Чатыры «валявых» перамогі ў 9-м туры чэмпіянату Беларусі па футболе

Чатыры «валявых» перамогі зафіксаваныя ў матчах 9-га тура чэмпіянату Беларусі па футболе.  Цэнтральная гульня праходзіла ў Салігорску, дзе «Шахцёр», выйграючы ў другім тайме ў БАТЭ з лікам 3:1, у выніку прайграў 3:4.

«Дарыда», якая напярэдадні засталася без галоўнага трэнера (Анатоля Байдачнага кіраўніцтва клуба адправіла ў адстаўку), таксама ў другой палове матча не ўтрымала мінімальную перавагу і прайграла жодзінскаму «Тарпеда» — 1:2.

МТЗ-РІПО да 69-й хвіліны прайграваў аўтсайдэру ФК «Мінск», але дзякуючы двум трапным ударам Канцавога (адзін з пенальці) выйграў — 2:1.

Толькі на апошніх хвілінах гульні на сваім полі вырвалі ў «Віцебска» перамогу футбалісты «Гомеля». Дзякуючы трапным ударам Стрыпейкіса на 87-й і 90-й хвілінах гаспадары выйгралі — 2:1.

Упэўнена ўздымаецца па турнірнай лесвіцы дэбютант лігі «Смаргонь», якая ў гасцях перамагла з лікам 1:0 «Нафтан». «Дынама» (Брэст) і гродзенскі «Нёман» згулялі ўнічыю 0:0.

16 чэрвеня ў Мінску пройдзе апошні матч тура — сустрэнуцца сталічнае «Дынама» і магілёўскі «Днепр».

Турнірная табліца выглядае наступным чынам: БАТЭ — 24 ачкі, МТЗ-РІПО — 17, «Тарпеда» — 16, «Гомель» — 15, «Нёман» — 14, «Смаргонь» — 13, «Шахцёр» — 12, «Днепр», «Віцебск» і «Дынама» (Бр.) — па 9, «Дынама» (Мн.) і «Дарыда» — па 8, «Нафтан» — 7, «Мінск» — 6.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі