Чалы: Беларусі нявыгадна імкнуцца ў Мытны саюз раней за 2012 год

Чым пагражае адначасовае існаванне Мытнага саюза Масквы і Астаны з Саюзнай дзяржавай Расіі і Беларусі? Як Партыя БНФ дапамагла нашым уладам ў спрэчцы з Расіяй? Колькі разоў Расія парушыла газавую дамову 2007 года, якую Мінск і Крэмль перагледзяць ужо сёлета? Рэаліі Мытнага саюза без Беларусі аналізуе эксперт Еўрарадыё Сяргей Чалы. (ВІДЭА)
Сяргей Чалы: Тое, што Беларусь прытармазіла свой уваход у Мытны саюз, я лічу лепшым з магчымых варыянтаў. І для нас, і — з эканамічнага пункту гледжання — для Расіі з Казахстанам. Бо Расія і Казахстан маюць падобныя эканомікі, заснаваныя на экспарце сыравіны, якія кардынальна адрозніваюцца ад нашай, якая, наадварот, сыравіну імпартуе і перапрацоўвае.

Менавіта таму для нас Мытны саюз і прадугледжваў больш шкоды, чым выгодаў: у тым выглядзе, ў якім нам яго прапаноўвалі, ён з'яўляўся шматбаковым пратэкцыянісцкім пагадненнем і меў за мэту абарону расійскай перапрацоўчай прамысловасці і пэўных галінаў вытворчасці. Абарону ад імпарту. А сапраўдным Мытным саюзам — інтэграцыйным утварэннем — гэты "Мытны саюз" не быў ніколі. Бо без зоны свабоднага гандлю ў такой інтэграцыі няма сэнсу.

Мытны саюз не падыходзіць эканоміцы Беларусі

Еўрарадыё:
Якія варыянты ўдзелу ў Мытным саюзе былі ў Беларусі, скажам, на канец траўня?

Сяргей Чалы: Самым верагодным варыянтам мне падаваўся такі. Мы ўваходзім у Мытны саюз з максімальнай колькасцю выключэнняў, як было з ранейшымі мытнымі саюзамі. А пасля адбываецца яго суцэльнае "развадненне" і давядзенне да абсурду. Каб намінальна саюз быў, але на практыцы нічога істотнага ад яго не залежала. Тое самае адбылося з Мытным саюзам 1995 года, з Саюзнай дзяржавай — усё гэта ўтварэнні, якія фактычна не існуюць.

 

І таму вельмі добра, што мы ў сёлетнім Мытным саюзе не паўдзельнічалі. Бо нават калі справа спускаецца на тармазах, ёсць пэўныя адміністратыўныя выдаткі.

Еўрарадыё: Здаецца, што беларускія ўлады нібыта дачулі, пра што мы з вамі разважалі ў ранейшых інтэрв'ю пра Мытны саюз...

Сяргей Чалы: Я думаю, што так і адбылося! Бо з лістапада 2009 года я ўвесь час тлумачыў, што такі Мытны саюз нам не патрэбны. Нам знаходзіцца ў Мытным саюзе з краінамі-экспарцёрамі, калі мы па сутнасці з'яўляемся імпарцёрам сыравіны, без гарантыяў прымальных для нас коштаў на іх сыравіну, немэтазгодна! Няма сэнсу ахвяраваць сваёй эканомікай дзеля таго, каб, па сутнасці, падтрымліваць расійскую перапрацоўчую прамысловасць, якая дыхае на ладан... Прапагандысцкія і палітычныя фактары — гэта іншае пытанне. А з эканамічнага гледзішча ўсё выглядае менавіта так.




Еўрарадыё: Ці згубіла Расія што-небудзь ад таго, што Беларусь такі не "ўлезла" ў Мытны саюз?

Сяргей Чалы: Практычна нічога. Адзінае заўважнае сёння — мытныя брокеры пацягнуліся з Расіі ў Казахстан. Бо ў межах адзінай мытнай тэрыторыі растаможваць тавары можна дзе заўгодна. А ў Казахстане пытанні мытнага афармлення вырашаюцца прасцей. Менш хабараў і г.д. Калі б мы ўвайшлі ў Мытны саюз, мы маглі б атрымаць пэўны кавалак гэтага бізнесу. Бо ў нас і мытні працуюць лепш, чым у Расіі, і ўзровень карупцыі нашмат меншы.

Дарэчы, другі, але малаверагодны для Беларусі варыянт быў — увайсці ў Мытны саюз на ўмовах узаемных саступак з Расіяй. Напрыклад, мы пагаджаемся на ўвазныя пошліны на аўтамабілі, а Расія здымае экспартныя пошліны на нафту. Але ўжо цяпер бачна, што Крэмль у гэтым пытанні не саступіць ніколі. І асэнсаванне гэтага таксама ёсць нашым здабыткам.

Еўрарадыё:
Думаю, што пытацца, ці згубіў Казахстан што-небудзь ад няўдзелу Беларусі ў Мытным саюзе, бессэнсоўна...

Сяргей Чалы: Казахстан у гэтай сітуацыі толькі атрымаў. Бо не трэба забываць, што Мытны саюз — гэта не ў апошнюю чаргу вялікі PR-праект Уладзіміра Пуціна. Ён бачыў у ім пэўнае ўзнаўленне СССР, і таму адсутнасць у ім нават Казахстана азначала б поўны правал... Безумоўна, цяпер расійскія медыі ажыццяўляюць пэўны damage-control. Яны імкнуцца "згладзіць" тое, што адбылося, і пішуць, што Беларусь паставіла сябе ў няёмкае становішча. Але гэта не так! Мы адстаялі сваю пазіцыю. І, мяркуючы па тым, якія пагадненні мы падпісвалі, скажам, у студзені 2010-га, нельга нават і спадзявацца было на тое, што ўсё атрымаецца так удала!

Энергетычны ціск на Беларусь з боку Расіі непазбежны. Галоўнае — як мы адрэагуем

Еўрарадыё:
Добра, з тым, што атрымалася, адбылося. Але што будзе далей?

Сяргей Чалы: А далей пачынаюцца юрыдычныя канфузы. Адначасова дзейнічаюць:
- дамова ад 1995 года аб Мытным саюзе паміж Расіяй і Беларуссю;
- Саюзная дзяржава;
- Мытны саюз паміж Расіяй і Казахстанам.
Як гэта ўкладаецца ў адну геаграфічную прастору, мне ўявіць складана. Бо — ўвага! — калі Расія і Казахстан ствараюць Мытны саюз без Беларусі, Расія будзе вымушаная выбудаваць паміж сабой і Беларуссю паўнавартасную мытную мяжу! А гэта вялікая праца і шалёныя выдаткі. Падумайце: на кожнай аўтадарозе паставіць па зоне мытнага кантролю! Беларусь ужо выкарыстоўвала пагрозу стварэння мытнай мяжы летась, калі адбывалася "малочная вайна". Натуральна, Расіі гэтага не надта хочацца...



Еўрарадыё: Але фактычна гэта будзе азначаць парушэнне рэжыму свабоднага гандлю — канчатковы разрыў з Расіяй... І пасярэдзіне Саюзнай дзяржавы мытная мяжа выглядае неяк нелагічна...

Сяргей Чалы: Юрыдычных пытанняў тут такая колькасць, што іх не вырашыць ні да 1 ліпеня, калі пачынае працаваць Мытны саюз Расіі і Казахстана, ні да 1 кастрычніка, калі ў нас прадбачыцца чарговы раунд перамоваў на пошлінах на расійскую нафту.

Я лічу, што асноўны здабытак ад сітуацыі з Мытным саюзам у Беларусі ў тым, што нашыя ўлады нарэшце пачалі развітвацца з ілюзіямі. Цяпер зразумела, што ні за адзін інтэграцыйны праект Расія не гатовая плаціць тым адзіным каштоўным, што ў яе ёсць, — энергарэсурсамі.

Расія з развітых краінаў найбольш пацярпела ад эканамічнага крызісу, і энергарэсурсы засталіся адзінай крыніцай захавання сацыяльных гарантый. Да таго ж, у іх пачынаецца перадвыбарны цыкл — гэта добра бачна па заявах Мядзведзева і Пуціна. Таму энергетычнага ціску нам было не пазбегнуць. Галоўнае — нашая рэакцыя. І трэба, каб яна была не такой бязвольнай, як падчас перамоваў пры канцы студзеня 2010 года.

Аўтарэферэндум — козыр нашых уладаў у перамовах з Расіяй

Еўрарадыё: Хіба мы можам хаця б нешта супрацьпаставіць Расіі, калі яна папросту не жадае ні ў чым саступаць Беларусі?

Сяргей Чалы: Зразумела, што пры канцы 2010 года будзе чарговая газавая вайна. Мы мусім зразумець, што ніякія захады а-ля "Давайце мы аддадзім вам кантрольны пакет акцыяй "Белтрансгаза" ці "Давайце мы прададзім вам Мазырскі НПЗ" не спрацуюць. Расія прадэманстравала, што кампраміс па энергарэсурсах паміж намі немагчымы.

Еўрарадыё: А ці можам мы ўвогуле выйграць хаця б што-небудзь: час, грошы — калі прададзім “Белтрансгаз” ці Мазырскі НПЗ?

Сяргей Чалы: Мэтазгоднасць гэтай прапановы выклікае ў мяне сумневы. Рэч у тым, што выгада ад таго, што Расія гарантуе нам унутраныя кошты на нафту і газ, вельмі кароткатэрміновая. Бо цягам бліжэйшых гадоў Расія непазбежна павялічыць унутраныя кошты да агульнасусветных. І дзеля гэтай відавочна кароткатэрміновай выгады, на маю думку, саступаць кантроль за сваімі актывамі не варта.

Тым больш — мазырскі завод. Ён па ўзроўні абсталявання на некалькі гадоў апярэджвае “Нафтан”. І таму калі ўжо прадаваць, дык прадаваць “Нафтан” пад вялікую інвестыцыйную праграму.

Еўрарадыё: Мы мусім пераходзіць на самазабеспячэнне?

Сяргей Чалы: Справа не ў гэтым. Ва ўмовах, калі зразумела, што сутычка непазбежная, трэба пачынаць інфармацыйную падрыхтоўку да яе. Наша галоўная задача зараз — забяспечыць "дакладны" погляд на падзеі ў вачах назіральнікаў. І Расія сваімі апошнімі дзеяннямі дае нам шмат сродкаў для гэтага. Найперш — гэта разуменне таго, што ніякія палітычныя праекты недастатковыя для Расіі, каб ахвяраваць энергарэсурсамі.

Еўрарадыё: Сяброўства — сяброўствам, а нафта — нафтай.

Сяргей Чалы: І ніякага сяброўства не атрымліваецца! Далей: само сяброўства Расія разумее вельмі спецыфічна. Яе стаўленне да "Ўсходняга партнёрства" сведчыць, што саюзнікам Расіі ты можаш быць толькі тады, калі ўваходзіш ва ўсе праекты, у якіх яна ўдзельнічае, а ад усіх астатніх трымаешся падалей. Іншымі словамі, сябраваць = плыць у фарватэры...

Еўрарадыё: Але што адбылося ва Ўкраіне, калі Расія за 4 мільярды долараў забяспечыла знаходжанне ў Севастопалі свайго флоту?

Сяргей Чалы: Тут Расія праявіла непаслядоўнасць! Яна ўвесь час казала, што да сферы энергетычнага ўзаемадзеяння ставіцца ў вышэйшай ступені прагматычна. Але раптам высвятляецца, што палітычныя развароты і тут магчымыя! Залежыць ад таго, з кім вядуцца перамовы. Пры канцы 2010 года перамовы пачнуцца з намі.

Яшчэ адзін, вельмі неспадзяваны аргумент у нашых перамовах з Расіяй — гэта аўтарэферэндум, які так і не далі правесці Партыі БНФ. Гэта ж можна сказаць так: паглядзіце, якое для нас балючае пытанне — пошліны на імпарт аўтамабіляў! Якія народныя хваляванні ўзняліся, людзі нават збіраюцца рэферэндум арганізаваць! Так што Партыі БНФ за тое, што гэты рэферэндум быў ініцыяваны, беларускія ўлады могуць смела сказаць “дзякуй”.

Пагадненне, якое Расія і Беларусь будуць пераглядаць пры канцы 2010 года, расіяне парушылі ўжо двойчы

І яшчэ адна нашая казырная карта — гэта пераход на роўнадаходныя кошты на газ для Беларусі і для расійскіх спажыўцоў, які меў адбыцца ў 2011 годзе. Гэта было часткай як раз таго часовага газавага пагаднення 2007 года, якое мы будзем пераглядаць пры канцы 2010-га. І 31 траўня Пуцін заявіў, што ніякага перахода на роўнадаходныя кошты не будзе! У 2011 годзе газ для расійскіх пакупнікоў усё ж будзе каштаваць толькі 55% ад яго кошту для знешніх імпарцёраў!

Насамрэч, гэта ўжо другі раз, калі Расія парушае часовае пагадненне 2007 года. Першы быў, калі Крэмль не цалкам выдаў нам крэдыт у 2 мільярды долараў. А ён задумваўся якраз пад тое, каб згладзіць паступовы пераход на вось гэтую новую формулу коштаўтварэння, пра якую гаворка вялася вышэй.

Еўрарадыё: А навошта Расія звязала павышэнне коштаў для нас з павышэннем коштаў унутры краіны?

Сяргей Чалы: Ды таму, што мы тады былі ледзь не ўнутры Расіі! І неяк па-іншаму ўгаварыць нас на павышэнне коштаў было папросту немагчыма! Гэта не мусіла выглядаць як дыскрымінацыйны захад у дачыненні да Беларусі. І да заявы, якую зрабіў Пуцін, гэта так і не выглядала...

Чакаем 2012 года

Еўрарадыё: То бок, шанец на тое, што мы ўсё ж уламаем Расію, напрыклад, на адмену ўвазных пошлінаў на нафту, усё ж такі ёсць?

Сяргей Чалы: Пазіцыя Расіі пакуль такая: пытанне адмены экспартных пошлін на нафту будзе абмяркоўвацца не раней за 2012 год, калі будзе створаная адзіная эканамічная прастора. І тут — цікавы момант. Калі знаходжанне ў Мытным саюзе цяпер не ўяўляе для нас аніякага эканамічнага сэнсу, чаму б нам не сказаць Расіі наступнае: добра, мы дачакаемся 2012 года! І калі ў вас з Казахстанам нешта ўсё ж атрымаецца, мы далучымся да адзінай эканамічнай прасторы і пагаворым пра энергарэсурсы!

Еўрарадыё:
Думаю, што для таго, каб так сказаць Расіі, трэба быць вельмі мужным чалавекам...

Сяргей Чалы: Бачна, што беларускі ўрад вагаецца. Мы то спрабуем падвесіць чарговую “моркаўку” ў выглядзе “Белтрансгаза”, то на наступны дзень адмаўляемся ад сустрэчы на нефармальным саміце СНД... Асэнсаванне таго, што інтэграцыянісцкая эра скончылася, вельмі балючае. Але нават гэтае нашае інтэрв’ю нашы чыноўнікі могуць выкарыстаць у якасці падказкі, як сябе паводзіць і што казаць.



Еўрарадыё: Відавочна, што Расія апошнім часам робіць усё, каб адвярнуць нас ад сябе і, такім чынам, актыўна дапамагае нашым чыноўнікам страціць ілюзіі.

Сяргей Чалы: Так, і “малочная вайна”, і рэзкія заявы Кудрына, і тое, што адбываецца вакол Мытнага саюза, сведчыць пра тое, што Расія больш не хоча бачыць у Беларусі саюзніка. Трэнд падвышэння коштаў на энерганосьбіты — гэта доўгатэрміновы трэнд. І ў выніку нашая задача фармулюецца так: падпісваць толькі тыя інтэграцыйныя дамовы з Расіяй, якія маюць для нас эканамічны сэнс.

І мы нарэшце павінныя патлумачыць Расіі, што мы не ворагі і не збіраемся зварочваць інтэграцыйныя працэсы. Але Мытны саюз не з’яўляецца інтэграцыйным аб’яднаннем! Ён парушае нармальны парадак эканамічнай інтэграцыі. І мы з радасцю бы пайшлі па гэтым шляху, калі б Расія сама пагадзілася прайсці па ім з намі з выкананнем усіх неабходных крокаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі