Афіцыйны Саюз пісьменнікаў рэкамендуе Лукашэнку кнігі для чытання

Кнігі, выдадзеныя сябрамі афіцыйнага Саюза пісьменнікаў Беларусі, прэзідэнту Лукашэнку ўласна ў рукі не перадаюць. Па словах старшыні Саюза Мікалая Чаргінца, рабіць гэтага нямае сэнсу, бо ў кіраўніка дзяржавы, кажа, усё адно не будзе часу на тое, каб іх прачытаць. Мікалай Чаргінец: “Мы не ўручаем прэзідэнту нічога. Прэзідэнту ідзе шмат кніг. Калі ён будзе чытаць? Я толькі аднойчы ўбачыў стопку, якая прыйшла за восем альбо дзевяць дзён, там метровай вышыні - дакладна. Калі ён будзе чытаць?!”

У той жа час, кажа Мікалай Чаргінец, штогод Саюз падае ў Адміністрацыю прэзідэнта справаздачы па выніках працы за год. У іх расказваюць пра тое, колькі кніг было выдадзена, і вылучаюць асобна тыя кнігі, якія, на іх думку, з’яўляюцца цікавымі.

Тыя ж кнігі, што аўтары настойліва просяць перадаць прэзідэнту, перадаюць. Але не Лукашэнку асабіста, а проста ў спецыяльную прэзідэнцкую бібліятэку. Ці чытае кіраўнік дзяржавы што-небудзь з рэкамендаванага Саюзам альбо з перададзенага яму, Чаргінец не ўдакладніў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі