Арнольбік: Мы выкарыстоўваем усе дазволеныя прыёмы, каб перамагчы!

Намеснік гендырэктара Белавежскай пушчы распавёў Еўрарадыё, як парк агітуе за сябе ў конкурсе “Новыя 7 цудаў свету”, пра тое, што пушча ледзь спраўляецца з расійскімі турыстамі, а таксама пра тое, што яе тэрыторыю павялічаць у 15 разоў. Нацыянальны парк "Белавежская пушча" патрапіў ў лік прэтэндэнтаў на званне новага цуда свету. Усяго ў выніку інтэрнэт-галасавання конкурсу "Новыя 7 цудаў свету" былі адабраныя 77 аб'ектаў з усёй планеты. Цяпер будзе працаваць экспертная група, якая адбярэ 28 фіналістаў. Пасля гэтага адновіцца інтэрнэт-галасаванне, якое закончыцца да 2011 года — і тады агучаць спіс "новых цудаў свету".

Як агітуе за сябе пушча і як збіраецца перамагаць? Пра гэта Еўрарадыё паразмаўляла з намеснікам генеральнага дырэктара парку па навукова-даследчай працы Васілём Арнольбікам.

ЕРБ: Якім чынам на шляху да фіналу будзеце рэкламаваць Белавежскую пушчу?


Васіль Арнольбік: Паўсюдна ў сродках масавай інфармацыі спрабуем рабіць гэта сумесна з польскім бокам. Ідзе як бы адзіная кампанія, на сайтах размяшчаем інфармацыю, на радыё, тэлебачанні — паўсюль, дзе толькі можна.

Польскі бок прыдумаў вельмі добры ход — можа, і мы яго возьмем на ўзбраенне. Яны стварылі штосьці кшталту карткі, на якой змешчана просьба прагаласаваць і кароткі каментар з тлумачэннямі — чаму менавіта пушча як аб’ект заслугоўвае такой вялікай увагі і выхаду ў фінал.

Гэтая картка зробленая як візітоўка, якая мае яшчэ тры старонкі, дзе выкладзеная спрошчаная сістэма, як галасаваць. Мы выкарыстоўваем усе дазволеныя прыёмы, каб перамагчы ў гэтым прэстыжным конкурсе.

ЕРБ: А як вы ацэньваеце шанцы Белавежскай пушчы ўвайсці ў сямёрку новых цудаў свету?

Васіль Арнольбік: Тое, што мы дайшлі да гэтай стадыі, ужо добра. Ад пачатку ў конкурсе стартавалі каля 400 аб’ектаў прыкладна з 244 краін свету. Гэта ўжо добра, што мы так прасунуліся і маем нармальны рэйтынг.

ЕРБ: Што дасць перамога ў конкурсе ?


Васіль Арнольбік: Пераможца, па-першае, гэта — прэстыж краіны, гэта пашырэнне турызму, гэта і перамога прыродаахоўнай палітыкі дзяржавы. Не кожная дзяржава дазваляе сабе захоўваць прыродныя рэсурсы, якасць прыроднага асяроддзя, такія ўнікальныя прыродныя тэрыторыі. Прычым такой вялізнай плошчай.

ЕРБ: А на гэтым этапе ўдзелу ў конкурсе рэальныя вынікі яшчэ не адчуваюцца?

Васіль Арнольбік: Складана сказаць. Паток людзей пастаянна павялічваецца. Летась недзе мы прынялі 260 тысяч чалавек (гэта і экскурсіі, і школьныя, кантынгент розны), дык у параўнанні з мінулым годам у нас рост ёсць працэнтаў на 10-20. Гэта, я думаю, сыграе на будучыню.

ЕРБ: Ці спадзяецеся на рост наведвальнікаў?


Васіль Арнольбік: Так, так. Мы хацелі б, каб прыязджала больш людзей, у тым ліку і з памежных дзяржаў. І інтарэс ёсць: вельмі добра зараз едзе Расія... У нас жа, апрача конкурсу, сёлета, у верасні, спаўняецца і шэсцьсот год з часу ўстанаўлення запаведнасці. Мы правялі ў ЮНЕСКА дзесяцідзённую выставу да 600-годдзя — быў істотны інтарэс.

У Дзяржаўнай думе Расіі. Вось паток расіян вельмі значна павялічыўся — яны нават пачалі перавышаць нашыя магчымасці. У чаканні юбілею мы яшчэ правялі міжнародную канферэнцыю і паднялі ўсе гістарычныя карані, многія невядомыя дагэтуль старонкі пушчы, і, уласна кажучы, аднавілі геральдыку пушчы: зараз паўсюдна, у тым ліку і ў рэкламных праспектах, спрабуем яе выкарыстоўваць.

Будзе штандар генеральнага дырэктара пушчы, сцяг, малы і вялікі герб. Сувенірную прадукцыю робім з геральдыкай, значкі з геральдыкай... Замовілі ўсё гэта ў тым ліку і ў Кітаі. Замежныя дэлегацыі вельмі цікавяцца.

Вось кітайская паважная кінакампанія хацела б прыехаць, зняць фільм паводле славянскай культуры. Плануюць прабыць пяць дзён. Да гэтага яны здымалі фільм паводле міжземнаморскай культуры.

Гэтыя перадачы выклікалі велізарны інтарэс у кітайскай аўдыторыі. Мы працуем фактычна на многія краіны.

ЕРБ: І хутка чакаеце кітайцаў у госці?

Васіль Арнольбік:
Пакуль ідзе падрыхтоўка аб’ектаў. У жніўні гэта будзе. Працуем з палякамі па аб’ектах сусветнай спадчыны. Уласна кажучы, нашая тэрыторыя лічыцца пяць тысяч гектараў, а мы яе хочам пашыраць да сямідзесяці пяці тысяч гектараў.

Мы маем такія магчымасці дзякуючы дзяржаўнаму кіраванню. А сусветная спадчына ўжо прадугледжвае больш беражлівыя адносіны да прыродных рэсурсаў — даваць права прыродзе больш развіцца ў сваім натуральным рэчышчы, адстойваць правы дзікай прыроды. А пераносіць актыўнасць, у тым ліку і турыстычную, на іншыя часткі пушчы.

ЕРБ: Калі плануеце пашырыць плошчу Белавежскай пушчы да 75 тысяч гектараў, да якога года?


Васіль Арнольбік:
Гэта мы плануем да верасня, можа, да пачатку кастрычніка разам з палякамі новае намінацыйнае дасье ў Цэнтр сусветнай спадчыны. І пасля, ужо ў 2010 годзе, недзе да лютага, нам павінны пацвердзіць усе нашыя напрацоўкі і, уласна, выдаць сертыфікат на больш вялікую тэрыторыю.

З другога боку, пашырэнне тэрыторыі цягне за сабой скарачэнне колькасці дарог, колькасці наведвальнікаў — мы больш адстойваем правы дзікай прыроды ў гэтым выпадку. Яшчэ трэба будзе стварыць для адзінай транспамежный польска-беларускай тэрыторыі адзіны аб’ект, не раздзелены мяжой, — такі аб’яднаны менеджмент-план, ці план кіравання гэтай сумеснай тэрыторыяй сусветнай спадчыны.

Але тут ёсць праблемы. Мы стварылі свой план кіравання для нашай часткі пушчы, польскі бок крыху запазняецца, бо гэта зацвярджаецца міністэрствамі — і прыродных рэсурсаў (і ў нас, і ў іх), праходзяць экспертызу і гэтак далей. Прыроднае заканадаўства ў нас не зусім ідэнтычнае; мы выкарыстоўваем законаў 12-15 толькі на тэрыторыі пушчы, у палякаў заканадаўства іншае. Калі абодва планы будуць зацверджаныя, стварыць ужо аб’яднаны план кіравання і рэалізоўваць яго ў жыццё.

Фота: bp21.org.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі