"Атрымала больш, чым Салжаніцын": Кацярына Андрэева адрэагавала на новы прысуд

"Атрымала больш, чым Салжаніцын": Кацярына Андрэева адрэагавала на новы прысуд

"Атрымала больш, чым Салжаніцын", — так журналістка Кацярына Андрэева адрэагавала на новы прысуд, піша яе муж Ігар Ілляш.

Па словах Ігара, Каця ўспрыняла новы тэрмін са спакойнай годнасцю. Калі зачытвалі лічбу, яна іранічна ўсміхалася. Знешне паводзіны журналісткі нічым не адрозніваліся ад паводзінаў падчас першага прысуду, калі ёй далі 2 гады турмы нібыта "за арганізацыю масавых беспарадкаў". Толькі цяпер, адзначае Ілляш, Каця была ў элегантнай крэмавай сукенцы.

Муж Кацярыны падкрэслівае, што дагэтуль невядома, адкуль узялася новая крымінальная справа аб "здрадзе дзяржавы": у судзе было заяўлена, што журналістка "перадавала дзяржаўныя сакрэты РБ замежнай арганізацыі ці замежнай дзяржаве".

"У прынцыпе, ужо гэтага дастаткова, каб зразумець механізм генеравання падобнага абвінавачання. Каця працавала на замежныя СМІ, а журналісцкія расследаванні былі адной з яе прафесійных спецыялізацый. Гэта значыць, на адзін з яе старых журналісцкіх матэрыялаў проста нацягнулі фармулёўку з арт. 356 КК і далі за гэта 8 гадоў.

Прычым некалькі гадоў таму тое, за што цяпер атрымала гэты людаедскі тэрмін Каця, не лічылася нават адміністрацыйным правапарушэннем — ну а інакш бы гэтая справа з'явілася тады, а не зараз, калі Каця ўжо больш за 600 дзён пазбаўлена волі. Але планка ненармальнасці ўзнялася за гэты час да зааблочных вышынь", — разважае Ігар Ілляш.

Шляхам складання двух тэрмінаў Кацярына Андрэева атрымала 8 гадоў і тры месцы калоніі. Пісаць лісты журналістцы можна на адрас: СІЗА 3, Гомель, 246003 , вул. Кніжная 1А.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі