Чалы: Цяпер МВФ хоча аднаго: дакладна ведаць, ці патрэбныя Мінску рэформы

Чалы: Цяпер МВФ хоча аднаго: дакладна ведаць, ці патрэбныя Мінску рэформы

Беларускія ўлады чакаюць ад МВФ 3 мільярды долараў крэдыту. Але ўзнікае пытанне: чаго патрабуе МВФ ад беларускіх уладаў за свае грошы, якіх зменаў і рэформаў? Эканаміст Сяргей Чалы сцвярджае — ніякага новага пакету патрабаванняў прадстаўнікі МВФ гэтым разам у Мінск не прывезлі. 


“Яны ў папярэднія гады ўжо даўно абмеркавалі, якога кшталту рэформы павінныя быць. І ўсё, што іх цікавіць (экспертаў МВФ — Еўрарадыё) — гэта адзіная пазіцыя, выкладзеная беларускім бокам, пратакол аб намерах за подпісам Лукашэнкі адносна таго, ці патрэбныя нам рэформы і якія. Усіх хвалюе цяпер галоўная палітычная лінія: каб не было такога, што адны на гэты конт кажуць адно, а іншыя — адваротнае”, — кажа Сяргей Чалы.

Чалы: Цяпер МВФ хоча аднаго: дакладна ведаць, ці патрэбныя Мінску рэформы

І ўсё, што сёння цікавіць экспертаў МВФ — гэта адзіная пазіцыя, выкладзеная беларускім бокам, пратакол аб намерах за подпісам Лукашэнкі адносна таго, ці патрэбныя нам рэформы і якія.

Сяргей Чалы

Па словах эканаміста, усё, што цяпер цікавіць экспертаў МВФ, — гэта што мы самі плануем са сваёй эканомікай рабіць: “ствараць новую эканамічную мадэль ці спрабаваць старую рэанімаваць”. Але што мы чуем 17 лістапада ад Аляксандра Лукашэнкі падчас яго сустрэчы з кіраўніком місіі МВФ па Беларусі Пітэрам Долманам


Ён гаворыць пра тое, што, падабаецца МВФ гэта ці не, але ўлады Беларусі не будуць "ламаць тую схему сацыяльнай дзяржавы, якая намі выпрацаваная" і што Беларусь гатовая рэалізаваць прапановы МВФ у самыя кароткія тэрміны, але, відаць, не ў тыя, якія прапанавалі эксперты. "Пытанне толькі ў адным — у тэрмінах", — падкрэслівае кіраўнік Беларусі.
Але ці толькі ў “схеме сацыяльнай дзяржавы і тэрмінах” справа? Як вядома, МВФ чакае ад нашай краіны структурных рэформаў эканомікі.

Чалы: Цяпер МВФ хоча аднаго: дакладна ведаць, ці патрэбныя Мінску рэформы

Без дзяржаўных датацый камунальнікам плаціць за аднапакаёвую кватэру беларусы будуць каля 50 долараў, за двухпакаёвую — 100 долараў і гэтак далей. Відавочна, беларускія ўлады на гэта не пойдуць.

Леанід Заіка

“Адмовы ад залішняй сацыялізацыі: субсідый прамысловасці, танных крэдытаў для вялікіх стратных прадпрыемстваў, — пералічвае эканаміст Леанід Заіка. — Наступнае: зняцце бюджэтных датацый з камунальнай гаспадаркі, сістэмы аховы здароўя. Далей — развіццё прыватнай ініцыятывы, правядзенне рэформ на карысць развіцця бізнесу. А вось што да прыватызацыі, то яны больш пра гэта асабліва ўжо не кажуць”.

Дарэчы, па падліках Леаніда Заікі, без дзяржаўных датацый камунальнікам плаціць за аднапакаёвую кватэру беларусы будуць каля 50 долараў, за двухпакаёвую — 100 долараў і гэтак далей. Відавочна, робіць выснову эканаміст, беларускія ўлады на гэта не пойдуць. Як не адмовяцца ад бясплатнай медыцыны, адукацыі ці датацый грамадскага транспарту. Інакш, кажа, людзі вырашаць, што такая ўлада ім не трэба.

“Тое, што ён сёння сказаў, — гэта паўтор часткі яго інаўгурацыйнай прамовы, — сцвярджае Сяргей Чалы. — Дзе ён казаў пра тое, што “вы хочаце, каб паламалі ўсё добрае, што ў нас было, хочаце, каб у нас платная была медыцына, адукацыя, ЖКГ і транспарт па поўным кошце?” Маўляў, калі вы хочаце, каб людзі плацілі больш, то мы, канечне, можам гэта зрабіць… Але як гэта стасуецца з рэформамі? Самае галоўнае пытанне — рэструктарызацыя неэфектыўных дзяржаўных прадпрыемстваў. Пры чым тут больш плаціць насельніцтву за паслугі?”

Вось толькі нешта рабіць са стратнымі прадпрыемствамі, а тым больш з датацыямі ЖКГ і іншым дзяржава не збіраецца, упэўненыя суразмоўцы Еўрарадыё. Як і нейкія рэформы на карысць бізнесу праводзіць. Дакладней, так: нашы чыноўнікі будуць упэўнена і шчыра абяцаць, што ўсё неабходнае ў гэтым кірунку з цягам часу зробяць, а чыноўнікі МВФ будуць рабіць выгляд, што беларусам вераць. І грошы ў выніку дадуць. Праўда, удакладняе Заіка, гэта будзе не эканамічнае, а палітычнае рашэнне: “Толькі за тое, што Лукашэнка нібыта не ва ўсім падтрымлівае Пуціна”.

Фота: Змітра Лукашука, naviny.by 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі