Бабулю за гандаль семкамі могуць аштрафаваць на 400 долараў

Еўрарадыё знайшло чарговы сюрпрыз ад новага Адміністрацыйнага кодэкса. З прынятага летась дакумента прыбралі артыкул пра адказнасць за гандаль у недазволеных месцах. Але, як высветлілася, яго папросту перанеслі ў іншае месца.
Яшчэ год таму з Адміністрацыйнага кодэкса прыбралі артыкул пра адказнасць за гандаль у нявызначаным месцы. Прэс-сакратар мінскай міліцыі тады запэўніваў Еўрарадыё, што бабулек у пераходах яны чапаць больш не будуць.

Аляксандр Ластоўскі: “Зараз у Адміністрацыйным кодэксе не прадугледжана адказнасць за гандаль у не прызначаных месцах. Адпаведна, гэтае пытанне выходзіць з-пад юрысдыкцыі міліцыі. Максімум, што могуць зараз зрабіць міліцыянты, – гэта неяк папярэдзіць аб адказнасці, папрасіць сысці з месца”.

Але гандляркі семкамі зарана ўздыхнулі з палёгкай. Сёння іх штрафуюць за тое ж самае, але па іншым артыкуле.

“Мы праводзілі рэйды, праводзім і будзем праводзіць!”, — кажа Еўрарадыё Аляксандр Ізафатаў, намеснік старшыні па эканоміцы жодзінскага гарвыканкама:

“Мы будзем праводзіць рэйды, каб прадухіліць гандаль у нявызначаных месцах, бо ён парушае дабрабыт і выгляд горада. А гэта артыкул адміністрацыйнага кодэкса Рэспублікі Беларусь”.

Сітуацыю нам патлумачыла галоўны спецыяліст сектара гандлю Жодзінскага гарвыканкаму:

“Артыкул “Гандаль у неадпаведным месцы” адмянілі. Цяпер ён не гучыць як “гандаль у неадпаведным месцы”. Цяпер гэта артыкул 21.14 адміністрацыйнага кодэкса, і называецца ён “парушэнне правілаў добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў”. Самі ж правілы былі зацверджаныя Міністэрствам ЖКГ Беларусі. І ў іх ёсць пункт “Забаронена”. Там ідзе пералік... і адзін з пунктаў – гандляваць у неадпаведным месцы. Тут так і напісана, забаронена гандляваць у неадпаведных месцах...”

Атрымліваецца, што артыкулу “Гандаль у неадпаведным месцы” у новым кодэксе няма. Затое ёсць іншы —“парушэнне правілаў добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў”. За які прадугледжаны штраф у памеры ад чатырох да 25 базавых велічыняў. Гэта значыць, што бабулю, якая гандлюе семкамі ў пераходзе змогуць аштрафаваць ажно на 400 долараў!

Такой жа сумы змогуць пазбавіцца і іншыя парушальнікі гарадской прыгажосці. Напрыклад, выгульшчыкі сабак. Правіламі добраўпарадкавання забаронена таксама паркаваць аўтамабілі на газонах і скверах, паліць лісце на тэрыторыі горада, зрываць з клумбаў кветкі... і шмат іншага.

Пра злосных парушальніц Мінскага дабрабыту расказала нам галоўны спецыяліст сектара гандлю Жодзінскага гарвыканкаму. Часам гэта сапраўды нагадвае трылер:

“Яны гандлююць рознай сельскагаспадарчай прадукцыяй, якая прайшла апрацоўку. Гэта розныя закатаныя агуркі, буракі, салаты, грыбы... Яны гэтыя лужы пазасцілаюць кардоннымі каробкамі, усядуцца. Я ім кажу – калі ласка, прыбярыце калі ласка гэты бруд. Хіба вам самім прыемна тут у гэтым брудзе сядзець? Прайдзіце туды, там жа рады, сядзьце на рынак, і культурна папрацуйце. Ніхто ж вам слова не скажа! Пасля гэты бруд застаецца, кардонныя каробкі... крэслы нейкія... ну гэта жах...”

Добра, калі робяць такое толькі бабулькі. Але ж “пад гэтую марку гандлююць вельмі шмат прадпрымальнікаў”,  — працягвае наша суразмоўца:

“Займаюцца незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасцю пад выглядам фізічнай асобы. Вельмі шмат людзей выкладваюць розную дробязь, трыкатаж, калготы, шкарпэткі... Такія нават шэрагі ўтвараюцца... Гэта не значыць, што там стаяць бабулькі з палачкай. Гэта зусім іншае, утвараюцца такія стыхійныя міні-рынкі. Тут пад выглядам фізічнай асобы ідзе прадпрымальніцкая дзейнасць”.

Добра, што на прадпрымальнікаў, якія прыкідваюцца “бабулькамі” ёсць адміністрацыйны кодэкс. У якім ёсць артыкул пра адказнасць за парушэнне правілаў добраўпарадкавання, куды ўваходзіць гандаль у нявызначаных месцах.


Фота: phota.bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі