Без Білета напісалі самую лепшую песню і знялі на яе самы лепшы кліп(відэа)

Самая лепшая песня пад назвай “Всё сразу” з’явілася ў гурта “Без Білета”. Віталь Артыст не хавае свайго захаплення новым творам. Віталь Артыст: “Яна лепшая. Так мне падаецца на сённяшні дзень. Я проста сам прыхільнік гэтай песні. Мне лёгка быць яе прыхільнікам, бо я не ў адзіноце яе напісаў. Я напісаў музыку і аранжыроўку, а Таня Кушнер тэкст. Песня мне так падабаецца! Я проста дурэю”.

Да дуэта Артыст-Кушнер месяц таму далучыўся рэжысёр і сябра Мацвей Сабураў, які прыдумаў візуалізацыю песні “Всё сразу”. У выніку атрымаўся кліп, здымкі якога адбываліся ў Купалаўскім тэатры.

Віталь Артыст: “Мы так моцна загарэліся. Была такая клёвая атмасфера. Мы цэлы месяц насіліся, абмяркоўвалі, што будзем здымаць, прыдумвалі розныя фішкі. Потым да нас далучыўся Дзіма Скачкоў – акцёр тэатра ІнЖэст. Яны з Мацвеем прыдумалі фішку кліпа пра жывыя дэкарацыі”.

Віталь лічыць, што праз новую песню і кліп у гурта “Без Білета” нарэшце атрымалася перадаць сваю сутнасць: з’явіўся агульны драйв, якога бракавала запісам каманды, і які заўсёды прысутнічаў на канцэртах “безбілетнікаў”.

Віталь Артыст: “Тут і ў аўдыё, і ў відэа атрымалася перадаць энергію, напор, імкненне да святла, і мне здаецца, што калі ў цябе кепскі настрой, тэрмінова, тэрмінова ўключай гэтую песню! І ўсё імгненна наладзіцца!”

Нагадаем, песня “Всё сразу” і кліп на яе зойме ўсяго толькі 2 хвіліны і 22 секунды вашага вольнага часу і падорыць кішэню неверагоднай энергіі і адчування шчасця на цэлы дзень!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі