Чарговая беларуская экспедыцыя накіруецца ў Антарктыду ў кастрычніку-лістападзе

Чарговая беларуская экспедыцыя накіруецца ў Антарктыду ў кастрычніку-лістападзе

Намеснік начальніка Цэнтра палярных даследаванняў Нацыянальнай акадэміі навук Аляксей Гайдашоў паведаміў сёння, што 8-ая беларуская антарктычная экспедыцыя накіруецца на “лядовы кантынент” у канцы кастрычніка — пачатку лістапада.

“У канцы кастрычніка адпраўляюцца грузы, потым паэтапна з пачатка і да канца лістапада адпраўляюцца ўдзельнікі 8-й беларускай антарктычнай экспедыцыі. Усе мы сустракаемся ў Кейптаўне ў канцы лістапада”, — распавёў ён.

Па словах Гайдашова, у цяперашні час завяршаецца выраб першага модуля Беларускай антарктычнай станцыі. У канцы кастрычніка першыя аб’екты інфраструктуры станцыі адправяцца ў Антарктыду на борце расійскага навукова-экспедыцыйнага судна “Акадэмік Фёдараў”.

“Берагоў Антарктыды судна дасягне ў сярэдзіне лістапада. Мантаж і ўсталёўку нашы спецыялісты будуць праводзіць цягам летняга антарктычнага сезону ў студзені-сакавіку 2016”, — паведаміў навуковец.

У склад экспедыцыі ўвойдуць пяць чалавек. “Усе члены экспедыцыі — пачаткоўцы. У гэтым годзе ўзгоднена ўключэнне ў штатны склад экспедыцыі лекара-хірурга. Мы ўвесь антарктычны сезон будзем знаходзіцца адны, паблізу не будзе іншых палярнікаў. Зараз кандыдаты на пасаду штатнага лекара праходзяць медыцынскую камісію і псіхалагічнае тэставанне. Да канца кастрычніка асабісты склад экспедыцыі будзе створаны”, — падкрэсліў навуковец.

Навуковыя даследаванні будуць праводзіцца па тых жа напрамках, што і ў папярэднія гады. Гэта вывучэнне фізікі атмасферы, азонавага пласта, геафізічныя даследаванні. Запланавана вялікая праграма біялагічных даследаванняў. Акцэнт у гэтым годзе будзе зроблены на мантаж Беларускай антарктычнай станцыі. Плануецца, што першую чаргу станцыі пабудуюць у Антарктыдзе да 2018 года. Аб’ект будзе складацца з 8-10 модуляў.

Фота:sfsintec.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі