Бязсмертны: пракуратура забіла цвік у галаву прэзідэнта

Еўрарадыё: Што адбываецца ва Украіне? Краіна становіцца аўтарытарнай?

110805 Biassmertny_site.mp3

Раман Бязсмертны: “Калі аналізаваць гэтыя працэсы, то пачынаючы ад 2004 года была першая хваля, калі пасля "аранжавай" рэвалюцыі дзесьці каля паўсотні чалавек з'ехала. Хтосьці прасіў прытулку, хтосьці ўсе гэтыя пяць год знаходзіўся за мяжой. Зараз гэты этап паўтараецца. Намнога менш, але ўсё адно, частка людзей з'ехала за мяжу, частка атрымала ўжо палітычны прытулак, частка знаходзіцца пад следствам. І вяршыня гэтага айсбергу, што сёння страсае не толькі Украіну, але і ўвесь свет — два судовыя працэсы. Гэта працэс па былому прэм’ер-міністру Цімашэнцы, і па Луцэнку (былому міністру ўнутраных спраў — Еўрарадыё). Скажу адразу, што ў гэтых двух працэсах бачныя рэцыдывы, якія мне паўтары гады даводзілася назіраць у Беларусі, калі пераследавалася апазіцыя і гэтак далей.

З майго пункту гледжання, дзеянні асабліва Цімашэнкі патрабуюць палітычнай ацэнкі, то бок выбаршчыкамі. І ніякага крыміналу ў яе дзеяннях не было. Шчыра кажучы, усё, што я бачу, вярнуўшыся ва Ўкраіну, на прыкладзе гэтых двух працэсаў — гэта звядзенне рахункаў з палітычнымі апанентамі. І калі ў 2005 годзе ўдалося спыніць гэты працэс за кошт падпісання мемарандуму паміж палітычнымі сіламі, дзякуючы таму, што дэмакратычны прэзідэнт Юшчанка быў ініцыятарам гэтага падпісання. То сёння гэты махавік ракручваеццца і невядома, дзе ён можа спыніцца.

Я сёння не перакананы, што Україна не можа рухацца да таталітарызму. Я не адчуваю, што гэтае спыненне махавіка можа адбыцца, таму што падобна да таго, што прэзідэнт стымулюе гэтыя працэсы, гэтыя судзілішчы. Я б сказаў нават так, што сёння пракуратура забіла цвік у галаву прэзідэнта перш за ўсё. Бо арышт Цімашэнкі — гэта трагічная памылка ўлады, якая мяжуе са злачынствам улады перад той самай Цімашэнкай".

Еўрарадыё: Ці не было памылкай Юшчанкі, што тады не адбылося люстрацыі і гэтыя людзі прыйшлі зараз да ўлады?

Бязсмертны: “Справа ў тым, што тады, падчас падзеяў 2004-2005 гадоў, тыя, хто сапраўды здзейсніў правапарушэнні, хто ўчыніў злачынствы падчас выбарчага працэса, былі асуджаныя і панеслі пакаранне. Але гэтаму, па-першае, не надавалася такога палітычнага значэння, былі пакараныя сапраўды тыя, хто здзейсніў правапарушэнні, а не палітычныя асобы. Чаму ў той час следствы па некалькіх справах былі спыненыя? Таму што ў дзеяннях іх фігурантаў не было складу злачынства. Так, дзесьці яны дзейнічалі на мяжы, але сёння, як і тады, я не бачу ў іх дзеяннях складу злачынства. Я не бачу зараз складу злачынства ў дзеяннях ні Цімашэнкі, ні Луцэнка. Але тут бачнае адрозненне дэмакратычнай улады ад цяперашняй. Хутчэй за ўсё, Януковіч і людзі, што знаходзяцца вакол яго — яны не ведаюць адказу на пытанне, як далей будзе развівацца дзяржава. Таму яны аддаюць лёс краіны ў рукі не вельмі разумным людзям. А дурань з ініцыятывай, як вядома, горш за злачынцу, горш за ворага”.

Еўрарадыё:А наколькі мэтазгодна ўвогуле праводзіць судовыя разбіральніцтвы ў дачыненні да папярэдніх кабінетаў урада? Нават калі Цімашэнка зрабіла памылку, падпісаўшы невыгодны кантракт, хіба гэта крымінал?

Бязсмертны: “Як я ўжо казаў, такія дзеянні перш за ўсё патрабуюць палітычнай ацэнкі. Тут няма крыміналу. Пра гэта кажуць многія ва Украіне, пра гэта кажуць і міжнародныя прававыя інстанцыі і вядомыя праваабаронцы. У кожным выпадку, фінал гэтага працэса будзе праходзіць у Стасбургу. Таму што Україна ратыфікавала ўсе гэтыя дакументы і апошняй інстанцыяй будзе суд па правах чалавека. І відавочна, што ўсё гэта скончыцца катастрофай для ўкраінскіх уладаў, таму што кожны, нават павярхоўны аналіз гаворыць пра тое, што тут няма крыміналу”.

Еўрарадыё:Можа гэта і ёсць сёння розніца паміж Беларуссю і Украінай? Нашыя суды ў Страсбургу не заканчваюцца...

Бязсмертны: “Розніца шмат у чым, але таксама вельмі шмат падобнага. Тое, што я ўбачыў — суды над Цімашэнкай і Луцэнкам — і асабліва пасля сустрэчы з Луцэнкам я зразумеў, што мы ў гэтых адносінах вельмі падобныя. Па арганізацыі самога працэса, як наганяюцца туды людзі, як суддзя не звяртае ўвагі на патрабаванні падсуднага, на яго адвакатаў. Усё ідзе па накатанай, па прынцыпе: сабакі брэшуць караван ідзе. І гэта, канешне, вельмі сумна і вельмі непрыемна бачць гэтыя рэцыдывы ў сябе на радзіме і шчыра кажучы крыху сорамна за сваю краіну перад усім светам”.

Фота — Reuters

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі