Беларусь шантажуе Расію Балта-Чарнаморскім калектарам

Нямецкі дэпутат Карл-Тэадор Гутэнберг выказаў занепакоенасць тым, што пабудова Паўночнага трубаправода паставіць Еўропу ў большую залежнасць ад Расіі. Ці здольная Еўропа адмовіцца ад пабудовы прамога трубаправода паміж Расіяй і Нямеччынай – галоўнае пытанне сённяшняга Еўрафокуса. Першая чарга Паўночнага трубаправода павінная адкрыцца ў 2010 годзе. Аднак ужо зараз з вуснаў народных абраннікаў Нямеччыны выказваюцца пэўныя перасцярогі. Нібыта новая газавая труба паставіць Еўропу ў большую залежнасць ад Расіі. Калі ўлічваць той факт, што былы канцлер Нямеччыны Герхард Шродэр зараз працуе ў Газпроме, то такое меркаванне мае падставы.

Аднак беларускі эканаміст Леанід Заіка ўпэўнены, што ў адносінах паміж Нямеччынай і Расіяй наўрад ці нехта можа прэтэндавць на дамінуючую ролю:

“Наўрад ці Еўропе хопіць алжырскага газу, бо Стары Свет спажывае дастаткова шмат энэргіі. Безумоўна, што пасля вайны Грузіі з Расіяй можна чакаць панічнай рэакцыі на Захадзе. Аднак, напрыклад, калі Нікаля Сарказі прыехаў у Маскву, ягонымі першымі словамі былі “Расія – вялікая краіна”. Нямеччына таксама вялікая краіна, таму мне не падаецца, што выказванні аднаго, двух ці дваццаці нямецкіх дэпутатаў могуць нешта змяніць у знешняй палітыцы дзвюх краінаў”.

У святле апошніх падзей у Грузіі, на думку спадара Заікі, Еўропа не будзе адмаўляцца ад праекта больш таннага спосабу дастаўкі расійскага паліва ў Стары свет:

“Еўрапейцы цудоўна разумеюць, што ваенны канфлікт паміж Расіяй і Грузіяй – не зусім патрэбная і не зусім у час праведзеная акцыя. Аднак я не думаю, што з-за гэтага Еўропа адмовіць сабе ў абсалютна натуральнай патрэбе набыцця высокаякаснага паліва – расійскага газу”.

Што тычыцца Беларусі, то, безумоўна, змяншэнне трафіку праз нафта-газаправод “Дружба” не зусім добра адаб’ецца на беларускай эканоміцы. Айчынны "Белнафтахім" ужо зараз вывучае магчымасці арганізацыі альтэрнатыўных паставак нафты ў Беларусь праз літоўскі порт Буцінге.

Леанід Заіка ў інтэрв’ю Еўрарадыё таксама ўзгадвае праект пачатку 90-х гадоў, калі размова шла пра пабудову Балта-Чарнаморскага калектара:

“Магчыма пабудова Балта-Чарнаморскага калектара. Гэта дастаткова старая ідэя, якую прапаноўвала яшчэ БНФ гадоў 15 таму. Гаварыць пра гэта вельмі добра для таго, каб надаць сітуацыі больш далікатны характар. Расія, безумоўна, будзе супраць пабудовы Балта-Чарнаморскага калектара, бо гэта хутчэй за ўсё скончыцца выхадам Беларусі з расійска-беларускага саюза. Насамрэч усё тое, што будзе адбывацца на працягу бліжэйшых 10 гадоў – гэта ўступленне Ўкраіны ў Еўрапейскі саюз і паступовае выцясненне Беларусі з-пад уплыву Расіі. Таму і беларускія чыноўнікі сталі больш смела выказвацца, нібыта наша краіна можа закупаць газ у іншых краінаў. Няхай паспрабуюць – ніхто не супраць”.

Аднак ці пабачам мы ў бліжэйшы час увасабленне ў жыцці Балта-чарнаморскага калектара – пакажа час.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі