Беларусы змогуць 6 месяцаў працаваць у Польшчы без дазволу на працу

Дагэтуль працаваць у суседняй краіне без дазволу можна было толькі ў сельскай гаспадарцы. Закон аб працы для іншаземцаў, у тым ліку і беларусаў, змянілі таму, што ў 2012 годзе ў Польшчы пройдзе чэмпіянат Еўропы па футболе. Палякам патрэбна стварыць інфраструктуру – новыя дарогі, стадыёны, гатэлі і шмат іншага. А будаваць гэта ўсё не надта ёсць каму, бо каля 2 мільёнаў палякаў працуюць у Вялікабрытаніі, Ірландыі ды Нямеччыне.

Кажа прадстаўнік польскага Міністэрства працы:

“Тры месяцы можна працаваць па любой спецыяльнасьці, але найбольш шукаюць будаўнікоў. Па сутнасці, можна працаваць без дазволу паўгады, але трэба праз тры месяцы выехаць і зноўку вярнуцца”.

Раней, каб беларус мог легальна працаваць у Польшчы, трэба было атрымаць дазвол на працу, а гэта была вельмі складаная працэдура.

По словах начальніка па працаўладкаванні прыватнага турыстычнага прадпрыемства “Лідэр-тур” Уладзіміра Сакалова з Мінску, на афармленне неабходных беларусу для працаўладкавання дакументаў марнуецца каля трох месяцаў. Такая ж працэдура ў Расію займае усяго 5 дзён:

“У Польшчы ўладкавацца на працу проста немагчыма, але працадаўцаў у Польшчы вельмі шмат. Па заканадаўстве мы павінны непасрэдна супрацоўнічаць з зацікаўленымі фірмамі, але ў Польшчы з’яўляецца шмат пасрэднікаў, з якімі нашае заканадаўства працаваць забараняе”.

Спачатку польскі працадаўца павінен быў напісаць просьбу да ваяводы і заплаціць амаль 350 долараў. Пасля гэтага ваявода аналізаваў рынак працы і вырашаў, ці патрэбныя працаўнікі. Дазвол перасылаўся працаўніку, каб той атрымаў працоўную візу. А працаўнік пасля прыезду ў Польшчу зноўку ішоў да ваяводы, і той ўжо выдаваў дазвол.

Зараз жа для беларусаў ўсё будзе значна прасцей: трэба толькі мець запрашэнне ад працадаўцы і заплаціць 60 еўра за працоўную візу.

“Еўрапейскае радыё для Беларусі” вырашыла праверыць, ці сапраўды так лёгка знайсці працу беларусу ў Польшчы. Я тэлефанавала ў розныя будаўнічыя фірмы і спрабавала там уладкавацца. Вось якія былі адказы:

“Мяркую, што нешта знойдзецца, прыходзьце. Нават калі канкрэтна ў нашай фірме не будзе вакантных месцаў, то мы супрацоўнічаем з іншымі фірмамі — напэўна што-небудзь знойдзецца. А на будове ўсе патрэбныя: калі вы не маеце ніякай спэцыялізацыі, то рабочыя, якія нічога не ўмеюць, заўсёды патрэбныя”.

“На сённяшні дзень мы ўжо нікога не набіраем, але праз 9 месяцаў мы пачнем новую будоўлю. Беларусаў мы прымаем без праблемаў, таму можаце звяртацца”.

Вакансія і прыхільнасць да патэнцыйнага працаўніка з Беларусі знайшлася нават у аддзеле прадукцыі будаўнічых матэрыялаў адной з найбольш прэстыжных будаўнічых фірмаў:

“Дашліце нам, калі ласка, рэзюмэ з фатаздымкам і ў пісьмовай форме патлумачце, чаму вы хочаце працаваць менавіта ў нас”.

Паводле Міністэрства статыстыкі Польшчы, мінімальны заробак на польскай будоўлі – каля 600 долараў. Гэта пацвярджае беларускі будаўнік Руслан, які ужо некалькі год працуе ў Варшаве.

“Мінімум, які тут можна зарабіць на будоўлі, гэта 600 долараў, выконваючы падсобную працу. У Беларусі за такую працу можна атрымаць 300–400 тысячаў. А калі чалавек стараецца, заробак расце — пакрыху, але штомесяц. Дасягнуўшы пэўнага ўзроўню, натуральна, чалавек будзе зарабляць адпаведна”.

Цікава, што ў Мінску таксама патрэбны будаўнікі. Дый заробак — тыя ж 500-600 долараў… Дарэчы, па словах намесніка начальніка аддзела інфармацыйных тэхналогій Камітэта па працы Іны Сямёнавай, уладкавацца на працу ў сталіцы можна нават у дзень звароту.

Іна Сямёнава: “Толькі за першыя дні жніўня ў гарадскую службу занятасці паступіла звыш 20 вакансій ад прадпрыемстваў, арганізацый розных формаў маёмасці. Кожная пятая — вакансіі будаўнічых арганізацый”.


Фота - http://studio-design.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі