайнікі і кававаркі ёсць, людзі імі свабодна карыстаюцца. Праўда, такіх людзей не шмат, бо большасць харчуецца ў сталоўцы”.

Адпаведна, ніхто на заводзе не звяртае ўвагі на зарадку з працоўнай разеткі ўласнага мабільніка. Больш таго, намеснік дырэктара сцвярджае, што да апошняга часу на заводзе не праводзілі раптоўных праверак з мэтай выяўлення фактаў марнавання энергіі. Сачылі за тым, каб святло ў цэхах выключалі, а станкі не працавалі ў “халастую”, начальнікі цэхаў. Але кажа, што хутка гэта зменіцца і ў іх з’явіцца адпаведная камісія.

Дзмітры Карань: “Спецыяльнай камісіі, каб праходзіла па цэхах, пакуль няма. Але ў верасні яна ў нас з’явіцца”.

Проста робяць з парушальнікамі дысцыпліны энергазберажэння на прадпрыемстве БелОМА, кажа намеснік дырэктара Аляксандр Мароз,– канфіскуюць несанкцыянаваныя прыборы. Праўда, не ўсе, а толькі абагравальнікі. Чайнікі і мабільнікі не чапаюць.

Аляксандр Мароз: “Мабільны тэлефон гэта не тое. А вось калі абагравальнік выкарыстоўваецца, то яго забіраюць. Потым, праўда, выносяць за прахадную і вяртаюць, каб нёс дамоў грэцца. Ніякіх вялікіх штрафных санкцый з гэтай нагоды ні да каго не прымянялі, праводзіцца, так бы мовіць, прафілактычная размова”.

За энергазберажэннем на прадпрыемстве сочыць брыгада энерганагляду. Яна ж выкрывае выпадкі нямэтавага выкарыстання электрычнасці і праводзіць прафілактычныя размовы. Намеснік дырэктара сцвярджае, што адной такой размовы хапае, каб людзі больш не марнавалі дзяржаўныя энергарэсурсы на ўласныя патрэбы.

Аляксандр Мароз: “Звычайна да паўторных выпадкаў справа не даходзіць”.

Сур’ёзна ставяцца да пытанняў энергазберажэння і ва ўстанове, адказнай за эфектыўнае выкарыстанне энергарэсурсаў усімі яе спажыўцамі – Дэпартаменце па энергаэфектыўнасці. Па словах чыноўніка, які не пажадаў называцца, у Дэпартаменце дзейнічае ўнутраны загад, які забараняе карыстанне чайнікамі і абагравальнікамі. На ўсіх маніторах і сістэмных блоках камп’ютараў уключаная сістэма энергазберажэння. А вось на падзарадку ўласнага мабільніка ўвагі не звяртаюць.

“Нам дзяржава за нашыя мабільныя тэлефоны і службовыя размовы па іх не плаціць ні капейкі. Таму падзарадзіць мабільнік у сценах Дэпартаменту яшчэ нікому не забаранялася”.

А вось за карыстанне чайнікам і абагравальнікам прадугледжаныя пакаранні. Сюды ўваходзяць прафілактычная размова, зніжэнне прэміяльных надбавак, вымова і… паўторнае праходжанне інструктажу па тэхніцы супрацьпажарнай бяспекі.

У Міністэрстве энергетыкі, па словах адказнага за сувязь з прэсай Андрэя Жукава, чайнікі ніхто не забараняе, абагравальнікамі ў іх не карыстаюцца, а адсочваць падзарадку мабільнікаў ніхто не дадумаўся.
Андрэй Жукаў: “Нават не ведаю. Гэта такое пытанне, якое не пракантралюеш”.

Фота — backformore

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі