Ад Мінска да Берліна можна даляцець за 40 еўра

Еўрарадыё: Вось у нас увесь час кажуць, што Беларусь – транзітная краіна. Але ж усе краіны не могуць быць транзітнымі… У нас сапраўды такое ўнікальнае месцазнаходжання альбо мы яго самі прыдумалі?

Заіка: Яшчэ ў часы распаду Савецкага Саюзу на першых хвалях самастойнасці шматлікія беларускія эканамісты лічылі, што Беларусь з’яўляецца краінай, у якой забіраліся рэсурсы, і калі вызваліцца ад Савецкага Саюзу і Расіі, то мы будзем жыць лепш за кожны рэгіён былога СССР.

Лічылася, што мы здольныя дагнаць еўрапейскія краіны. У выніку ўсіх гэтых меркаванняў і была пабудаваная тэорыя асаблівай транзітыўнай ролі Беларусі. Але, як правіла, гэта тэорыя прапаведуецца тымі, хто не меў прафесійнай эканамічнай адукацыі.

Для таго, каб зразумець, ці з’яўляецца краіна стратэгічна важнай у транспартных адносінах, трэба рабіць падлік. У гэтых адносінах мы з’яўляемся звычайнай краінай, як і Літва, Польшча, Украіна, Венгрыя, Чэхія і г.д.
У прынцыпе, усё што мы выціскаем з нашых транспартных паслуг за 2009 год – гэта прыкладна 2 мільярды 200 мільёнаў долараў, гэта 5% ад нашага ВУП. Усё, што мы можам атрымліваць – гэта троху больш за 2 мільярды долараў.

Калі казаць пра ролю інфраструктуры ў транзіце. Мы зрабілі стаўку на дарогі – нашы дарогі лепшыя за расійскія ці ўкраінскія. А вось з чыгункай наадварот – ніяк чыгуначную каляіну не могуць зрабіць аднолькавай шырыні з еўрапейскай… Увогуле, усе гэтыя рэчы граюць нейкую ролю ў развіцці транзіту? Ці гэта такія дробязі, якія не заўважаюцца?

Інфраструктура павінна быць. Але, калі вы сядзеце ў аўтамабіль і праедзеце ад Мінска да Брэста, то нічога там не пабачыце, хіба толькі заправачныя станцыі кіламетраў праз 30-40. Там няма ні кавярняў, ні прыдарожнага сэрвісу, ні матэляў, нічога – абсалютна пустая тэрыторыя, Марс.

Сёння галоўнае – гэта аўтамабільны транспарт, ён цяпер дамінуе, найбольш магутна развіваецца. І вось як раз пад яго ў нас нічога няма – дарога ёсць, а інфраструктура адсутнічае.

Уявіце, англічанін або француз прыязджае ў Брэст, ён заплаціў 50 долараў, каб заліць бак бензіну і даехаць да наступнай, усходняй кропкі Беларусі. Ён будзе ехаць, і нічога не патраціць – не паабедае, не купіць сабе сувеніраў, не зможа адпачыць у матэлі… Каб усё гэта зрабілі, то павысілі б эфектыўнасць транзітнага модусу Беларусі. Развіваць гэту інфраструктуру вельмі выгадна.

Ці можна Беларусь ператварыць у лагістычны цэнтр? Ці можна, скажам, з Беларусі зрабіць другі франкфурцкі аэрапорт? Вось, напрыклад, Польшча цяпер будуе такі лагістычны аэрапорт у Беластоку, а мы свае толькі закрываем… Ці ў нас прынцыпова такое зрабіць немагчыма, бо ўсё ўпіраецца ў візы?

Яшчэ на пачатку 90-х гадоў аэрапорты Мінск і Мінск-2 маляваліся як вялікі магутны транспартны вузел. І сюды прыязджалі бізнесмены з ЗША, краін Еўропы – яны хацелі часткова купіць або стварыць свае лагістычныя структуры, уключаючы гатэлі і шмат іншага.
Але, па вялікім рахунку, мы нічога з ім не зрабілі. Аэрапорт Мінск-2 увогуле выкарыстоўваецца адсоткаў на 10%, не больш. Так, канкурэнтаў тут вельмі шмат… Патрэбныя ўкладанні – некалькі мільярдаў долараў, таму гэты праект так і застаўся праектам. 

Таксама мы хацелі стаць транзітным цэнтрам, прадстаўніцтвам Кітая ў Еўропе, увогуле – Усходу ў Еўропе. І гэта гучыць вельмі прыгожа, але наколькі такая тактыка сябе апраўдвае, наколькі яна рэальная?

Рэалістычнасць залежыць ад таго, хто і якія грошы будзе ўкладваць. Мы можам, вядома, ўкласці 5-10 мільярдаў… Вось калі паставіць на вагі, што будзем будаваць – атамную станцыю або лагістычны цэнтр? Я, як эканаміст, адразу магу сказаць, што лепш будаваць лагістычны цэнтр.

Трэба будаваць магутныя парталы для аўтамабільнага транспарту, хуткасную якасную сэрвіс-структуру па ўсіх нашых транспартных калідорах. Стратэгія стварэння аэрапортаў, зручных транспартных сетак – даволі перспектыўная. Плюс трэба зрабіць яшчэ адну невялікую рэч – адмовіцца ад візаў. 

У немцаў ёсць кампанія German Wings, за 59 еўра можна даляцець з Кёльна да Кіева. Так жа за 40 еўра можна адкрыць рэйс паміж Мінскам і Берлінам. Уяўляеце сабе – візы не патрэбныя, сеў, за 40 еўра злётаў у Берлін…

Таму, такая стратэгія можа быць. Гэтым можа займацца асобная група бізнесу, тых хто займаецца транзітам і транспартам, але стаўку на гэта рабіць не варта.

Мы выціскаем з транзіту 5%, можам выціснуць 10%, а ўсё астатняе павінна ў нас працаваць як новая эканоміка – развіццё інтэлектуальнай вытворчасці, стварэнне новых сегментаў нашай вытворчасці – IT, электронная, камп’ютарная прамысловасць і іншае…  Транзіт – гэта 10% нашых магчымасцяў, 90% - іншае.

Ці існуе на рынку транзіту канкурэнцыя? Хто тут наш самы галоўны канкурэнт – Украіна, ЕС...?

На пачатку 90-х гадоў, калі я прыязджаў да сваіх калег-эканамістаў у Германію, яны мне казалі – слухай, толькі што быў міністр эканомікі з Літвы, які сказаў, што Літва становіцца транзітнай дзяржавай для ўсёй Еўропы. Мы пасмяяліся, таму што зразумела, што Літва не ўваходзіць у краіны СНД і праз яе такі інтэнсіўны калідор як праз Беларусь не пойдзе.

У 90-я гады ўсе практыкаваліся ў мостабудаўніцтве. Усе будавалі масты паміж Усходам і Захадам, усе будавалі калідоры, і ўсе казалі, што яны з’яўляюцца транзітнымі краінамі, знаходзяцца ў цэнтры Еўропы… 

Абсалютна ўсе краіны – Чэхія, Славакія, Венгрыя, Польшча, Літва, нават Эстонія будавалі гэтыя масты. Гэта ідэалогія хутка скончылася, і застаўся толькі жарт, што хтосьці будаваў масты, а хтосьці апынуўся пад мостам.

Рэальная эканоміка складваецца такім чынам, што навязаная транзітыўнасць нараджае да яе адмоўнае стаўленне. Газ ідзе праз Украіну і Беларусь – 70% праз Украіну, а 30% – праз Беларусь. Мясцовыя чыноўнікі раздулі шчокі і кажуць: мы будзем браць больш высокія тарыфы за газ. Добра – Расія, доўга не думаючы, зараз будуе паўночны і паўднёвы патокі. Нафта і газ будуць ісці праз Балтыйскае мора, мінаючы Беларусь, Літву, Латвію, Польшчу.

Вы транзітныя краіны? Калі ласка – займайцеся гэтым транзітам, якога ў вас не будзе. Такая любоў да транзіту прывяла да таго, што яго ўвогуле не будзе. Беларусь пасля здачы праекту паўночнага патоку ўвогуле ніякай ролі ў транзіце граць не будзе.

Канкурэнцыя за галоўнае транзітнае месца прыводзіць да таго, што ўвогуле праз гэту дзяржаву транзіту не будзе?

Немцам і рускім надакучыла глядзець на палякаў і беларусаў, якія стаяць і лічаць грошы за транзіт, якія надзімаюць шчокі і думаюць, што пражывуць транзітам. Таму Пуцін, Шродэр І Меркель будуюць паміж сабой прамыя трубаправоды.

Усе ілюзіі і пераацэнкі ролі ўласнай краіны, спроба ўявіць сябе ў ролі важнай транзітыўнай краіны, усё заканчваецца тым, што ўвогуле праз гэту краіну нічога не будзе ісці. Будуць вазіць толькі бульбу ды грушы.

Якія краіны можна назваць ідэальнымі транзіцёрамі? З якіх бы мы маглі ўзяць прыклад?

Сінгапур, Ганконг – дзве краіны, фінансавыя транзіцёры. Па іх праходзяць самыя галоўныя, магутныя фінансавыя плыні. Там ёсць добрыя партовыя гаспадаркі, яны ўвесь час гандлююць.

Але ж яны на моры знаходзяцца, а мы не на моры...

Вось да таго часу пакуль мы не выйдзем да мора, наўрад ці можна казаць пра нашу сур’ёзную транзітную ролю. Уявіце сабе – у нейкай краіне жывуць людзі і яны кажуць – слухайце, давайце ўсе не будзем працаваць, а будзем сядзець ля дарогі і грошы збіраць. Такое было ў сярэднія стагоддзі… 

Нам трэба займацца нашым экспартам, прыдумваць новыя тавары і паслугі. Японцы і немцы прадаюць аўтамабілі па 20-30 тысяч долараў. Індыйцы зрабілі аўтамабіль, які каштуе 2 тысячы долараў. У Беларусі не ведаюць, што рабіць з БелАЗам… Вырабляйце танныя машыны! Калі індыйцы зрабілі за 2 тысячы долараў, зрабіце за 2200.

Які транзіт для нас больш важны – усход - захад, або поўнач - поўдзень? 

Натуральна, што на сёння гэта ўсход - захад – інтэнсіўнасць супрацоўніцтва паміж Еўропай і Расіяй будзе пашырацца, гэты вектар цалкам прыстойна працуе і павінен працаваць яшчэ болей. Тут ёсць аснова.

Нашмат горш прадстаўленыя калідоры, якія ідуць з поўначы на поўдзень – ад Балтыйскага да Чорнага мора. Тут мы можам пракласці магутную хуткасную дарогу, дзе рух будзе не менш за 100-120 кіламетраў у гадзіну. Пры такой хуткасці за 14-15 гадзін можна будзе даязджаць ад берага Балтыкі да берага Чорнага мора.

Гэта ўсё можна зрабіць на працягу 3-4 гадоў. І, дарэчы, еўрапейцы ў гэтым таксама зацікаўленыя.

Таксама важныя тут мытна-памежныя працэдуры, яны павінны быць зведзены да мінімуму, каб адзін транспартны сродак праязджаў праз мяжу за 15 секунд. Гэтым ёсць сэнс заняцца больш грунтоўна.

Гэта вы сказалі пра напрамак транзіту, а транзіт чаго самы важны? 

Натуральна, што таваразварот. Тавары ідуць з поўдня на поўнач. Краіны Паўночнай Еўропы – гэта тэхналагічныя тавары, пачынаючы з тэлефонаў і заканчваючы машынамі, станкамі, абсталяваннем. А поўдзень (Турцыя і інш.) – гэта галоўная крыніца таннай вопраткі, абутку…

Гэта вельмі рэалістычны праект звязаны з таварным экспартам, калі на гэтым зрэзе наладзіць кантэйнерную перавозку – закінуў на машыну кантэйнер, хуценька перацягнуў на поўдзень за 12 гадзін, там зноў на карабель… Гэта вельмі хуткая і добрая формула. 

Што зменіцца з пачаткам дзеяння мытнага саюзу? Атрымліваецца, у нас было дзве мяжы, а застанецца адна… Ці не знішчыць гэта нас як транзітную дзяржаву?

На транзіт гэта напэўна ніяк не паўплывае, таму што мы знаходзімся з Расіяй у адной мытнай прасторы, толькі Казахстан далучыцца. З пункту гледжання мытных тарыфаў, некаторыя таварныя пазіцыі адпадуць, таму што Расія больш магутна закрывае свой рынак, і відавочна плыні паміж Еўрасаюзам і Расіяй будуць зніжацца.

З пункту гледжання афармлення дакументаў… У гэтым выпадку мы выступаем як транзітная тэрыторыя – ідуць плыні з поўначы на поўдзень, з Літвы і Латвіі ва Ўкраіну, то тут нічога не губляецца, проста зменяцца некаторыя формы дакументаў, але гэта ўжо другасна. Я не бачу нейкіх прынцыповых зменаў.

Ці зменіцца нешта наконт транзіту з прыходам Януковіча ва Ўкраіне. Можа яны дамовяцца з Расіяй на танны транзіт і мы застанемся ўбаку?

Самая галоўная транзітная паслуга ў руках Украіны – гэта перакачка газу, Украіна мае так званы gold key – 70%. Але расіяне наглядзеліся і нацярпеліся ад Януковіча, Юшчанкі, ад усіх, таму яны разам з туркамі, разам з еўрапейцамі робяць Паўднёвы паток, а Ўкраіна адпачывае…

Але магчымы рэверс – Януковіч становіцца прэзідэнтам, адмаўляецца ад еўрапейскай арыентацыі, Украіна ўваходзіць у склад мытнага саюза, дзе будзе ўжо 4 дзяржавы – Расія, Казахстан, Беларусь, Украіна… І тады будуць развівацца зусім іншыя схемы, транзіт будзе ісці па іншых вектарах, дакладней, гэта ўжо будзе не транзіт, а ўнутраны гандаль у межах мытнага саюза. Такі варыянт магчымы.

Калі падагульніць усё, пра што мы сёння гаварылі, на што варта зрабіць стаўку Беларусі? Як далей развіваць свой транзітны патэнцыял і што нас чакае ў будучыні?

У транзіце самае галоўнае, каб наш кліент як мага хутчэй праехаў, і як мага больш пакінуў грошай. То бок харошыя дарогі, добрая якасць інфраструктуры – запраўкі, інфраструктура адпачынку, сэрвісу, усё што толькі можна…

Але, з пункту гледжання стратэгіі развіцця, трэба разумець, што ўсе гэтыя паслугі больш чым 10% ВУП не дадуць. Мы павінны рабіць стаўку не на нейкую сваю важную транзітную ролю, а на развіццё эканомікі ведаў, ІТ-тэхналогій, новай лічбавай эканомікі, эканомікі, пабудаванай на чалавечым капітале, а не на калёсах.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі