Бандажэўскі: Дэмаграфічныя паказчыкі ў Беларусі вельмі неспрыяльныя

Доктар медыцынскіх навук Юры Бандажэўскі стварае міжнародны цэнтр па праблемах экалогіі і радыяцыйнай бяспекі чалавека. У інтэрв'ю навуковец, які цяпер жыве ў Вільнюсе (Літва), паведаміў, што дзейнасць цэнтра будзе накіраваная на вывучэнне стану здароўя і аказанне дапамогі людзям, якія пражываюць на тэрыторыі Беларусі і краін Балтыі, дзе захоўваецца вельмі неспрыяльная дэмаграфічная сітуацыя. Так, па яго словах, у гэтым рэгіёне смяротнасць удвая перавышае нараджальнасць, расце колькасць анкалагічных і сардэчна-сасудзістых захворванняў, а таксама існуюць значныя праблемы рэпрадукцыі чалавека.

Як адзначыў навуковец, катастрофа на Чарнобыльскай АЭС толькі пагоршыла складаную экалагічную і дэмаграфічную сітуацыю ў рэгіёне. Па яго словах, паводле навуковых даследаванняў, з 1960-х гадоў насельніцтва СССР праз прадукты харчавання падвяргалася штодзённаму ўздзеянню радыёактыўных элементаў, у тым ліку цэзія-137, што стала адной з галоўных прычынаў цяперашняга дэмаграфічнага крызісу. "Аб'ектыўныя паказчыкі кажуць аб вельмі цяжкай сітуацыі са здароўем насельніцтва ў Беларусі, найболей пацярпелай ад Чарнобыля. А прагнозныя паказчыкі тут вельмі неспрыяльныя", — падкрэсліў Ю.Бандажэўскі. Па яго словах, цэнтр павінен каардынаваць вывучэнне гэтых праблем і прыцягнуць увагу міжнароднай грамадскасці. Разам з тым навуковец не выключае распрацоўку цэнтрам пытанняў гаспадарчай дзейнасці на пастчарнобыльскіх тэрыторыях і новых тэхналогій з улікам сусветнага досведу.


"Асобны праект цэнтра накіраваны на аказанне пэўнай і якаснай дапамогі беларускім дзецям з боку розных дабрачынных чарнобыльскіх фондаў і асацыяцый, якія дзейнічаюць у Еўропе. Аднак дзейнасць гэтых структур патрабуе аргументаваных кансультацыях навукоўцаў", — адзначыў Ю.Бандажэўскі.


Па яго словах, ідэя стварэння цэнтра атрымала падтрымку грамадскасці Літвы, аднак месца размяшчэння ўстановы пакуль не вызначанае.

БелаПАН

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі