Актывіст “ГейБеларусь”: У нас гома – гэта кляймо

Прадстаўнікі сэкс-меншасцяў з Беларусі, Расіі і Украіны распавялі пра свае надзённыя праблемы на канферэнцыі ў Варшаве.
“Вольнасць, роўнасць, талерантнасць” — лозунг штогадовага фестываля сэкс-меншасцяў Еўрапрайд, які цяпер праходзіць у Варшаве. Сёлетні Еўрапрайд стаў першым ва Усходняй Еўропе, таму арганізатары ўзнялі і праблемы сэкс-меншасцяў у Беларусі, Украіне і Расіі. 

Беларускія лесбіянкі, геі, бісэксуалы і трансгендэры (ЛГБТ) у нашай краіне не маюць ніводнай зарэгістраванай арганізацыі. Улады не даюць ім магчымасці бараніць свае правы, распавёў на адмысловай канферэнцыі намеснік кіраўніка праекта “ГейБеларусь” Сяргей Енін. Дапамагаць асабліва не спяшаецца і апазіцыя.

Сяргей Енін: “Напрыклад “Малады фронт”. Гэта арганізацыя, з якой нельга супрацоўнічаць. Мы спрабавалі, нават запрашалі іх на дэбаты 3 ліпеня. Але яны нам адказалі мэйлам, што лічаць гамасэксуалізм хваробай. Іншы прыклад – Беларуская хрысціянская дэмакратыя. Мала таго, што яны адмаўляюць у дапамозе, дык могуць яшчэ і пратэставаць супраць нас на акцыях”.


Ні касцёл, ні праваслаўная царква нічога супольнага з сэкс-меншасцямі таксама мець не хочуць. Такое ўражанне, што на беларускіх геях, лесбіянках ды трансах проста паставілі кляймо, кажа Сяргей Енін.

Сяргей Енін: “Я часта чую: Чаму б вам усім разам з апазіцыяй не аб’яднацца і сказаць, што мы ўсе меншасць? Вы, скажам, беларускамоўная меншасць, я сэксуальная. Аб’ядноўваемся, атрымліваем неслабую кааліцыю, якая мае нейкую сілу. Але ж не. У нас гей - гэта кляймо. Я тусуюся з геямі, значыцца я дрэнны”.

Праўда, сэкс-меншасці могуць лічыць абаронцамі Беларускі Хельсінскі камітэт і аб’яднанне “Маладыя сацыял-дэмакраты "Маладая Грамада”. Са зразуменнем да ЛГБТ ставіцца і праваабарончы цэнтр “Вясна”, які ўключыў у свой даклад раздзел пра іх правы. Увогуле ж, сітуацыя сэкс-меншасцяў у Беларусі прыкладна такая ж, як і ў Расіі, кажа Сяргей Енін.


Злева — арганізатар маскоўскага гей-парада Мікалай Аляксееў, а справа — Сяргей Енін.

У той жа час у нашых усходніх суседзяў не ўсё так дрэнна, распавяла на канферэнцыі актывістка арганізацыі “Выхад” з Санкт-Пецярбурга Гуля Султанава.

Гуля Султанава: “За апошнія гадоў 5 з’явіліся пэўныя пазітыўныя тэндэнцыі. З’явілася новае пакаленне людзей, якія думаюць па-іншаму, на якіх не так моцна паўплываў Савецкі саюз. Дзякуючы гэтаму ёсць шмат праектаў, ініцыятываў, арганізацый і лідэраў  ў розных гарадах Расіі”. 

У сёлетняй акцыі супраць гамафобіі ў Расіі прынялі ўдзел каля 2 тысяч чалавек. Гэта ў 10 разоў больш, чым 2 гады таму. Па словах Гулі Султанавай, расійскае грамадства гатова прыняць і зразумець сэкс-меншасці такімі, якія яны ёсць. Аднак, на яе думку, галоўная перашкода на гэтым шляху – улады, якія па-ранейшаму лічаць гамасэксуалізм хваробай. 

Крыху лягчэй апошнім часам уздыхнулі і украінскія ЛГБТ асяроддзі, паведаміў прадстаўнік львоўскай арганізацыі “Тотал” Андрэй Ляшчышын.

Андрэй Ляшчышын: “5 гадоў таму ва Украіне было толькі 5 ЛГБТ- арганізацый. Цяпер іх ужо 34. Яны працуюць у розных украінскіх гарадах”.


Злева — Андрэй Ляшчышын, справа — дацкая актывістка Бэкі Стромэр.

Тым не менш, геяў ды лесбіянак па-ранейшаму выганяюць з працы ды універсітэтаў, калі яны прызнаюцца ў сваёй сэксуальнай арыентацыі, а газеты адмаўляюцца публікаваць іх аб’явы пра знаёмствы.

Цяжкасці будуць заўсёды, але галоўнае заўсёды рухацца наперад і проста быць сабой, падагульніла выступы гасцей з Усходняй Еўропы актывістка ЛГБТ з Даніі Бэкі Стромэр. 


Фота: Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі