Ці чакаюць Беларусь у Еўропе?

На пытанні журналіста Еўрапейскага радыё адказваюць нямецкія палітыкі і грамадскія дзеячы.
Калі раней з лозунгамі кшталту “Беларусь – у Еўропу” выступалі толькі прадстаўнікі апазіцыі, то пасля вядомага нафтагазавага канфлікту з Расіяй нават прэзідэнт Беларусі абвесціў курс на збліжэнне з Еўропай. Так атрымалася, што журналіст Еўрапейскага радыё апынуўся ў Нямеччыне і не мог не скарыстацца цудоўнай магчымасцю даведацца, ці чакаюць нашу краіну ў Еўрапейскім Саюзе.

Еўрарадыё звярталася да нямецкіх палітыкаў, журналістаў і нямецкіх грамадскіх дзеячаў з адным пытаннем: “Ці патрэбна Беларусь Еўропе?”

З пункту гледжання знашнепалітычнага рэдактара “Берлінер Цайтунг” Франка Геральда, не хутка ў Еўропе кожны зразумее важнасць беларускага пытання:

“Праблема ў тым, што Еўропа сама перажывае зараз канстутыцыйны крызіс. Шматлікія палітыкі гавораць, што хопіць ужо пашыраць межы і трэба займацца існуючымі краінамі ЕС.

Гэта значыць, што магчыма палітыкі набліжэння і інтэнсіўнага назірання за працэсамі ўнутры Беларусі. Але не хутка кожны еўрапеец зразумее, наколькі важна гэта тэма для Еўропы.”


Прафесар Хольгер Венк, які спецыялізуецца на сродках масавай інфармацыі ў Нямеччыне лічыць, што кіраўніцтва Беларусі павінна вызначыцца раз і назаўсёды, у які бок накіроўваць развіццё сваёй краіны:

“Асноўнай стратэгіяй у дачыненні да краін Трэцяга света з’яўляецца розыгрыш карты паміж Захадам і Усходам. Дзе і ў якой краіне можна лепш укласці грошы і атрымаць карысць. У гэтай гульні трэба быць вельмі ўважлівым, каб самому не стаць мячыкам для гульні.

На мой погляд, калі Беларусь будзе і надалей працягваць спрабаваць гуляць паміж Расіяй і Еўрапейскім Саюзам, то яна сама рызыкуе вельмі хутка пераўтварыцца ў мячык для гульні”.


На думку Барбары Артэль, каментатара па Усходняй Еўропе газеты “Тац”, у Еўропе адчуваюць пэўную адказнасць за Беларусь: “Мне падаецца, што ніякіх канкрэтных вынікаў у бліжэйшы час не будзе.

У асноўным гэта звязана з тым, што ўнутры самой Еўропы існуюць вялікія праблемы. Асабіста я ўпэўнена, у Бруселі таксама так лічаць, Беларусь – частка Еўропы, гэта факт. Гэта культура, гэта традыцыі і гісторыя. Канечне, яны адчуваюць пэўную адказнасць за гэтую краіну.”


Норберт Беркман-Дзіркес, кіраўнік унутраных праграм Упраўлення міжнароднага супрацоўніцтва Фонду імя Конрада Адэнаўэра, бачыць праблему ў адсутнасці зменаў ва ўнутранай палітыцы Беларусі за апошні час:

“Не так даўно да ЕС далучыліся новыя краіны і патрэбны час, каб перастрававаць гэта. Еўропа не была як след падрыхтаваная да гэтага, таму спачатку трэба рэфармаваць саму ўнутраную структуру ЕС.

Вось чаму нейкай тэндэнцыі для вядзення перамоў наконт уваходу ў склад ЕС якойсьці краіны зараз няма. Іншы бок – гэта сама Беларусь. Як пабочны назіральнік я не бачу нейкіх сур’ёзных зменаў у вашай краіне за апошнія 12 год у тым накірунку, у якім неабходна.

Гэта тычыцца асноўных прынцыпаў Еўрапейскага Саюзу: свабодная эканоміка, магчымасць весці вольную прадпрымальніцкую дзейнасць. Мінімальныя сацыяльныя стандарты і дэмакратычны плюралізм, які ў тым ліку праяўляецца і на медыйным рынку”.

Галоўны рэдактар моладзевага часопісу “Шпісар” Юлія Карнал лічыць, што на адносіны з нашай краінай можа паўплываць тое, што інтэграцыйны працэс у межах Еўропы будзе замаруджаны, звязваючы гэты працэс з апошнім буйным пашырэннем межаў Еўрасаюза:

“Мне падаецца, што для грамадзян ЕС зараз крышку складана разглядаць пытанні набліжэння з якой бы то ні было краінай, таму што эмацыйна яны не справіліся з мінулым пашырэннем ЕС.

Палітыкі зараз знаходзяцца ў такім дваякім палажэнні. З аднаго боку, яны павінны пашыраць еўрапейскую ідэю. З іншага – павінны так падаваць гэту ідэю сваім грамадзянам, каб быць ізноў абранымі.

На мой погляд, далей працэс збліжэння крышку замарудзіцца, таму што Еўропа не так даўно пашырыла свае межы, што выклікала пэўную абарончую рэакцыю жыхароў Еўропы.

Таму палітыкам трэба будзе больш асцярожна падыходзіць да гэтага пытання. Гэта замарудзіць пашырэнне еўрапейскай інтэграцыі”.


Томас Даўцэнберг, Федэральны кіраўнік моладзевай арганізацыі “Малады Саюз Нямеччыны”, сцвярджае, што немагчыма выкідваць з еўрапейскага кантэксту краіну з агульнымі каштоўнасцямі і традыцыямі: “Беларусь з’яўляецца часткай Еўропы і ЕС не збіраецца абыходзіцца ў Еўропе без Беларусі.

Доўгі час тэрмін
"Еўропа" быў вельмі абмежаваным. Зараз гэтае разуменне пераадолена, таму немагчыма з еўрапейскага кантэксту выкінуць нейкую краіну, якая мае агульныя каштоўнасці і традыцыі”.


Фота — newsru.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі