Беларускія СМІ: Крызіс прыдумалі мужчыны, каб не купляць жонкам футры

І ў сусветным фінансавым крызісе ёсць свае плюсы. Калі няма агульных тэмаў, цяпер іх можна не шукаць. Сёння, калі вы пачнце размову пра крызіс, хутчэй за ўсё яе падтрымае кожны. Прэса таксама атрымала свае “плюшкі” ад крызісу, — заўсёды ёсць тэма для першай старонкі. А “Комсомольская правда в Беларуси” нават стварыла адмысловую рубрыку. Яна так і называецца – “эканоміка/крызіс”. Вось толькі некаторыя з загалоўкаў, якія красуюцца ў гэтай рубрыцы:

“З-за крызісу ўрад знізіў беларусам заробкі”

“Сусветны фінансавы крызіс дакаціўся і да дзетак”

“Фінансавыя нелады закранулі і сферу ўцех. Фірмы эканомяць на карпаратыўных вечарынках”

... і нават у, здавалася б, пазітыўных навінах не абыходзіцца без страшэннага словазлучэння, - фінансавы крызіс:

“Праект “Мінск-Сіці” не будуць замарожваць з-за фінансавага крызісу!”

Еўрарадыё вырашыла не адставаць ад агульнай тэндэнцыі. І сёння тэмай нашага агляду беларускай прэсы будзе... эканамічны крызіс.

“Фінансавыя праблемы дайшлі і да сферы ўцех. У Мінскіх агенцтвах па правядзенні святочных мерапрыемстваў кажуць пра зніжэнне замоваў на навагоднія і калядныя вечарыны”, - піша “Комсомольская правда в Беларуси”. — Звычайна навагоднія карпаратывы кампаніі пачынаюць прыдумляць яшчэ з верасня. Так было і сёлета. А ў снежні многія фірмы пачалі адмаўляцца ад мерапрыемстваў. У нас у сярэднім з 10 замоваў застаецца дзве — паскардзілася папулярнай газеце супрацоўніца аднаго з творчых агенцтваў Мінску па правядзенні святаў.

Толькі ўявіце! З-за крызісу фірмам нават даводзіцца адмаўляцца ад паветраных шарыкаў, — працягвае жахліўку “Камсамолка”:

“Невялікія фірмы з 10-15 чалавек, якія раней замаўлялі вядучага, упрыгожванні, букеты з паветраных шарыкаў, цяпер проста збіраюцца адзначыць свята ў кавярні”.

Знайшлі сваю выгаду ў крызісе і феміністкі. Для іх ён стаў нагодай у чарговы раз пакрытыкаваць мужчын. Так, старшыня Беларускай жаночай лігі Ніна Стужынская лічыць крызіс вельмі ўдалай нагодай для мужчын, каб спісаць на яго свае няўдачы. Словы спадарыні Стужынскай цытуе "Белорусский партизан":

“Часам мне падаецца, што тэму крызісу акурат раздуваюць мужчыны – каб лішні раз не даць жанчыне грошай на футру ці на аўтамабіль. У мяне наогул шмат скепсісу ў дачыненні беларускіх мужчынаў. Шмат хто з іх забыў пра сваю асноўную сацыяльную ролю, - бацькі і мужа. Хто ў гэтым вінаваты? Сітуацыя ў краіне, адукацыя, распад СССР?..”

Дзякуючы крызісу ў вядомага эканаміста Яраслава Раманчука з’явілася магчымасць папрацаваць у Адміністрацыі прэзідэнта. Пра гэта сярод іншых напісаў tut.by:

“Эксперты прапанавалі Аляксандру Лукашэнку прызначыць эканаміста Яраслава Раманчука кіраўніком Групы антыкрызіснага кіравання Адміністрацыі прэзідэнта. Сам Яраслаў Раманчук заявіў журналістам, што гатовы ўзначаліць такую групу, калі ў аснову яе працы будзе пакладзена рэалізацыя эканамічнай праграмы, распрацаванай незалежнымі экспертамі”.

І нават у пацяпленні адносінаў паміж Беларуссю і Іранам фінансавы крызіс сыграў не апошнюю ролю. “Лукашэнка прапануе Ірану разам супрацьстаяць сусветнаму фінансаваму крызісу” Словы прэзідэнта цытуе “Інтэрфакс”:

“Мы – ні Беларусь, ні Іран не маем ніякага дачынення да ўзнікнення гэтага крызісу. Але з гэтага крызісу нам трэба выходзіць разам, працаваць маштабна і інтэнсіўна, каб разам яго перамагчы”.


Фота: www.photosight.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі