Чалы: Павышэнне тарыфнай стаўкі – патройны ўдар па самых бедных

У лістападзе тарыфная стаўка першага разраду, ад якой “танчаць” заробкі бюджэтнікаў, павышаецца адразу на 31%. Незалежны аналітык Сяргей Чалы распавёў Еўрарадыё пра тое, як у перадвыбарнай пагоні за заробкам у 500 долараў улады могуць пакрыўдзіць самых бедных беларусаў. Сяргей Чалы: "Паказчык у 500 долараў немагчыма было выканаць, не парушыўшы асноўныя напрамкі сацыяльна-эканамічнага развіцця на гэты год — па інфляцыі, па курсе, па росце рэальных даходаў насельніцтва. Але логіка перадвыбарнага года вымагае ўрад “даганяць” заробак да 500 долараў.

Прычым тэмпы росту тарыфнай стаўкі першага разраду проста шалёныя. Чэрвень і лістапад — два павышэнні: першае — на 15%, другое — увогуле на 31%! Прычым зразумела, чаму другое — у лістападзе: людзі атрымаюць гэтыя грошы на пачатку снежня, яшчэ паспеюць прагаласаваць, а далей — хай хоць трава не расце…"

Заробкі павышаюцца перад кожнымі выбарамі. Але, здаецца, у гісторыі Беларусі сёлетняя кампанія — першая, падчас якой “раздача сланоў” не прыносіць эфекту, якога ад яе чакаюць.

Сяргей Чалы: "З гледзішча выбаршчыка павышэнне заробку — гэта цудоўна! У кішэні робіцца больш грошай! Але ўпершыню росту рэйтынгу ўладаў няма. Увогуле! Гэта кажа пра тое, што людзі нарэшце зразумелі, што грошы, якія ім плацяць, — не заробленыя".

Прыкладна ад пачатку 2006 года Беларусь выдаткоўвае на заробкі больш, чым зарабляе. Другі год запар гэта прыводзіць да бюджэтнага дэфіцыту. Але калі ў 2009-м такое становішча можна было спісаць на крызіс, дык сёлета… Уцямных тлумачэнняў мы пакуль што не чулі. І вось, у дадатак да дзіркі ў 2,5%, на 31% павышаецца тарыфная стаўка.

Сяргей Чалы: "Да чаго прыводзіць гэтая спроба, не зважаючы ні на што, дасягнуць заробку ў 500 долараў? Найперш — да павелічэння сацыяльнай няроўнасці. Бо сярэдні ж заробак мы павялічваем істотна. Але медыянны заробак — не сярэдні заробак чалавека, а заробак сярэдняга чалавека — вырасце не так істотна! Сярэднія людзі прайграюць у параўнанні з больш заможнымі".

Каб зразумець, што такое медыянны заробак, уявім сабе 10 чалавек. Яны зарабляюць 51, 52, 53… 59 долараў, і адзін — 5 тысяч долараў. Тады сярэдні заробак будзе большы за 500 долараў. Але медыянны заробак будзе роўны 55 доларам. Гэта заробак чалавека, сярэдняга ў шэрагу, — нашмат больш выразны паказчык, чым сярэдні заробак.

Сяргей Чалы: "Нашая эканоміка не з’яўляецца канкурэнтнай. Фактычна ў нас на мікраўзроўні працуе мадэль манапольнай ці ў лепшым выпадку — алігапольнай канкурэнцыі. Калі вытворцаў няшмат, яны адгароджваюць пад сябе пэўныя рэгіёны і канкуруюць, фактычна, самі з сабой. У такіх умовах механізмы, якія існуюць у Беларусі для абмежавання росту коштаў, папросту не працуюць!

Але тут важна іншае. Што вызначала б узровень коштаў у сітуацыі канкурэнтнага асяроддзя? Дапушчальная рэнтабельнасць бізнэсу. Наколькі ты можаш панізіць кошты, каб яшчэ што-небудзь зарабляць. У неканкурэнтным асяроддзі ўзровень коштаў вызначаецца выключна здольнасцю людзей плаціць. Манаполія выставіць такія кошты, каб сабраць усе грошы, якія пакупнікі здольныя выдаткаваць на той ці іншы тавар".

Чым большыя грошы ў кішэнях людзей — тым большыя кошты. Але кошты растуць франтальна — аднолькава для ўсіх, а не па-рознаму для розных групаў насельніцтва. У пройгрышу ізноў самыя бедныя, бо яны адчуюць павышэнне коштаў найбольш.

Сяргей Чалы: "Але і гэта яшчэ не ўсё. У людзей жа розная структура спажывання! Больш заможныя людзі маюць больш высокую схільнасць да ашчаджання. Узровень іх штодзённых выдаткаў меншы! Наадварот, структура спажывецкага кошыка ў самых-самых жабракоў — гэта ЖКГ і ежа. І крыху на адзенне… Штомесяц яны трацяць увесь ці амаль увесь свой заробак — 100%. У заможных доля бягучых выдаткаў меншая. Адпаведна, рост коштаў б’е па іх двойчы: мала таго, што ён даволі хутка апярэдзіць тое, што яны атрымаюць, дык яшчэ гэтыя кошты будуць складаць большую долю ад іх спажывецкага бюджэту".

Павышэнне тарыфнай стаўкі першага разраду больш не выглядае адназначна станоўчым крокам з боку ўладаў. Відаць, людзі гэта добра разумеюць. Што і адлюстроўваецца на іх электаральным настроі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі