Асуджаная жанчына, вінаватая ў ДТЗ з удзелам машыны з картэжу суправаджэння

Асуджаная жанчына, вінаватая ў ДТЗ з удзелам машыны з картэжу суправаджэння

Жыхарка Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці, вінаватая ў дарожна-транспартным здарэнні з удзелам машыны з картэжу суправаджэння, асуджаная на пяць гадоў абмежавання волі без накіравання ў калонію, інфармуе БелаПАН.

Як паведамляла Еўрарадыё, здарэнне адбылося ўвечары 5 ліпеня 2015 года на аўтадарозе Орша — Шклоў — Магілёў недалёка ад вёскі Александрыя. 23-гадовая жыхарка Шклоўскага раёна Ганна В. за рулём "БМВ", у салоне якога знаходзілася шэсць чалавек, выехала на паласу сустрэчнага руху, дзе яе аўтамабіль сутыкнуўся з мікрааўтобусам "Мерсэдэс-Спрынтар". Ён знаходзіўся ў складзе арганізаванай транспартнай калоны ў суправаджэнні транспартных сродкаў аператыўнага прызначэння з уключанымі маячкамі сіняга і чырвонага колераў.

У BMW, якая пратараніла картэж, ехалі двое маленькіх дзяцей (фота, відэа)

У выніку сутыкнення кіроўцу і тром пасажырам "Мерсэдэса" былі прычыненыя цялесныя пашкоджанні. Двум з іх спатрэбіліся складаныя хірургічныя аперацыі. У выніку агляду месца здарэння было ўстаноўлена, што сутыкненне адбылося на паласе аўтамабіля "Мерсэдэс-Спрынтар". Справа была распачатая па артыкуле "парушэнне правілаў дарожнага руху, што пацягнула па неасцярожнасці прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання". У вадзіцеля "БМВ" стаж кіравання аўтамабілем на момант аварыі складаў менш за два гады.

Суд Аршанскага раёна і горада Оршы разгледзеў гэтую справу на закрытым пасяджэнні 22 снежня 2015 года. Жанчыну прызналі вінаватай у парушэнні правілаў дарожнага руху, што пацягнула па неасцярожнасці прычыненне цяжкага і менш цяжкага цялеснага пашкоджання. Ёй прызначылі пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на тэрмін пяць гадоў без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу з пазбаўленнем права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартнымі сродкамі тэрмінам на пяць гадоў. Прысуд абскарджаны не быў і набыў законную сілу.  

Дагэтуль невядома, ці быў адным з удзельнікаў ДТЗ аўтамабіль з картэжу кіраўніка дзяржавы, як пра гэта паведамляў шэраг беларускіх СМІ.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі